Вы тут

«Чужых дзяцей не бывае» —


гэты тэзіс пацвярджаюць амаль 18 тысяч беларускіх сем'яў.

«Закрываць штучна інтэрнатныя ўстановы для дзяцей-сірот у Беларусі ніхто не будзе», — у гэтым запэўніў журналістаўнамеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК, які прыняў удзел у адкрыцці першага Рэспубліканскага форуму замяшчальных сем'яў. Форум стаў пунктам адліку новага этапу ў развіцці сістэмы аховы правоў дзяцей і забеспячэння права кожнага дзіцяці на жыццё ў сям'і.


— Грамадства ўжо ўсвядоміла, што калектыўная сістэма выхавання дзяцей, якія страцілі апеку бацькоў, не можа ў належнай ступені забяспечыць іх паспяховую сацыялізацыю. У такіх дзяцей адсутнічае імунітэт да негатыўных жыццёвых з'яў, затое нярэдка выпрацоўваецца спажывецкае стаўленне да сацыяльнай падтрымкі з боку дзяржавы. Усё гэта пераканала нас у тым, што дзіця павінна жыць і выхоўвацца ў сям'і. А значыць, дзяржава абавязана даць ім (там, дзе гэта рэальна) такую магчымасць, — патлумачыў пазіцыю свайго ведамства Віктар Якжык.

Намеснік міністра адукацыі паведаміў, што сёння на выхаванні ў сем'ях беларусаў знаходзяцца 24 535 дзяцей-сірот. На гэты момант у Беларусі налічваецца 45 дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-сірот, але ў 2007 годзе іх было 70. Такім чынам, замяшчальныя сем'і (а іх цяпер налічваецца каля 18 тысяч) дазволілі закрыць у краіне амаль палову дзіцячых інтэрнатных устаноў. На 28 адміністрацыйных тэрыторыях 100% дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, перадаюцца на выхаванне ў замяшчальныя сем'і.

Асноўная частка дзяцей, якія па-ранейшаму выхоўваюцца ў дамах-інтэрнатах, маюць патрэбу ў асаблівай апецы. «У наступныя пяць гадоў мы, вядома, плануем скараціць колькасць інтэрнатных устаноў, але штучна фарсіраваць гэты працэс не будзем», — паабяцаў Віктар Якжык.

Разнастайнасць формаў уладкавання дзяцей на выхаванне ў замяшчальныя сем'і патрабуе ад спецыялістаў па ахове дзяцінства дыферэнцаванага падыходу. Але апекуны не заўсёды атрымліваюць спецыяльныя веды, неабходныя для выхавання дзяцей з нядобранадзейных сем'яў, у адрозненне ад усынавіцеляў або прыёмных бацькоў.

І суправаджэнне апякунскіх сем'яў на мясцовым узроўні часта абмяжоўваецца забеспячэннем сацыяльных гарантый дзецям-сіротам і не закранае пытанняў фарміравання педагагічных, псіхалагічных кампетэнцый апекуноў.

Па словах Віктара Якжыка, у сучасным свеце кардынальна змяніліся функцыі сям'і. Усё прагматычнае, што аб'ядноўвала сям'ю шмат тысячагоддзяў (аб'яднанне зямельных надзелаў, зліццё бізнесаў, атрыманне ў спадчыну рамяства), паступова адыходзіць, а застаюцца тонкія матэрыі — такія, як псіхалагічны спакой і пачуццё абароненасці. Сям'я становіцца тым месцам, дзе мы можам быць самімі сабой, дзе атрымліваем суцяшэнне і адчуваем сябе ў бяспецы. Такім чынам, асноўнае прызначэнне сям'і ў сучасным свеце — гэта эмацыянальная падтрымка ўсіх, хто жыве ў ёй.

— Развіццё сістэмы сямейнага ўладкавання і далей будзе арыентавацца на патрэбы дзяцей, якія маюць неабходнасць у гэтым відзе сацыяльна-педагагічнай абароны. Я шчыра ўдзячны ўсім прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам, апекунам і ўсынавіцелям за клопат пра дзяцей. Тэзіс «чужых дзяцей не бывае» гэтыя людзі даказваюць на справе, — падкрэсліў Віктар Якжык. — І важна разумець, што справа гэтая патрабуе ад замяшчальных бацькоў не толькі душэўнага цяпла, але і ў пэўнай ступені сацыяльнай смеласці, асобаснай сталасці, псіхолага-педагагічнай і прававой кампетэнтнасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.