Вы тут

«Ліса ўцякла, птушак закапалі без выкліку ветэрынараў»


З Кобрына ў рэдакцыю па «гарачай лініі» патэлефанавала ўсхваляваная за здароўе сваёй маці Раіса Сяргееўна Барканава. Тыдзень таму на падворак пажылой жанчыны ў вёсцы Залессе Пружанскага раёна завітала ліса, якая, хутчэй за ўсё, была хворая на шаленства...

— Маёй маці Валянціне Парфір'еўне Сіплівай — 86 гадоў, яна колішні малалетні вязень. Выйшла ўвечары на падворак і ўбачыла восем забітых курэй, якія ляжалі ў крыві і тушкі якіх яна потым кранала рукамі... Маці нават прытомнасць страціла, а калі прыйшла ў сябе, убачыла непадалёку ў траве рудую лісу. Здаровы звер так сябе не паводзіць. Ды і драпежніцу потым бачылі іншыя вяскоўцы, калі тая бегала па вуліцах, — распавяла наша заяўніца. — У пятніцу маці адвезлі ў бальніцу, дзе зрабілі першыя ўколы ад шаленства, курс якіх трэба працягваць. Але што мяне здзіўляе, дык тое, што на падворку так і не з'явілася санстанцыя, не правяла яго апрацоўку. А ў гаспадарцы ж засталіся яшчэ пяць курэй, якіх маці зараз баіцца выпусціць з хлява, і трусы. Ёсць і котка, якая магла злізаць сліну той лісы на дварэ. Вы ж ведаеце, наколькі гэта небяспечна. Ды і прыбіраў забітых птушак таксама старонні чалавек, сусед, якога маці паклікала на дапамогу. Ніхто іх на экспертызу не браў, ніхто не паклапаціўся, каб зрабіць засаду і злавіць тую лісу. Тэлефаную каторы раз у райвыканкам, там адказваюць, што ўсе меры прынятыя. Дык дзе ж прынятыя?

Далей Раіса Сяргееўна расказала, што, каб зрабіць уколы, маці даводзіцца ездзіць у Пружаны. Для старога чалавека гэта вельмі цяжка, прыходзіцца наймаць чужых людзей і плаціць ім за гэта грошы. «Чаму б, улічваючы стары ўзрост і статус малалетняга вязня маёй маці, урачам самім — чыста па-чалавечы — не прыязджаць да яе з тымі ўколамі? Ці хаця б перадаць іх у амбулаторыю, што знаходзіцца ад вёскі значна бліжэй, чым Пружаны — у нейкіх дзесяці кіламетрах?»

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звязаліся з галоўным урачом Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Эдвардам ЛАГУНОМ.

— Маці вашай заяўніцы прайшла курс лячэння ў хірургічным аддзяленні раённай бальніцы, засталося зрабіць яшчэ два ўколы і трэці — праз месяц. Сапраўды, улічваючы паважаны ўзрост пацярпелай жанчыны і тое, што яна цяжка пераносіць дарогу, учора сумесна з адміністрацыяй цэнтральнай раённай бальніцы было прынята рашэнне, што апошнія ўколы з курса будуць зроблены ёй ва ўрачэбнай амбулаторыі агульнай практыкі, размешчанай бліжэй да вёскі Залессе. Засталося толькі перадаць туды вакцыну.

Згодна з санітарнымі інструкцыямі, апрацоўка падворку ў такіх сітуацыях не праводзіцца. Ліса ўцякла, забітых курэй закапаў сусед. Так, гэта павінны былі зрабіць ветэрынарныя ўрачы, але калі яны даведаліся пра здарэнне, — наўпрост да іх ніхто не звяртаўся, паведамленне прыйшло з райвыканкама — справа, як той казаў, была зроблена. Але сусед зрабіў усё правільна, з захаваннем мер бяспекі — закінуў у мех тушкі віламі.

Чаму не забралі забітых курэй на экспертызу, каб устанавіць, ці сапраўды ліса была хворая на шаленства? Для гэтага патрэбна галава жывёлы. Тушкі птушак для гэтых мэт не падыходзяць па той прычыне, што ў іх можа змяшчацца малая доза таксінаў.

Па словах Эдварда Лагуна, у лясгас адпраўлена прадпісанне аб адстрэле лісы, а ў сельсавет — аб абыходзе падворкаў і папярэджанні насельніцтва аб неабходнасці вакцынацыі свойскай жывёлы.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.