Вы тут

Свабодныя грошы павінны «працаваць»...


Разважанні з калькулятарам у руках паказваюць, што зберажэнні сёння прымнажаць лепш у айчыннай валюце.

На мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ аб правядзенні налета ў ліпені ў нашай краіне дэнамінацыі грашовай адзінкі маштабам 1 да 10 тысяч. Для людзей, абазнаных у фінансах, гэта навіна не стала нейкай нечаканасцю, бо абслугоўванне грашовай масы з такой колькасцю нулёў сапраўды ўскладняе функцыянаванне айчыннага фінансавага рынку. Дэнамінацыя наспела, а гаворка аб яе правядзенні вялася на розных узроўнях ужо не першы год, аднак...

10-24

Ажыятажу не будзе

Усё новае выклікае пэўную асцярогу. Напрыклад, на выхадных мне патэлефанавалі адразу тры сябры, якія чакалі парад наконт выкарыстання свабодных зберажэнняў. Ці мэтазгодна сёння ісці ў банк па замежную валюту, або, наадварот, «скідваць» долары, бо налета нацвалюта стане сапраўды стабільнай?

Бегчы ў абменнік я б не параіў у любым выпадку, бо прымаць сур'ёзныя рашэнні трэба з халоднай галавой, а не пад уплывам нейкіх эмоцый.

Адзінае, што я б параіў, — трымаць свабодныя грошы трэба абавязкова на рахунку або ў каштоўных паперах у банку, бо менавіта там яны не проста захоўваюцца, але і прыносяць даход. У сваіх далейшых падліках мы паспрабуем разабрацца ва ўзроўнях даходаў па розных схемах фінансавых укладанняў.

Тут адразу заўважу, што Нацбанк не чакае ажыятажнага попыту на валюту ў сувязі з дэнамінацыяй. Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Лапко адзначыў: «Па-першае, мы дзейнічаем адкрыта і загадзя, мы аб'яўляем аб запланаваных дзеяннях за 8 месяцаў да іх старту. Усе павінны выдатна разумець, што дэнамінацыя — гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства і ніяк не будзе ўплываць ні на даходы, ні на цэны». Са свайго боку, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў — прэс-сакратар Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Цімашэнка заўважыў: сёння Нацбанк зацікаўлены ў тым, «каб працэс дэнамінацыі праходзіў максімальна адкрыта і празрыста».

5% у валюце — яшчэ не факт

Сваё даследаванне пачнем з валютных укладаў. Паспрабуем адшукаць адразу максімальную працэнтную стаўку па валютным дэпазіце ў камерцыйных банках. Яна складае да 5,5% гадавых. Такая сур'ёзная стаўка прапануецца па дэпазітах з вялікім тэрмінам захоўвання (ад 18 месяцаў да 3 гадоў), аднак існуе шэраг мінусаў. Справа ў тым, што такая стаўка з'яўляецца ў банка плаваючай, бо ўжо праз месяц яна можа быць зменена (паменшана) у аднабаковым парадку на сур'ёзную велічыню. Кліент можа не згадзіцца з гэтым і паспрабаваць зняць уклад датэрмінова. Аднак у гэтым выпадку банкі звычайна прадугледжваюць зніжаную працэнтную стаўку, якая можа дасягаць усяго 0,5-1% гадавых.

Каб не разгубіцца ў нюансах гэтых працэнтаў, спецыялісты раяць звяртаць увагу на памер эфектыўнай працэнтнай стаўкі і непасрэдна ўдакладняць у банках умовы штрафных санкцый пры датэрміновым зняцці ўкладаў. Дарэчы, максімальны памер гэтай самай эфектыўнай стаўкі ў большасці камбанкаў сёння не бывае большым за 4,8% гадавых.

Што тычыцца найбуйнейшых дзяржаўных банкаў, то тут даходнасць валютных дэпазітаў на маленькія тэрміны захоўвання (да года) увогуле складае ад 2,5 да 4%. Ёсць у нашых банкаўскіх гігантаў і больш прывабныя дэпазіты — на кароткія тэрміны, але і па іх прапануюцца нефіксаваныя працэнтныя стаўкі.

Выключэннем цяпер могуць стаць дакументарныя валютныя аблігацыі на прад'яўніка. Да апошняга часу (яшчэ ў пачатку года) падобныя каштоўныя паперы мелі даходнасць 6,5% гадавых, пры тэрміне абарачэння 1,5 года.

Сёння такіх прывабных умоў па аблігацыях ужо не існуе, а прапануюцца каштоўныя паперы з даходнасцю 5,5% гадавых. Мінімальны кошт такіх аблігацый складае тысячу долараў, а працэнты выплочваюцца праз 6 месяцаў.

Рублёвы дэпазіт — да 30%

Па беларускіх рублях выбар у кліентаў значна большы. Усе невялікія камерцыйныя банкі прапануюць звычайна высокія працэнты (да 30%) у тым выпадку, калі ўклад адкрываецца на невялікі тэрмін (30-35 дзён), або пры ўмове плаваючай стаўкі. У гэтым выпадку рэальная стаўка можа быць паменшана ўжо на наступны месяц, ці праз два. Можна адшукаць уклад і на 35-60 дзён, за якія ўладальнік дэпазіту атрымае стабільныя 26%. Пры пралангацыі падобных укладаў працэнтная стаўка звычайна зніжаецца.

А вось фіксаваны даход традыцыйна прапануюць самыя буйныя банкі краіны, але і даходнасць там крыху меншая. Звычайна такая даходнасць прывязана да стаўкі рэфінансавання Нацбанка, якая сёння складае 25%. Тэрмін захоўвання падобных укладаў можа вагацца ад 3 месяцаў да 2 гадоў.

«Прасунутым» карыстальнікам глабальным сецівам фінансісты часам робяць даволі нядрэнныя прапановы, дзе даходнасць крыху большая.

Напрыклад, Беларусбанк прапануе тэрміновы банкаўскі ўклад, які адкрывае для кліентаў магчымасць кіравання ўласнымі зберажэннямі праз інтэрнэт з выкарыстаннем сваёй банкаўскай плацежнай карткі. Сярод пераваг падобнай прапановы будзе адкрыццё і кіраванне ўкладам без наведвання структурнага падраздзялення банка, а потым вяртанне ўкладу пры надыходзе тэрміну ажыццяўляецца шляхам пераводу рэшткаў грашовых сродкаў з налічанымі працэнтамі на банкаўскую картку. Па гэтай сістэме пры выкананні пэўных умоў прадугледжана налічэнне і прэміяльных працэнтаў, а агульны даход можа скласці да 27-30% гадавых. Па падобнай схеме банк дае большы даход кліенту, бо абслугоўванне такіх укладаў фінансавай установе абыходзіцца значна танней, чым пры звычайных дэпазітах.

Увогуле, сёння захаванне грашовых сродкаў менавіта ў нацыянальнай валюце на банкаўскіх рахунках робіцца больш выгадным, чым па лініі розных ашчадных механізмаў у замежнай валюце. Паводле прагнозаў спецыялістаў, наш рубель (у звязцы з расійскім) сёлета ўжо і так значна знізіў свае каціроўкі, таму надалей у яго бачыцца працяглая паласа стабільнай раўнавагі. Пэўным плюсам тут можа стаць і будучая дэнамінацыя ў ліпені наступнага года. Дадатковым фактарам захоўвання сваіх сродкаў у беларускіх рублях эксперты лічаць упэўненыя прагнозы Нацбанка аб утрыманні інфляцыі на 2016 год у межах 12%. Калі гэтыя прагнозы нашага фінансавага рэгулятара збольшага спраўдзяцца, то і курс замежнай валюты ў нас па наступным годзе павялічыцца не больш, чым на 10-12%. У гэтым выпадку рублёвыя дэпазіты стануць істотна больш выгаднымі за валютныя ўклады. Вось такая атрымліваецца грашовая арыфметыка на карысць айчыннай валюты... А канчатковае рашэнне, вядома, прымае кожны ўладальнік сваіх сродкаў самастойна.

Памер дэпазітаў павялічваецца

Спецыялісты аднаго вядомага камерцыйнага банка краіны склалі рэйтынг самых багатых гарадоў Беларусі. Багацце іх у рэйтынгу выстройвалася па сярэднім памеры дэпазіту. Найбольшую схільнасць да зберажэнняў прадэманстравалі жыхары Мінска, Наваполацка і Жлобіна, высветлілі эксперты на падставе маркетынгавага даследавання дынамікі дэпазітаў у 16 гарадах прысутнасці банка.

Самым багатым горадам Беларусі прадказальна аказаўся Мінск. Сярэдні памер дэпазіту ў сталіцы цяпер у 2 разы вышэйшы, чым у абласных цэнтрах. На другое месца выйшаў Наваполацк, які спецыялізуецца на нафтаперапрацоўцы, а трэці радок заняў горад металургаў — Жлобін. У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Гродна і Магілёў, сярэдні памер дэпазіту ў якіх знаходзіцца прыкладна на адным узроўні.

Безумоўным лідарам па дынаміцы росту дэпазітаў у першым паўгоддзі стаў Гомель — у гэтым горадзе сярэдні памер дэпазіту вырас адразу ў 2 разы, што дазволіла яму пераскочыць у рэйтынгу з 13-й на 8-ю пазіцыю. Па такой жа прычыне на два радкі ўгору падняўся Наваполацк, дзе з пачатку года сярэдняя сума ўкладу вырасла ў 1,5 раза. Для параўнання, сярэдні памер дэпазіту ў Мінску павялічыўся на 19%. Разам з тым ёсць і гарады, жыхары якіх сталі адкладаць менш: напрыклад, у Жлобіне і Барысаве сярэдняя сума дэпазіту знізілася больш як на 10%.

На сярэдні памер банкаўскага ўкладу ў тым ці іншым горадзе ўплывае мноства фактараў. Асноўны з іх — узровень заработнай платы адносна памеру бягучых выдаткаў. «Чым больш жыхары горада зарабляюць, тым больш адкладаюць і, адпаведна, давяраюць банкам свае сродкі ў выглядзе дэпазіту, — растлумачылі складальнікі рэйтынгу. — Напрыклад, у Мінску, дзе сярэдні ўзровень зарплаты вышэйшы за агульнарэспубліканскі, сярэдні памер дэпазіту прадказальна лідзіраваў са значным адрывам ад іншых гарадоў Беларусі. У канчатковым выніку багацце горада, выражанае праз сярэдні памер дэпазіту яго жыхароў, залежыць ад вытворчага патэнцыялу і дзелавой актыўнасці, якія непасрэдна адбіваюцца на прыбытках жыхароў і іх схільнасці да зберажэнняў».

У цэлым беларусы захоўваюць вернасць дэпазітам, паколькі лічаць іх найбольш надзейным спосабам прымнажэння асабістага капіталу. Вядома, што сёння даходнасць па ўкладах не такая высокая, якая была ў пачатку года, але банкі сталі прыцягваць жыхароў краіны не толькі працэнтнымі стаўкамі. Напрыклад, цяпер укладчык можа часткова здымаць грошы без страты працэнтаў, адкрыць дэпазіт пры дапамозе інтэрнэт-банка, свабодна папаўняць уклад і атрымаць у падарунак міжнародную картку.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.