Вы тут

Першае сяброўства


Многія дарослыя лічаць, што дзіцячая дружба — рэч не сур'ёзная. Маўляў, сёння адзін сябар, заўтра іншы. Да пэўнага часу і я сумнявалася ў моцы сяброўскіх пачуццяў дашкалят. Пакуль мой трохгадовы сынок не пераканаў мяне ў іншым.

12-28

Да дзяцей Даня цягнуўся з першых дзён, як пачаў добра хадзіць. Нават калі ён не гуляў з імі, усё роўна трэба было круціцца побач. Паступова ў яго з'явіліся адразу два сябры — Ромы-аднагодкі. Два гады, амаль дзень у дзень, мы сустракаліся з імі на дзіцячай пляцоўцы, бавілі разам час. Хапала ўсяго: і біліся, і абдымаліся, і цацкі адзін у аднаго забіралі, адным словам, сябравалі. Нават мы, мамы і таты, зблізіліся, хадзілі ў госці, даглядалі дзяцей адно аднаго.

Але прыйшоў нам час пераехаць на новую кватэру, і з Ромамі Даня развітаўся. Што тут пачалося! Ён бясконца пытаўся ў мяне, калі мы зноў паедзем да Раманаў, на вуліцы сярод чужых дзяцей намагаўся ўбачыць сваіх любых сяброў. Прайшоў год, і ўсё роўна кожны раз, як мы прыязджаем на былую кватэру — наведваем бацькоў, — Даня адразу ўсклікае: «Я тут з Ромамі гуляў!»

Аднойчы мы выпадкова сустрэліся з адным з Раманаў. На тварыку майго дзіцяці адразу з'явілася ўсмешка, але ён застыў у нерашучасці і пазіраў на мяне. «Так, гэта Рома!» — пацвердзіла я. І Даня імгненна пабег да сябра. «Прывітанне! Рома, гэта я!» — усхвалявана вымавіў ён. Але Рома нават не ўсміхнуўся, толькі наставіў на сына дзіцячы пісталет. «Рома, гэта я, Даня», — не адступаў мой. І паспрабаваў абняць хлопчыка. Але той адхіліўся ўбок, і зноў перад тварам з'явілася «пушка». «Забыўся», — зразумела я. І, убачыўшы, што Даня расчараваны і не ведае, што рабіць далей, пацягнула яго хуценька на іншую пляцоўку. Ніякіх пытанняў ад сына я не пачула, але на наступны дзень ён сур'ёзна заявіў: «Мабыць, Рома быў у дрэнным настроі. Яму не спадабалася мая новая прычоска». Маё сэрца заныла ад жалю. Як растлумачыць майму звышадчувальнаму малому, што жаданне сябраваць не заўсёды ўзаемнае? Як маці мне стала крыўдна, што шчырыя пачуцці Дані былі ўспрыняты абыякава. Ды што зробіш, сябраваць не прымусіш.

Хутка нам прыйшоў час ісці ў дзіцячы садок. Даня туды збіраўся, як на свята. «Там шмат дзяцей! Ты знойдзеш новых сяброў», — расказвала я яму пра садок. І неўзабаве сапраўды дома мы пачулі пра новага сябра сына. Даня называў яго «пажарны», бо ў таго была чырвоная бейсболка. І па расказах сына я зразумела, што абодвум вельмі даспадобы гэтая гульня ў ратавальнікаў ад агню. У іх нібы была брыгада, і яны ўсім дапамагалі ў бядзе. Даня так захапіўся, што прыйшлося і яму набыць чырвоную кепку. Праз пэўны час мы даведаліся, што хлопчыка завуць Акім, але ж дома ў размове ён так і застаўся «пажарным». Даня вельмі прывязаўся да новага сябра. Цяпер усе новыя цацкі ён абавязкова нёс у дзіцячы садок, каб пагуляць у іх разам з «пажарным», вельмі часта ўзгадваў яго ў размовах, вылучаў сярод іншых дзяцей у садку і хацеў запрасіць пагуляць дадому.

Улетку Акім амаль 2 месяцы не хадзіў у садок, і Даня вельмі сумаваў, усё пытаўся, чаму той не прыходзіць, і кожны дзень увечары засмучана нам паведамляў, што «пажарнага» зноў не было. Я назірала за сынам, і з аднаго боку, радавалася, што ён можа так сябраваць, з другога — хвалявалася, а ці «гарыць» той Акім з такім жа запалам сябраваць з Данем, ці не навязваецца сын?

12-27

Пасля лета раптам выявілася, што Даня і Акім больш не будуць хадзіць у адну групу, іх раздзялілі. У апошні дзень перад размеркаваннем муж крыху спазніўся і прыйшоў па сына, калі ўжо нікога з дзяцей не было, акрамя Акіма з маці (яна працавала выхавальніцай у нашай групе). Маці тлумачыла Акіму і Дані, што заўтра іх развядуць па розных групах. Дзеці стаялі, панурыўшы галовы, відаць, усё разумелі. «Але ж будзеце сустракацца на пляцоўцы», — спрабавала падбадзёрыць выхавальніца. Даня ўбачыў, што па яго прыйшоў тата, і развітаўся з Акімам. Той пайшоў з маці ў іншы бок. Але праз пару крокаў ён нечакана павярнуўся і, паклікаўшы Даню, кінуўся да яго, абняў і сказаў: «Я цябе люблю». У мужа ад расчуленасці нават слёзы на вочы навярнуліся.

Вось ужо другі месяц Даня ходзіць у іншую групу і кажа, што з Акімам яму сустрэцца на пляцоўцы не ўдаецца. Зноў і зноў просіць, каб мы перавялі яго ў групу да сябра-«пажарнага». Але гэта лагапедычная група, і трапіць туды можна толькі па накіраванні. У сваю чаргу мы абяцаем сыну і зробім усё магчымае, каб гэтыя абяцанні выканаць. Дарэчы скажу, што накіраванне ў лагапедычную групу мы ўжо атрымалі.

У бацькоўскі нататнік

1. Заўсёды цікаўцеся сябрамі свайго дзіцяці, пытайцеся ў яго, з кім ён гуляў сёння, якія захапленні ёсць у яго сяброў.

2. Як сцвярджаюць псіхолагі, найлепшая пазіцыя дарослых у дружбе дзяцей — не ўмешвацца. Але быць побач, калі дзіця можа не зразумець асаблівасцяў сітуацыі або яму спатрэбіцца падтрымка. Самая вялікая памылка — прымушаць дзіця да шматлікіх сяброўскіх стасункаў. Жаданне бацькоў, каб сын ці дачка былі папулярныя сярод аднагодкаў, зразумелае, але яно можа не супадаць з жаданнем дзіцяці.

3. Даказана, што дзеці вучацца сябраваць на прыкладзе бацькоў. Яны бачаць, як маці ці бацька ставяцца да сяброўства, ці шануюць сяброў. Самыя маленькія назіраюць, як маці паводзіць сябе з іншымі мамамі на дзіцячай пляцоўцы. Аднак нельга прымушаць свайго сына ці дачку сябраваць з дзіцем, калі з яго маці ў вас сяброўскія стасункі. Паважайце выбар малечы.

4. Існуюць вельмі сарамлівыя дзеці, асабліва ў дашкольным узросце. Такім цяжка зрабіць крок насустрач патэнцыяльнаму сябру. Таму маці можа крышачку падштурхнуць малога. Падказаць, што спачатку трэба падыйсці да незнаёмага хлопчыка ці дзяўчынкі, запытаць імя, потым прапанаваць, напрыклад, пагуляць разам. Пастарайцеся дома праводзіць з дзіцем як мага больш часу, заўсёды паказвайце яму, што вы цікавіцеся яго думкай, цэніце яго ідэі. Трэба насцярожыцца, калі малое часта аддае свае цацкі некаму, спадзеючыся з ім такім чынам пасябраваць. Такі «подкуп» можа сведчыць аб дзіцячай няўпэўненасці і, як вынік, заніжанай самаацэнцы. Навучыце малое цікава праводзіць час, калі яно застаецца адно. Гэта дабавіць яму смеласці і рашучасці.

Частыя сваркі не з адным, а са многімі сябрамі таксама могуць быць сігналам схаваных дзіцячых праблем. Абавязкова разбярыцеся, у чым прычына такой «няўжыўчывасці».

5. Пры пераездзе на новае месца жыхарства, змене школы ці садка ў далейшых зносінах дзіцяці могуць з'явіцца цяжкасці. Таму падрыхтуйце яго загадзя да хуткіх перамен.

6. Асаблівая сітуацыя, калі вашаму сыну ці дачцэ здрадзіў сябар або пачаў пазбягаць зносін. Зразумела, трэба разабрацца, у чым справа. Прапануйце малому самому растлумачыць, чаму так адбылося. Паразважайце разам, якім павінен быць сапраўдны сябар. Ні ў якім разе нельга лаяць былога таварыша (можа здарыцца, што яны потым памірацца). Таксама нельга высвятляць адносіны з бацькамі сябра. Найлепшае выйсце — адцягнуць увагу, зацікавіць дзіця нечым новым, адвесці ў гурток або запісаць у спартыўную секцыю. Мабыць, у хуткім часе там яно знойдзе новых сяброў!

7. Бывае так, што бацькам не падабаецца сябар іх дзіцяці. Што рабіць? Не перашкаджайце зносінам катэгарычна. Наадварот, можна запрасіць сябра дадому. Галоўнае — гэта захаваць ваш кантакт з малым. Магчыма, калі ў яго з'явяцца іншыя захапленні, ён сам паступова аддаліцца ад непажаданага дружбака.

Але ж калі сяброўства пагражае жыццю дзіцяці ці ператвараецца ў сапраўдную залежнасць, трэба дзейнічаць неадкладна. Растлумачце, што вы хвалюецеся за дзіця і для вас яго бяспека больш важная, чым тое, што ён пакрыўдзіцца з-за забароны сябраваць.

Стаўленне да дружбы мяняецца з цягам часу. Для дашкалятаў сябры — гэта ўсе, з кім яны гуляюць. Пасля 10 гадоў дзеці звычайна пачынаюць шукаць сваё кола зносін. Яно грунтуецца на ўзаемным даверы, агульных захапленнях, аднолькавых поглядах. У падлеткаў сяброўскія зносіны ўсё больш нагадваюць дарослыя. Да таго ж для іх яны больш значныя, чым нават стасункі з бацькамі. Хлопчыкі пачынаюць сябраваць з дзяўчаткамі, з-за чаго могуць узнікнуць спрэчкі з таварышамі. Добра, калі бацькі растлумачаць дзіцяці неабходнасць абедзвюх формаў стасункаў (і з сябрам, і з каханай), нагадаюць аб сяброўскай вернасці, аб праве быць з любімым чалавекам і неабходнасці паважаць пачуцці іншага.

У любым выпадку дапамажыце дзіцяці знайсці і захаваць дружбу. Бо менавіта сябры з маленства застаюцца самымі надзейнымі ў дарослым жыцці. А ўменне сябраваць — гэта яскравы прыклад сапраўднай чалавечнасці і вернасці.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».