Вы тут

І хлеб, і песня


13 лістапада на Дзятлаўшчыне адбудзецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2015». З гэтай нагоды — пытанні карэспандэнта «Звязды» да старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Івана КРАХМАЛЬЧЫКА.

7-26

— Іван Іосіфавіч, як ацэньваеце сёлетнюю працу работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна?

— Нашы сельскія працаўнікі папрацавалі някепска, кожны пастараўся ўнесці сваю «жменю» ў раённы каравай. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў амаль 70,5 тысячы тон (плюс 3321 тона да леташняга ўзроўню), сярэдняя ўраджайнасць павялічылася на 3,6 цэнтнера з гектара — да 42,2 цэнтнера. А ў гаспадарках «Граніт-Агра», «Жукоўшчына» і «Русь-Агра» дасягнулі ўраджайнасці адпаведна 50,8, 54,4 і 54,6 цэнтнера з гектара.

Важна і тое, што за 10 месяцаў павялічыўся аб'ём прадукцыі гадоўлі буйной рагатай жывёлы, які склаў 104,1%, да ўзроўню 2014 года, свініны — 105,8%. Працягваем мадэрнізацыю малочнай галіны. У прыватнасці, завяршылі рэканструкцыю будынка для ўтрымання маладняку на малочнатаварнай ферме ў СВК «Граніт-Агра». Неўзабаве гэтыя работы закончаць і на ферме сельгаскааператыва «Жукоўшчына». Акрамя таго, сёлета мы папоўнілі парк сельскагаспадарчай тэхнікі чатырма трактарамі маркі «МТЗ».

— Як падрыхтаваліся на Дзятлаўшчыне да абласных «Дажынак»?

— Акцэнт зрабілі ў першую чаргу на навядзенне парадку — прычым не толькі ў райцэнтры, але і ў іншых населеных пунктах раёна. Увогуле пабудавалі і рэканструявалі 15 аб'ектаў. Асноўныя работы правялі на плошчы 17 Верасня ў цэнтры горада, дзе разгорнуцца асноўныя святочныя імпрэзы. Новы, куды больш прывабны, выгляд там набылі аптэка, гасцініца, крама «Міраж», Дом быту. Адкрыўся ўніверсам «Родны кут». Дзякуючы капітальнаму рамонту з мадэрнізацыяй будынка папрыгажэў, стаў больш камфортным Цэнтр культуры і народнай творчасці. Шмат зрабілі па добраўпарадкаванні і рэканструкцыі вуліц Міцкевіча і Фрунзэ, будаўніцтве новага корпусу райвыканкама, цеплавой мадэрнізацыі і рамонце дахаў трох шматпавярховых дамоў. Мадэрнізавалі харчблок гімназіі №1, выканалі рамонтныя работы ў цэнтральнай раённай бальніцы.

Важнымі падзеямі для раёна сёлета сталі адкрыццё санаторыя «Альфа Радон» і супермаркета адной з гандлёвых сетак.

Адзначу, што аб своечасовай падрыхтоўцы да абласнога свята хлебаробаў паклапаціліся многія мясцовыя жыхары, якія актыўна ўдзельнічалі ў суботніках, у добраўпарадкаванні многіх аб'ектаў. Дарэчы, сталіцу абласных «Дажынак» на Гродзеншчыне ўжо традыцыйна ўпрыгожваюць кветкавымі кампазіцыямі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рамках конкурсу прафесійнага майстэрства. Сёлета спецыялісты ў сферы зялёнага будаўніцтва з усіх раённых прадпрыемстваў ЖКГ вобласці наладзілі сваё творчае спаборніцтва ў Дзятлаве, пакінуўшы гораду шмат выдатных кветкавых «фішак».

— Якімі імпрэзамі будзеце вітаць гасцей свята?

— Наладзім выставачна-гандлёвую экспазіцыю «Дзятлаўская гасціная», выставы прамысловых прадпрыемстваў раёна і сельскагаспадарчых падворкаў Гродзеншчыны, адкрыем дзіцячы гарадок у паркавай зоне райцэнтра.

На стадыёне «Колас» паспаборнічаюць сельскія жыхары вобласці, а на плошчы 17 Верасня адбудзецца канцэрт народных калектываў «Спявай, чароўная зямля». Свята ўпрыгожыць аэрашоу Гродзенскага аэраклуба, пасля чаго святочная калона пад гукі духавога аркестра накіруецца па вуліцы Савецкай да Цэнтра культуры і народнай творчасці. Там узнагародзяць прэміямі пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю, для іх падрыхтавалі цікавую канцэртную праграму.

Увечары для мясцовых жыхароў і гасцей выступяць гурт «Беларускі гасцінец», пераможцы маладзёжнага конкурсу «Новыя імёны», эстрадныя выканаўцы Гродзеншчыны. Пасля святочнага феерверку свята працягнецца маладзёжнай праграмай з удзелам артыстаў раёна.

Будзем шчыра рады бачыць гасцей на Дзятлаўшчыне!

Барыс ПРАКОПЧЫК

рrаkорсhіk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.