Вы тут

Не чакай. Зрабі сам!


Як падтрымаць грамадскую ініцыятыву, раіліся на семінары-практыкуме ў Баранавічах.

Як выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне жыллёва-камунальнай сферы? Ці варта прыцягваць насельніцтва да вырашэння пытанняў камфортнасці пражывання? Адказы на пытанні шукалі ўдзельнікі выязнога семінара-практыкума, які адбыўся ў Баранавічах па ініцыятыве Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання.

За два дні запрошаныя на семінар змаглі азнаёміцца з шэрагам гарадскіх аб'ектаў, што маюць дачыненне да тэмы форуму. Так, у маладзёжным парку «Натхнёныя Перамогай» гасцям расказалі, як гараджане і моладзь удзельнічаюць у рэалізацыі творчых ідэй па стварэнні зон адпачынку, а таксама ў актыўным добраўпарадкаванні гарадскіх тэрыторый. Аб выкананні стандартаў гаварылі ў аўтобусным парку, на прадпрыемстве «Водаканал», іншых аб'ектах гарадской гаспадаркі.

Пленарнае пасяджэнне семінара адкрыла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Святлана ГЕРАСІМОВІЧ, якая звярнула ўвагу на неабходнасць і абавязковасць выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці. (Дарэчы, службы і прадпрыемствы ЖКГ г. Баранавічы не толькі забяспечылі выкананне гэтых стандартаў, а нават і перавысілі многія нарматывы.) Удзельнікі семінара абмяняліся вопытам вырашэння падобных пытанняў у сваіх гарадах.

Старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў Аляксандр Селіфонтаў расказаў, як да вырашэння пытанняў камфортнасці пражывання прыцягваецца насельніцтва.

— Баранавічы — малады горад, які хутка развіваецца і мае ўстойлівую дынаміку росту колькасці насельніцтва. У такім горадзе годныя і камфортныя ўмовы пражывання маюць асаблівае значэнне. Дзейнасць нашых дэпутатаў накіравана менавіта на кантроль за выкананнем сацыяльных стандартаў і павышэннем іх якасці. Тут створана шматгаліновая сістэма работы з насельніцтвам. Дэпутаты прымаюць актыўны ўдзел у штогадовых студзеньскіх справаздачах перад жыхарамі ў жыллёва-эксплуатацыйных службах, у штомесячных выступленнях інфармацыйна-прапагандысцкіх груп гарвыканкама, ажыццяўляюць прыёмы грамадзян у ЖЭСах і працоўных калектывах.

Такія жывыя стасункі па-за сценамі кабінета дазваляюць лепш вывучыць грамадскую думку.

З найбольш значных пытанняў і прапаноў выбаршчыкаў можна назваць некалькі, якія паспяхова вырашаны. Напрыклад, завершана будаўніцтва лыжаролернай трасы ў парку «Натхнёныя Перамогай»; уладкаваны пешаходныя пераходы да дзіцячага садка №69, па вуліцы Шаўчэнкі ў раёне сярэдняй школы №12 і на Слонімскай шашы у раёне гарадской бальніцы №2, а таксама ліквідавана несанкцыянаваная звалка ў раёне вуліцы Мірнай; уключаны ў спіс на рамонт у бягучым годзе дом 22 па вуліцы Прамысловай...

Менавіта па наказах выбаршчыкаў вырашаны пытанні будаўніцтва вонкавага асвятлення па вуліцы 20-й дывізіі, здадзена ў эксплуатацыю асвятленне па вуліцы Яноўская, асветлена вуліца Вызваленая і завулкі, што да яе прылягаюць.

Увесь час работы па капітальным рамонце дома №5 па вуліцы Касманаўтаў з добраўпарадкаваннем тэрыторыі знаходзіліся на кантролі ў гарадскога Савета, бо пачаліся яны менавіта пасля звароту выбаршчыкаў.

Нярэдка разам з вырашэннем пытанняў бытавога характару дэпутаты дапамагаюць людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Так, маці-адзіночцы не так даўно паспрыялі з працаўладкаваннем, маладому чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі дапамаглі атрымаць матэрыяльную дапамогу на набыццё самага неабходнага.

Аляксандр Селіфонтаў таксама заўважыў, што важна не толькі дапамагчы чалавеку, калі гэта магчыма, але і пераканаць у неабходнасці асабістага ўдзелу ў паляпшэнні якасці жыцця.

— На сустрэчах у працоўных калектывах, з насельніцтвам па месцы жыхарства мы стараемся арыентаваць выбаршчыкаў на актыўную пазіцыю. Жыльцы дамоў па вуліцы Паркавай аб'ядналіся пад лозунгам «Не чакай, а зрабі сам». Яны стварылі камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея». Гэта адбылося ў 2003 годзе, падзея стала «першай ластаўкай» у вобласці, нават у рэспубліцы. А пачаткам ініцыятывы — цяпер мала хто ўспомніць — стала работа дэпутата гарадскога Савета ў сваёй акрузе. Сёння камітэт «Надзея», у склад якога ўвайшлі 24 дамы, распаўсюджвае вопыт, дзеліцца напрацоўкамі з іншымі.

Старшыня гарадскога Савета адзначыў, што работа такіх камітэтаў немагчымая без трох складнікаў: ініцыятывы грамадзян, дзеяздольнасці самога камітэта і падтрымкі гарадскіх улад.

— У нашым горадзе такую падтрымку грамадскія фарміраванні атрымліваюць пастаянна. Нас аб'ядноўвае агульная мэта — выхаваць у гараджаніна пачуццё гаспадара.

Ганна ШЫРОКАВА

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.