Вы тут

«Мару зрабіць імпрэзу, прысвечаную Эльжбеце Пузыні»,


І прайсціся паланэзам па Лучайскіх мясцінах.

Алену Генадзьеўну Прохараву ведаюць усе. Невысокая, яркая, рудагаловая, яна, нібы агеньчык, заўжды з'яўляецца на розных культурных імпрэзах. Не запомніць яе рухавую паходку, іскрыстыя вочы ды ўсмешку проста немагчыма. Мяне Алена Генадзьеўна скарыла сваёй адкрытасцю і непасрэднасцю: з першых хвілін знаёмства з ёй можна гаварыць пра ўсё, што заўгодна. Памятаю такі выпадак: два гады таму мы з сябрам ехалі на фестываль «Камяніца» і на выездзе з Мінска ўбачылі знаёмую постаць. Алена Генадзьеўна лавіла падарожны транспарт да Вільні, збіралася дабрацца аўтастопам на музычны фестываль. Язык не паварочваецца назваць гэтую энергічную і напоўненую шчасцем жанчыну пенсіянеркай.

12-14

Падчас сустрэчы раскрываецца таямніца «танцавальнай» паходкі Алены Генадзьеўны: па адукацыі яна харэограф. «Мне хочацца знайсці зерне песні і перадаць яго ў руху», — прызнаецца жанчына. Усё жыццё яна вучыла моладзь адчуваць рытмы.

Аднак і на пенсіі харэографу сумаваць не давялося.

— Цяпер я збіраю фальклор. Аднойчы пазнаёмілася з удзельнікамі «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства», а пасля разам з імі з'ездзіла ў экспедыцыю ў Магілёўскай вобласці, — узгадвае яна. — Дакрануцца да жывой з'явы — фальклору — сапраўднае шчасце, бо гэта камунікацыя з неверагоднымі людзьмі. Уявіце сабе бабуль, якім ужо больш за 90 гадоў, а яны могуць маладых хлапцоў ператанцаваць! Адна з іх была ў такіх цудоўных вязаных панчохах... Калі я іх убачыла, то падумала: «Сам Кардэн бы такім пазайздросціў!»

Калі я прашу Алену Генадзьеўну ўзгадаць самыя неверагодныя дні яе жыцця, яна шчыра задумваецца і «апраўдваецца»: «У мяне кожны дзень такі».

— Аднойчы я паехала на абрад «Пахаванне стралы». Пасля шыкоўнага дзейства каля крамы ладзіліся танцы, грала жывая музыка. Як можна было ўстаяць? Адно што ў мяне не было народнага строю. І тут мясцовыя бабулечкі падхапілі мяне пад рукі, павялі ў хату ды кажуць: «На свяце трэба ў строі быць». І я яго набыла. На наступны год прыязджаю, а яны ізноў незадаволеныя: строй ёсць, наміткі няма! Набыла і намітку, а пасля навучылася яе завязваць. Цяпер на ўсіх этнаімпрэзах я ў нацыянальным строі, якога мне сапраўды не хапала.

Заўважаю, што пенсіянеры не надта актыўна наведваюць выставы, а збольшага аддаюць перавагу лецішчу ці ўнукам.

— Мне здаецца, што людзі майго ўзросту проста не ведаюць пра ўсе культурныя мерапрыемствы, — адзначае Алена Генадзьеўна. — Камусьці я распавядаю пра імпрэзы, і яны пачынаюць наведваць выстаўкі, фестывалі. На маю думку, лепш браць з сабой і ўнукаў, каб змалку прывучаць іх да мастацтва. З некаторымі знаёмымі ездзім у Ракаў на танцы. Па нядзелях мы збіраемся ў Мінску ў Музычным завулку і развучваем народныя. Я танцую і рок-н-рол, і ча-ча-ча... Насамрэч, мне не хапае фестываляў! Калі бываю на канцэртах, многія маладыя людзі падыходзяць да мяне. Побач з імі і я адчуваю сябе маладой.

На думку жанчыны, вельмі важна даваць дзецям урокі малявання і спеваў — гэта важныя складнікі для развіцця асобы. Алена Генадзьеўна прызнаецца: «Цяпер мая задача — асвоіць фарбы, магчыма, наведаю майстар-клас па акварэлі». Акрамя таго, яна займалася ў медыямайстэрні сацыяльнага кіно «Эгалітэ». Зараз здымае стужкі пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама шмат робіць  для развіцця арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. У Грушаўцы, што пад Баранавічамі, захавалася адно з самых вялікіх у Беларусі гумнаў. Старая пабудова патрабуе рамонту: з яго зляцела адна частка даху. Валанцёраў не хапае, хаця ахвотныя дапамагчы і прывесці да ладу археалагічную сведку гісторыі заўжды знаходзяцца. Сёлета ў Грушаўцы адбыўся трэці фестываль імя Тадэвуша Рэйтана — дзеячу споўнілася 275 гадоў. І, вядома ж, не абышлося без Алены Генадзьеўны: яна вучыла мясцовых дзяцей танцаваць паланэз, і па ліпавых алеях яны «прайшліся» гэтым старадаўнім і прыгожым танцам. Дарэчы, на мінулым тыдні была знойдзена надмагільная пліта маці апошняга з Рэйтанаў.

— Адчуваецца энергія людзей, якія змагаліся за гісторыю нашых мясцін. Калі мы яе падтрымаем, то іх прамяністасць перадасца і нам, — упэўнена жанчына. — Я вельмі паважаю суполкі, якія займаюцца беларускай культурай і гісторыяй. Мая мара — зрабіць імпрэзу, прысвечаную мэцэнатцы, заснавальніцы астранамічнай абсерваторыі ў Вільні Эльжбеце Пузыні (Агінскай), і прайсціся паланэзам па Лучайскіх мясцінах, дзе яна жыла.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Ірыны МАЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.