Вы тут

Рыгор Сарока — пра творчы пошук, славутага земляка і месца кожнага у жыцці


Дырэктара Маладзечанскага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгора Сароку добра ведаюць не толькі ў Беларусі. Для яго адкрыты найлепшыя канцэртныя залы Еўропы, свету. Рыгор Сямёнавіч мог бы з'ехаць за мяжу. За гонар прыняць яго лічаць шмат якія краіны. Але, як прызнаўся сам маэстра, ён патрыёт сваёй краіны, аддана служыць роднай Маладзечанскай зямлі, Міншчыне. У яго нават думкі не ўзнікала пакінуць Бацькаўшчыну. Ён у штодзённым творчым пошуку, паспявае ўсё: кіраваць музычнай установай, маладзёжным музычным тэатрам, сімфанічным аркестрам, дабрачынным фондам «Леў», які дапамагае хворым дзецям, дабрачынным мясцовым фондам «Спадчына М.К. Агінскага». Знаёмыя, сябры жартуюць, што Рыгор Сямёнавіч бяжыць нават не наперадзе паравоза, а наперадзе самалёта.

6-10

— У музычным каледжы імя М.К. Агінскага, які вы ўзначальваеце, ужо больш як трыццаць гадоў паспяхова працуе сімфанічны аркестр. Такога кшталту калектываў адзінкі ў навучальных установах Беларусі. Што вас падштурхнула да яго стварэння?

— Перш чым яго стварыць, я прайшоў службу ў арміі, служыў у ракетных войсках ва Украіне, дзе кіраваў духавым аркестрам, пісаў для яго музыку. Пасля дэмабілізацыі прадоўжыў вучобу ў музычным каледжы, адкуль забралі на службу з другога курса. Спачатку я стварыў тут аркестр баяністаў, потым выкладчыцкі аркестр рускіх народных інструментаў, якім кіраваў
19 гадоў і які аб'ездзіў шмат еўрапейскіх краін. Але праз некаторы час адчуў, што перарос гэтую музыку. Так і прыйшоў да сімфанічнага аркестра, да вяршыні калектыўнага музіцыравання. Вышэй за яго няма, бо чалавецтва яшчэ нічога лепшага не прыдумала. Гэта калектыў, якому пад сілу ўсё. Джаз, класіка, сімфонія, песня, акампанемент, опера — калі ласка. За 36 гадоў з дня заснавання аркестра толькі ў адной Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылося каля 30 маіх канцэртаў. Шмат выступалі ў вялікіх канцэртных залах Эстоніі, Літвы, Польшчы, Расіі, Галандыі, Францыі, Германіі, Чэхіі і іншых.

Дзякуючы сімфанічнаму аркестру, я здзейсніў яшчэ адну сваю мару — маладзёжны музычны тэатр, які «замахнуўся» на пастаноўку оперных спектакляў. Падкрэслю, гэта не студэнцкія капуснікі, а паўнавартасныя оперныя спектаклі з неверагоднымі дэкарацыямі, гістарычнымі касцюмамі: «Іаланта», «Яўген Анегін» П. Чайкоўскага, «Травіята» Дж. Вердзі, «Кармэн» Ж. Бізэ і іншыя.

— Вам належыць ідэя стварэння опернага спектакля «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт» на беларускай мове, які з поспехам дэбютаваў у Маладзечне. І цяпер пачалося, так бы мовіць, яго трыумфальнае шэсце па гарадах Беларусі...

— Па маім заказе музыку напісаў кампазітар Алег Залётнеў. Аўтарам лібрэта і рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Сяргей Макарэй. Над танцавальнай часткай працаваў Аляксандр Драгаміраў. Хормайстар — Вера Каханоўская. А галоўную ролю князя Міхала Агінскага выканаў наш выпускнік, а цяпер саліст фларэнтыйскага тэатра «Камунале» Уладзімір Александровіч. Гэтую оперу, дарэчы, было нялёгка ствараць, бо адсутнічаў літаратурны тэкст. Меліся толькі гістарычныя звесткі, але мастацкага твора не было. Усё нараджалася, так бы мовіць, у творчых пакутах. Але ў нас атрымалася добрая рэч. Гэтая опера некалькі разоў гучала ў Маладзечне, у Брэсце, запісана Беларускім тэлебачаннем і цяпер «пайшла» па ўсёй Беларусі. Мы атрымліваем шмат водгукаў ад простых гледачоў. Вельмі станоўча ўспрыняло спектакль музычнае грамадства. Напрыклад, газета «Брэсцкі кур'ер» напісала, што такога маштабнага опернага відовішча горад над Бугам не бачыў сто гадоў. На 3 снежня нас запрасіў Віцебск, дзе опера прагучыць у найлепшай гарадской канцэртнай зале.

— Рыгор Сямёнавіч, вы шмат увагі надаяеце творчасці Міхала Клеафаса Агінскага. Чаму менавіта да гэтай тэматыкі найчасцей звяртаецеся?

— Сапраўды, 20 гадоў свайго жыцця я прысвяціў Міхалу Клеафасу Агінскаму. Пачынаючы з прысваення музычнаму каледжу імя вялікага кампазітара, што ў тыя часы было нялёгка здзейсніць.

Потым была мемарыяльная дошка знакамітаму земляку ў Фларэнцыі на доме, дзе ён жыў, а таксама — на сценах музычнага каледжа ў Маладзечне, помнік у гонар знакамітага земляка. А цяпер вось і опера...

Агінскія многа зрабілі для Беларусі, Польшчы, Літвы і заслугоўваюць падзякі. Яны шмат пабудавалі на гэтых землях замкаў, храмаў. Напрыклад, вёска Лучаі на Віцебшчыне — які касцёл тут узведзены іх родам! Петрапаўлаўская царква ў Мінску — справа рук Агінскіх. У Залессі на Смаргоншчыне, у вёсцы Абарок, што ў нашым раёне, — таксама пакінулі свой след Агінскія. У прыватнасці, дзядзька Міхала будаваў тут драўляны касцёл Святога Роха, які, на жаль, не захаваўся. Да нядаўняга часу гэтае знакавае месца зарастала пустазеллем, было засмечаным. Дзякуючы валанцёрам мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага», маладзечанскай уладзе, неабыякавым людзям, тут наведзены парадак. Адрэстаўраваны склеп, дзе былі пахаваны прадстаўнікі сям'і Ходзькаў-Дадэркаў. Анёла на помніку зрабіў выкладчык нашага каледжа Андрэй Гамолка.

Ва ўстанове створаны пакой Агінскага, дзе збіраюцца розныя матэрыялы, дакументы, прэзенты, што тычацца яго жыцця і творчасці, газеты, часопісы, артыкулы, дзе гаворыцца пра знакамітага кампазітара. Звычайна, людзі ведаюць толькі адзін паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай». Але ён напісаў іх 24. Наш калектыў аркеструе сем паланэзаў, менавіта тыя, што падыходзяць для сімфанічнага аркестра.

— Рыгор Сямёнавіч, многія вашы выпускнікі заваявалі сусветную вядомасць, выступаюць у прэстыжных залах. Што, на ваш погляд, дало ім пуцёўку на вялікую сцэну?

— Так, нашы выпускнікі выступаюць па ўсім свеце. Асаблівую ролю ў станаўленні іх адыграла опера. Возьмем, напрыклад, «Іаланту» — першую пастаўленую намі оперу. Саліст Павел Валужын спявае ў Вялікім тэатры ў Маскве, Анатоль Сіўко — у Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, прывёз першую прэмію з Германіі, другую прэмію — з Барселоны. Выдатны тэнар Андрэй Мацюшонак — студэнт Беларускай акадэміі музыкі, Уладзімір Дзмітрук выступае ў Метраполітан-опера ў Нью-Ёрку.

— Якія планы ў маэстра ў найбліжэйшай перспектыве?

— Напланавана пяць творчых вечароў з удзелам аднаго з «песняроў» — Анатоля Кашапарава, тэатра Музычнай камедыі, рок-ансамбляў. Гэты праект ладзім разам з Сяргеем Любавіным і нашым сімфанічным аркестрам. У наступным годзе ў знакамітага саліста «Масканцэрта» Валянціна Сухадольца юбілей. Ён родам з Валожына, наш выпускнік. Таму мерапрыемствы, прысвечаныя яго творчасці, правядзём як на яго радзіме, так і ў Маладзечне, Мінску. Пасля — нас з аркестрам запрасілі выступіць у Санкт-Пецярбургу, Эстоніі, дзе на востраве Саарэмаа пройдзе арганны фестываль. Нядаўна мы выступілі ў канцэртнай зале «Эстонія» з салісткамі Метраполітан-опера Шэлі Джэксан і Цюрыхскага тэатра Дарай Савінай. І вельмі ўдала выканалі фінал сімфоніі сучаснага эстонскага кампазітара Торыма. Ён быў уражаны. І прапанаваў нам цалкам сыграць гэты твор на арганным фестывалі.

— Здзіўляе, як вы ўсё паспяваеце ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці? Акрамя таго, мяркую, трэба надаць увагу сям'і, дзецям, унукам.

— Я чалавек актыўны, па гараскопе Стралец, устаю рана, раблю зарадку, іду пешшу на працу. Там гавару мала, коратка, канкрэтна даю заданні, распараджэнні. Таму і паспяваю многае. Мая жонка стварыла дома такі шыкоўны фундамент, цёплую хатнюю атмасферу, якія спрыяюць паразуменню, творчасці. Таму час ёсць на ўсё: і спяваць, і кантактаваць, і выхоўваць маладое пакаленне. У нас тры дачкі, чатыры ўнукі. Самаму маленькаму Яраславу яшчэ і месяца няма.

— І ўсё ж, Рыгор Сямёнавіч, што прывяло вас да музыкі? Адкуль такая пяшчота да яе, як да жывой істоты?

— У дзяцінстве я мог слухаць па радыё оперы бясконца. Пагадзіцеся, незвычайнае захапленне для вясковага хлопчыка. На той час беларускае радыё было для мяне сапраўднай крыніцай, адкуль пастаянна гучалі тэатральныя пастаноўкі, класічная музыка.

Мы жылі ў вёсцы Турэц-Баяры Маладзечанскага раёна, бацька працаваў на чыгунцы, дзе была вельмі добрая мастацкая самадзейнасць: танцавальны калектыў, хор, якім, дарэчы, кіраваў бацька нашага знакамітага земляка Алега Елісеенкава — Мікалай Георгіевіч. Я быў акампаніятарам у хоры, а мой тата — харыстам. Ён добра іграў на розных музычных інструментах: скрыпцы, мандаліне, гармоніку, купляў іх і для мяне. Вельмі хацеў, каб я быў музыкантам. І нашы жаданні супалі. І гэта, так бы мовіць, пападанне ў кропку на ўсё жыццё.

Дарэчы, мой тата быў выдатным краўцом. Яшчэ пры Польшчы закончыў школу краўцоў і, можна сказаць, адзяваў і мужчын, і жанчын з усёй ваколіцы. У яго нават заказваў уборы спявак Юрый Антонаў.

— Рыгор Сямёнавіч, вы Заслужаны дзеяч культуры, кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, «Ганаровы грамадзянін» Маладзечанскага раёна, «Чалавек года» Міншчыны. Што для вас значаць гэтыя ўзнагароды і званні? Якія з іх самыя дарагія?

— Усе ўзнагароды прыйшлі да мяне без маёй ініцыятывы, і я ўсімі імі даражу. Думаю, усе яны заслужаныя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.