Вы тут

Вялікая прыгажосць адкрыцця


На фестывалі ўсё толькі пачынаецца.

Памятаеце карціну італьянскага рэжысёра Паола Сарэнціна «Вялікая прыгажосць»? Галоўны герой, расчараваны 65-гадовы пісьменнік і журналіст Джэп Гамбардэла, што назірае за крызісам грамадства ў невымоўна прыгожым Рыме, сустракае ў вечаровым горадзе жанчыну-легенду, жанчыну-багіню, жанчыну-мару, вялікую, сугучна назве фільма, актрысу. Саму сябе ў гэтым эпізодзе сыграла францужанка Фані Ардан. Гэтая выпадковая сустрэча — быццам прывід — мае такое ж моцнае, магічнае ўздзеянне на героя сваёй прыгажосцю, як і сам Рым. Гамбардэла толькі застывае ў непрыкрытым любаванні. Вялікая прыгажосць, актрыса і рэжысёрка Фані Ардан выйшла на сцэну сталічнага Палаца Рэспублікі як госця XXІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Бяспройгрышнае рашэнне для цырымоніі адкрыцця.

10-29

«Я ніколі не любіла турызм, але я заўсёды любіла кіно, дзякуючы якому змагла падарожнічаць, сустракаць людзей і знаёміцца з імі. Быць запрошанай сюды, прысутнічаць на адкрыцці «Лістапада» і некалькі дзён правесці ў гушчы падзей у вашым горадзе — для мяне вялікая радасць», — вымавіла Ардан са сцэны нізкім глыбокім голасам.

Кінематограф сёлета адзначае сваё 120-годдзе, таму цырымонія адкрыцця «Лістапада» прайшла ў атмасферы «залатога века» кіно: у фае чуліся сусветныя джазавыя хіты, на экране госці фестывалю маглі бачыць і фільм піянераў кінематографа братоў Люм'ер, і карціну Чарльза Чапліна, і першую гукавую стужку «Спявак джазу». Тут жа перад пачаткам урачыстасці адбылося дэфіле мадэляў, што прадэманстравалі калекцыю вечаровых сукенак ад беларускага дызайнера Мікалая (ці Нікаля) Марозава.

Мерапрыемства не абышлося без сваіх традыцыйных эпізодаў: важкі і габарытны спецыяльны прыз Прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» атрымаў расійскі рэжысёр Вадзім Абдрашытаў (на фота), які сёлета з'яўляецца старшынёй міжнароднага журы асноўнага конкурсу ігравога кіно. Для яго гэта было нечаканасцю, як і для гасцей: «У мяне шмат звязана, і добра звязана, з Мінскам. Я здымаў тут карціну «Плюмбум, ці Небяспечная гульня», асобныя эпізоды «Слугі». Мы жылі ў Мінску, і пра гэта жыццё засталіся добрыя ўспаміны, за што шчыры дзякуй і гораду, і тым людзям, якія мне тады дапамагалі. У вельмі даўнія часы я праходзіў ваенныя зборы ў Старых Дарогах, калі хто ведае. (Зала адгукнулася веданнем і апладысментамі.)

«На «Лістападзе» я прысутнічаю трэці раз, але такую вялікую ўзнагароду атрымліваю ўпершыню. У Мінску я быў дзесяць гадоў таму, але пазнаю вуліцы, скрыжаванні, плошчы, і, безумоўна, ён папрыгажэў, стаў цудоўным, еўрапейскім горадам».

Можна меркаваць, што фестываль прынясе высокі ўзровень задавальнення: так, як прыгожа, на дробныя аскепкі, разбілася аб штатыў кінакамеры спецыяльна падрыхтаваная для цырымоніі талерка. Гонар здзейсніць традыцыйны акт, які сімвалізуе адкрыццё Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», на гэты раз XXІІ, быў прадастаўлены дырэктару кінастудыі «Беларусьфільм» Ігару Поршневу.

Фільм адкрыцця — «Даліна любові» Гіёма Ніклу — быў паказаны тут жа, у Палацы Рэспублікі.

Свята пачалося.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».