Вы тут

Новыя прыгоды Джэймса Бонда


Чарговы фільм (24-ты) пра брытанскага агента Джэймса Бонда, героя раманаў Яна Флемінга, чакае прыхільнікаў у кінатэатрах сталіцы да 25 лістапада. Сусветная прэм'ера кінакарціны адбылася ў кастрычніку і стала сапраўднай падзеяй для кінаманаў усяго свету. Гэта апошні фільм пра славутага спецагента, права на пракат якога належыць студыі Sony Pіctures.

Здымкі чарговай серыі «бандыяны» пачаліся ў снежні мінулага года і доўжыліся каля сямі месяцаў. Здымачная група працавала ў Рыме, Лондане, Марока, Аўстрыі і Мехіка. Дарэчы, менавіта з карнавалу ў Мехіка і пачынаецца гісторыя гэтым разам. Рэжысёрам выступіў зноў Сэм Мендэс. На новую серыю «бандыяны» ўскладалі вялікія надзеі, улічваючы тое, якая высокая планка была зададзена ў «Скайфоле» для ўсіх будучых фільмаў франшызы. Вяртання на вялікія экраны праз тры гады чакалі, і яно абяцала быць грандыёзным: неверагодныя трукі, экзатычныя месцы дзеянняў, акцёрскі склад... На гэты раз у фільме зняліся Моніка Белучы, роля «дзяўчыны Бонда» дасталася Леа Сейду, таксама сустрэнем у карціне Дэйва Батысту, Крыстафа Вальца і многіх іншых.

Па сюжэце Джэймс Бонд зноў ратуе свет ад злачынцаў, у ролі якіх выступае тэрарыстычная суполка пад назвай «Спектр». Бонда ўжо чацвёрты раз іграе Дэніэл Крэйг. Магчыма, гэта апошняя яго «прыгода» ў такой ролі. Бонд па-ранейшаму жыве ў рытме барацьбы, пагоняў, але застаецца пры гэтым харызматычным, упэўненым у сабе і з добрым пачуццём гумару мужчынам... Самыя розныя ацэнкі і водгукі можна сустрэць пра фільм на прасторы інтэрнэту. Адны кажуць, быццам сцэнарысты не ўразілі сюжэтам і спецэфектамі, для іншых ігра самога Крэйга ўжо не такая захапляльная, як у папярэдніх частках, аднак, мяркую, гэта не робіць гісторыю пра вядомага героя менш прывабнай для глядацкай аўдыторыі... Выканаўца галоўнай ролі ў адным з нядаўніх інтэрв'ю адзначыў, што гледачы любяць Бонда таму, што ён увасабляе барацьбу дабра са злом... Аднак на пытанне, ці можна лічыць героя прыкладам, да якога варта імкнуцца, акцёр адказаў неадназначна: «Асабіста для мяне прыкладам з'яўляюцца людзі з маральным компасам. Якія маюць мужнасць адстойваць свае перакананні... Не варта блытаць добрыя прыклады для пераймання і герояў. Мне падабаецца, што Бонд можа быць джэнтэльменам, ён уважлівы да людзей, клапоціцца пра сваю працу, не забываючы пра іншых, пра сваю сям'ю».

Фільм «007: Спектр» стаў самым касавым праектам 2015 года ў брытанскім пракаце. Як сцвярджае выданне The Hollywood Reporter, хатнія зборы карціны дасягнулі 100 мільёнаў долараў, што дазволіла ёй абагнаць мінулага лідара — фільм «Свет Юрскага перыяду» (97 мільёнаў). Наогул 24-ты эпізод «бандыяны» ўстанавіў адразу некалькі рэкордаў у Вялікабрытаніі і за яе межамі. У прыватнасці, карціна трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса за самы вялікі па магутнасці выбух на здымачнай пляцоўцы. Хапіла на ёй і іншых запамінальных момантаў. Напрыклад, у італьянскай сталіцы стваральнікі фільма на працягу чатырох здымачных змен працавалі ў Музеі рымскай цывілізацыі. 18 бяссонных начэй правяла здымачная група, каб зняць сцэну аўтамабільнай пагоні ў начным горадзе. У фільме ёсць таксама сцэна, дзе самалёт тараніць свіран, а потым вылятае з іншага боку і падае з вышыні шэсць метраў... Сумна нікому дакладна не будзе.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.