Вы тут

Шчаслівае скрыжаванне лёсаў,


або Як гукнеш, так і адгукнецца.

У Хаціславе Маларыцкага раёна прыжылася добрая традыцыя: усёй вёскай у мясцовым Праабражэнскім храме ўшаноўваюць сямейныя пары, якія адзначылі важны юбілей сумеснага жыцця. Вось і сёлета шчырыя пажаданні яшчэ шмат гадоў крочыць па жыцці разам прымалі чатыры сям'і — залатыя і ізумрудныя юбіляры. Як і 50 гадоў таму, у гэты дзень у царкве стаялі поруч Расціслаў Іванавіч і Лідзія Цімафееўна Касьянкі.
12-13

 За­ла­тыя юбі­ля­ры Рас­ці­слаў і Лі­дзія Кась­ян­кі.

 

Гавораць, калі лёс прызначыў двум людзям сустрэчу, яна адбудзецца, нягледзячы ні на што. Ні сотні кіламетраў, ні жыццёвыя абставіны не стануць перашкодай. Вось, відаць, і Расціслаў з Лідзіяй былі прызначаны адно аднаму, а іх выпадковае знаёмства — толькі маленькі штрышок у чарадзейным плане лёсу.

На календары быў 1965 год. Украінская дзяўчына Ліда, якая жыла ў Забалацці, збіралася ў дарогу. Яна ехала ў адну з вёсак на Валыні, каб выручыць сястру. Той тэрмінова трэба было на пэўны час вярнуцца дамоў, а кіраўніцтва паляводчай брыгады, дзе яна працавала, згаджалася адпусціць дзяўчыну толькі пры ўмове, што ёй знойдзецца замена. Ці магла падумаць тады Ліда, што ў вёсцы Крахінічы яна не толькі заменіць сястру на рабоце, але і пазнаёміцца з яе былым кавалерам. Калі Расціслаў пабачыў Лідзію, зразумеў: тыя пачуцці, што былі раней, адышлі назаўжды, тым больш што няўдалы раман завяршыўся ўжо даўно. Але ж расказаць каханай пра тое, што звязвала яго з сястрой, не адважыўся. Вельмі зачапіла яго душу прывабная, вясёлая дзяўчына, таму баяўся неасцярожным словам разарваць пакуль яшчэ даволі тонкі ланцужок пачуццяў.

Двух тыдняў рамантычных спатканняў хапіла Расціславу, каб прыняць сур'ёзнае рашэнне і прапанаваць Лідзе пайсці пад вянец.

— Зразумела, за два тыдні характар чалавека не раскрыецца. Але, бывае, доўгія гады людзі разам жывуць, а на якія ўчынкі здольны кожны і як сябе можа павесці, даведваюцца толькі ў нейкай складанай сітуацыі. Я адразу пабачыла, што Расціслаў — хлопец нескупы. Ён кветкі штодня прыносіў, стараўся пачаставаць мяне нечым, — успамінае Лідзія Цімафееўна.

І дзявочая інтуіцыя яе не падвяла. Бо мужа ёй падарыў лёс уважлівага, на ўсе рукі майстравітага, душою шчодрага, уступчывага. Вяселле, якое было для ўсіх нечаканым, усё ж атрымалася на славу. Сястра Лідзіі на былога кавалера зла не трымала, бо адчувала, што гэта не яе палавінка. А сваю знайшла таксама для ўсіх неспадзявана. Проста прыглядзелася ўважлівей да хлопца, які раней сябраваў з Лідзіяй. Такое вось шчаслівае скрыжаванне лёсаў атрымалася.

Маладыя пасля вяселля засталіся жыць на радзіме Расціслава. Лідзія працавала даяркай, была заўжды ў ліку найлепшых, Расціслаў — трактарыстам. У сям'і былі каханне, лад і ўжо трое дзетак, а вось свайго ўтульнага гнязда не было. Маці падказала Лідзіі:

— Вы адпраўляйцеся ў беларускую вёску Хаціслаў, там, я чула, у калгас работнікаў запрашаюць.

Рашучая Ліда адразу сабралася ў дарогу. Старшыня калгаса «Запаветы Леніна» работу маладой сям'і прапанаваў: ёй — жывёлавода, яму — механізатара. І з жыллём паабяцаў дапамагчы, калі згодзіцца сям'я пачакаць, пакуль у старэнькім непрыстасаваным будынку зробяць рамонт. Так Касьянкі сталі хаціслаўскімі жыхарамі. Праўда, тады ніхто і думаць не думаў, што праз некалькі дзесяцігоддзяў суседнія рэспублікі тады яшчэ адзінага Савецкага Саюза раздзеляць межы.

Паўстагоддзя сямейнага жыцця Касьянкаў прайшло ў клопатах. Што сялянская праца нялёгкая, ведае кожны. А калі яшчэ дома пяцёра па лаўках, дык зразумела, што і расходаў больш, і спраў прыбаўляецца.

— Расціслаў перайшоў у будаўнічую брыгаду, а я ўсё жыццё на ферме працавала. Хоць сям'я вялікая, але дэкрэтнага водпуску і года не назбіраецца. Дзяцей, пакуль яны былі маленькія, на перазменку глядзелі: то ён, то я. Сваякоў жа побач не было, каб папрасіць дапамагчы. Але неяк спраўляліся, затое дружна жылі, — расказвае Лідзія Цімафееўна.

На невялікі дзіцячы садок іх дом падобны і цяпер. Сюды і ўнукі, якіх 14, пастаянна наведваюцца, і траіх праўнучкаў цяпер бабуля з дзядулем гадуюць.

— Гэта ж і ёсць шчасце, калі ў доме шумна, калі дзеці смяюцца, гуляюць, наперабой расказваюць пра свае справы, бягуць па пачастункі, — заўважаюць Касьянкі.

Праўда, давялося ім перажыць і цяжкую трагедыю — смерць сына. Найцяжэй за ўсё, як прызнаюцца, было бачыць, як ад невылечнай хваробы ён згасаў на вачах. Але таму і даецца чалавеку свядомасць, каб умець асэнсаваць і прыняць тое, што нельга змяніць. Падтрымліваючы адно аднаго, яны перажылі гора ці, лепш сказаць, навучыліся жыць з ім і радавацца кожнаму новаму дню.

Ад дома Касьянкаў да праваслаўнага храма ўсяго дзясятак метраў. Гэта Лідзія Цімафееўна заўжды лічыла добрым знакам. Яшчэ калі была маленькая, яе маці, замілоўваючыся чыстым, прыгожым голасам дачкі, не раз гаварыла: яна будзе спяваць у царкоўным хоры. Пра прадказанні матулі ўспомніла жанчына, калі ёй ужо ў сталым узросце прапанавалі прыйсці на рэпетыцыю хору. Яна пайшла і заспявала. Цяпер не прапускае ні адну службу. І, спяваючы, просіць у Бога для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў добрай долі, верных і надзейных спадарожнікаў, такіх як яе Расціслаў.

У мітуслівых сялянскіх буднях, калі трэба і на падворку за парадкам глядзець, і ў полі з работай справіцца, рэдка знаходзіцца час на святы, нават сямейныя. Вось і залатое вяселле Лідзія Цімафееўна і Расціслаў Іванавіч не збіраліся адзначаць вялікай бяседай. Схадзілі ў царкву, паслухалі віншаванні. А калі вярнуліся дамоў, ажно ахнулі... У двары стаяў вялікі стол з рознымі пачастункамі. Дзеці і ўнукі пастараліся і зрабілі бацькам такі прыемны сюрпрыз. Кожны яшчэ падрыхтаваў свой падарунак. Хто куплены, хто зроблены сваімі рукамі.

— Нядобра хваліцца, але ж як не сказаць: цудоўныя ў нас дзеці, працавітыя, уважлівыя, — гаварылі Касьянкі.

А мне падумалася, што, відаць, правільна выхоўвалі іх бацькі, прыклад ім добры давалі. Не выпадкова ж гавораць: «Як гукнеш, так і адгукнецца».

Святлана МАКСІМУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».