Вы тут

Адкрыты фінал


Ёсць такое паняцце ў кіно, калі карціна ўжо скончана, але тое, што будзе з героямі, застаецца за кадрам. Сёння, у апошні дзень фестывалю, ва ўсіх такі настрой — адкрытага фіналу, калі асноўныя мерапрыемствы ўжо прайшлі, але, як размяркуюцца галоўныя прызы, застаецца гадаць да самага вечара. Да таго моманту, калі рашэнне журы будзе абвешчана ў кінатэатры «Масква» падчас урачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю.

13-33

 

Тыя, хто збіраецца, павінны разумець: іх чакае нешта вельмі адмысловае. Таму што Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» адрозніваецца ад іншых вялікай колькасцю ўзнагарод і прызоў — іх размяркоўвае 7 складаў журы ў розных конкурсных праграмах. Але ёсць галоўныя: «золата» «Лістапада» — «За найлепшы фільм», «серабро» — «За фільм як з'яву мастацтва». І не менш цікава, каму гледачы прысудзяць «бронзу», таму што падчас усіх конкурсных паказаў кожны з гледачоў мог прагаласаваць асабіста. А далей усіх чакае фільм закрыцця «Новы запавет».

Асалода ў тым, што і на гэтым фестывальнае кіно не скончыцца: працяг будзе, прычым усе найбліжэйшыя выхадныя кінаманы змогуць яшчэ глядзець некаторыя фільмы з конкурснай праграмы і дадатковых, сярод якіх «Турэцкія далікатэсы», «Чалавечыя камедыі», «Прыватныя гісторыі», «Строга для кінаманаў», «Майстар-клас» і іншыя. Насамрэч, адмысловых праграм сёлета не проста шмат — іх безліч. Як жа не заблытацца і выбраць сваё кіно? Некаторыя нібыта «памечаны» для людзей, якія іх чакаюць: напрыклад, у праграме «Львы, мядзведзі і пальмавыя галінкі» прызначана сустрэча з Жакам Адзьярам — яго фільмам «Дзіплан», які быў узнагароджаны «Залатой галінай» на Канскім кінафестывалі ў 2015 годзе. Выбар у выхадныя багаты — глядзець кіно прапануюць з раніцы да глыбокай ночы. Такім чынам, спадарства, фестываль скончаны, а свята працягваецца! Застаецца вывучаць праграму і шукаць квіткі ў продажы (а гэта не надта простая задача).

Усё свежае, новае, адметнае, што ёсць у сусветным кіно, ёсць магчымасць паглядзець на «Лістападзе», каб разумець, як развіваецца сусветны кінематограф. І каб лепш разумець свой, айчынны: на якім узроўні знаходзіцца цяпер ён, ці ёсць сілы для руху, дзе яны і ў кім? Разважаць ёсць пра што, аглядваючы конкурсную праграму (дзе ў чарговы раз не было беларускай карціны). Таму што асноўны конкурс ігравога кіно складаецца з новых фільмаў, якія ствараюцца ў краінах былога сацлагера, краінах СНД і Балтыі, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Кінажыццё віруе і адлюстроўвае змены рэчаіснасці, з якімі сутыкаюцца людзі. Аказваецца, можна ствараць годнае кіно пра жыццё і ва ўмовах абмежаванага бюджэту. Але, магчыма, гэта тады, калі ў кінамастацтва прыходзяць асобы. Дзеля іх пошуку, дзеля стымулу сёлета другі раз ладзіўся Нацыянальны конкурс, дзе прадстаўляліся беларускія карціны — ігравыя, дакументальныя, анімацыйныя. Беларускія — не значыць тыя, што абавязкова створаны ў Беларусі. Галоўнае, каб аўтары асэнсоўвалі сябе ў кантэксце беларускай культуры, адчувалі сваю прыналежнасць да яе. І, можа быць, некаторыя імёны стануць адкрыццямі для нас.

Дзеля таго, каб адкрыццяў у айчынным кіно было як мага больш, арганізатары фестывалю сёлета адкрылі новую «Індустрыяльную панэль». Для спецыялістаў у галіне кіно ці тых, хто толькі збіраецца паспрабаваць сябе як рэжысёр, прадзюсар, арганізатар кінавытворчасці, паказаў ці фестываляў. Усяму гэтаму цяпер можна павучыцца, не выязджаючы з Беларусі, таму што да нас запрашаюцца замежныя асобы, якія маюць вопыт працы і хочуць ім падзяліцца. Калі мы жадаем развіваць свой сучасны кінематограф, то варта было паслухаць пра новыя трэнды ў сучасным кіно, пра што, напрыклад, распавядалі Туе Сцін Мюлер ці Канстанцін Фам. Сіманэ Баўман і Наталля Дрозд былі запрошаны з вельмі актуальнай для Беларусі тэмай, як шукаць магчымасці для стварэння капрадукцыі. Але адметны і прыезд у Мінск Мікалая Нікіціна, які адбірае фільмы для Берлінскага кінафестывалю, разумее крытэрыі і магчымасці для развіцця. З усіх новаўвядзенняў менавіта гэтая лінейка, можа быць, аказалася найбольш карыснай з практычнага боку. Таму што адкрыла новыя магчымасці для адукацыі ў галіне кіно — гэта яшчэ адзін крок да развіцця кінематографа ў Беларусі, да яго будучыні.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.