Вы тут

Прыклад, варты пераймання


...Галава — што той аэрапорт: нешта пастаянна вылятае!

Прылятае, зразумела ж, таксама, але вылетаў чамусьці больш.

Што ёсць...

Добра школьнікам: два месяцы адвучыліся — могуць адпачыць.

Сямігадовая Волечка, напрыклад, свае першыя вакацыі на волі правяла: у вёсцы, на бабуліных падушках адаспалася, яе ж блінамі ад'елася, з сабакам ды катом нагулялася, на кані з дзядулем накаталася і, вядома ж, новых слоў «нахапалася»...

— Вушкі я не люблю мыць, — прызналася маме, прыехаўшы дамоў, — бо яны ў мяне такія пакручастыя...

Каб сустрэць, каб знайсці гэта слоўца сярод безлічы іншых, можна, згадзіцеся, перабраць, прачытаць не адну сотню кніг!

А можна (пакуль яшчэ!) на канікулы з'ездзіць у вёску.

Было і засталося

Горад (сталіца!), галоўны праспект. Кажуць, ён шырэйшы за Неўскі?

І дамы на ім таксама прыгожыя.

На першых паверхах крам шмат. Асобныя, можна сказаць, наскрозь праглядаюцца, бо ад вуліцы сцен няма, замест іх — велізарнае шкло, за якім проста безліч тавараў і столькі святла...

Міжволі запавольваеш крок, міжволі адчыняеш дзверы, заходзіш.

Першае, што бачыш: пакупнікоў там няма, бо цэны (гэта другое, што бачыш) — проста непад'ёмныя. А вось прадаўцоў шмат — маладых, добразычлівых, напэўна ж кваліфікаваных. Стаяць, «ахоўваюць» тавары, перамаўляюцца — гадзінамі, дзень пры дні...

Расказвалі, некалі ў адной паляшучкі вялікая радасць была. Яе дачку на працу ўзялі — да высокага начальства, у прыёмную. За стол там пасадзілі — з друкавальнай машынкай. «І што ж яна там робіць?» — пыталіся вяскоўцы ў матулі. «Дуркуе...» — з форсам адказвала тая.

З таго часу паўстагоддзя прайшло! А слова, бач, не забылася.

Бо не знік «працэс»?

Гады як гады

«Аловачак можа быць дрэнны, але ж нават такі ён лепшы, чым добрая памяць», — разважае знаёмы дзед.

У яго апошнім часам завядзёнка з'явілася — перад кожным выхадам з дому «шпаргалку» сабе пісаць: куды, напрыклад, трэба схадзіць, што канкрэтна купіць.

— Гэта зручна, — смяецца Пятровіч, — у краму ці ў аптэку потым зайшоў, руку — у кішэню, а «шпаргалкі»... няма, дома забыўся!

Ці ў яго ж яшчэ адна прыгода была. Вечарам надоечы спаць лёг, а сон чамусьці не ідзе: адчувае, што нешта не так.

Устаў з ложка, пахадзіў па кватэры, сам сябе праверыў: тэлевізар выключыў, пліту і чайнік — таксама, краны ўсе закруціў, дзверы замкнуў... Выходзіць, поўны парадак?

Дзед — задаволены сабою — лёг, старанна ўкрыўся...

У апошні момант заўважыў — святло не выключыў.

Жарт?

Калі топішся, то і за брытву хопішся; калі спазняешся, паедзеш хоць на чым: прыпынак-другі на аўтобусе, потым — на метро і на трамваі б... Але яго (патрэбнага) усё няма і няма. Затое непатрэбных...

З чарговага — з шумным «Лёнік, здароў!» — «вывальваюцца» двое дзецюкоў, з абдымкамі налятаюць на трэцяга, пра штось гамоняць...

Сустрэча як сустрэча, карацей... Ва ўсякім разе — спачатку.

— Слухай, а чаго мы тут стаім? — гучыць трохі пазней. — Пайшлі — недзе пасядзім... Альбо паедзем да нас...

— Не, — рашуча «адбіваецца» Лёнік, — давайце не сёння, бо сёння я з вёскі еду. Бацька свінчо закалоў, маці квашанай капусты дала. Куды я з гэтымі вандзэлкамі?

— З гэтымі — толькі да нас! — кажуць дзецюкі, разбіраючы сумкі. — А без вандзэлкаў на халеру ты нам? Мы б цябе, можа, і не клікалі.

...У кожным жарце ёсць доля жарту. Астатняе, кажуць, праўда.

Не пра грыўку

Цырульніка ў тым мястэчку даўно няма, праблем са стрыжкай, здаецца, таксама. Нехта прызвычаіўся ездзіць у райцэнтр, нехта — перайшоў на самаабслугоўванне, гэта значыць, сам стрыжэ сваіх сямейнікаў, сяброў, суседзяў.

У Клавы, напрыклад, гэта ці не новай прафесіяй з гадамі стала: пастаянныя кліенты з'явіліся — і да яе дадому прыходзяць, і да сябе запрашаюць...

Нядаўна вось прыяцелька пазваніла, папрасіла да яе суседкі пад'ехаць — пастрыгчы, пафарбаваць валасы. Клаве што — яна з задавальненнем: і пазнаёмілася-пагасціла ў добрага чалавека, і ўсё зрабіла: дагадзіла як быццам. Бо «кліентка» яшчэ і назаўтра пазваніла ёй, каб падзякаваць, каб сказаць, што стрыжка проста выдатная. Адзінае — у наступны раз можна грыўку даўжэйшай пакінуць, а то крыху караткаватая, на бігудзі не бярэцца. А трэба, каб бралася...

Клава, як той казаў, у асадак ледзьве не выпала, бо кліентцы той без малога 90 гадоў! І ў апошнія пяць з дому яна — ні нагой.

Прыклад, варты пераймання

Не пазнаць некалі маленькую, некалі старэнькую хатку ў вёсцы! За год пры ёй маладзенькі садок з'явіўся, а яшчэ — новыя вокны-дзверы, новы дах, шалёўка, веранда...

Бо новы гаспадар — адраджае дом, а разам з ім...

Моду ўзяў — вяскоўцаў на сваёй машыне падвозіць, адмыслова плату бярэ. Ну вось напрыклад. Нехта галасуе пры дарозе альбо просіць на электрычку «подбросить», абяцае заплаціць.

Валодзя тады пытаецца:

— А вы беларус?

— Так.

— А мову беларускую ведаеце?

— Не вельмі...

— Будзеце размаўляць са мной па-беларуску, — падвязу, куды скажаце, і грошай не вазьму, а не — тарыф двайны. Згодныя?

...Адзін пенсіянер (Валодзя расказваў) так і заплаціў, бо ўсю дарогу спрабаваў даводзіць, што ў Беларусі няма і ніколі не было ніводнага вартага пісьменніка. Другога — маладога, які сцвярджаў, што ў Беларусі і мовы няма, Валодзя проста высадзіў...

— Бо трэба ж з гэтым нешта рабіць, — упэўнены ён.

Трэба.

І ці толькі яму?

Подых часу

Круці не круці, а трэба ўмярці: трэба скончыцца восені, распачацца зіме.

Цётку Яню напярэдадні сын у горад забраў. Так яму спакайней. Ды і цётцы — і цяплей, і трохі весялей. Ёсць, прынамсі, з кім пагутарыць, ёсць каму расказаць, як жа цяжка некалі жыла, як шмат працавала, бо вёска, бо вялікая гаспадарка, бо чацвёра дзяцей — і ніякіх табе пральных машын ды газавых пліт... А яшчэ ж і на працу штодня хадзіла: іх «Маяк камунізму» на ўвесь раён грымеў!

— Хто-хто грымеў? — перапытвае ўнук.

— Ды калгас наш — «Маяк камунізму».

— Ён што — так і называўся? — здзіўляецца хлопец і пачынае рагатаць, прычым так заразліва, так залівіста, што да яго міжволі далучаецца бабулін сын, а ўрэшце і яна сама...

Бо сапраўды ж — смешна.

І трохі дзіўна: калгас атрымаў гэту назву на пачатку пяцідзясятых, насіў яе цэлымі дзесяцігоддзямі і ніхто не смяяўся — не было з чаго.

А потым — з'явілася... Адкуль?

Пошукі шчасця

...Зрок «сеў», прычым незаўважна. Яшчэ ўчора, здаецца, чытала ў аўтобусах, і для гэтага далёкай цьмянай лямпачкі было зусім дастаткова. А сёння...

У крамцы, як на ліха, апошні пакет смятаны. Ды і той, відаць, зганьбаваны — застаўся толькі таму, што «змазаўся» на ім тэрмін прыдатнасці: не чытаецца і ўсё тут. Можа, хіба ў акулярах?

Адчыняю сумачку — іх няма: трэба разумець, на працы забылася. Садовая галава!

Але ж прычоску на ёй паправіць можна? І — адначасова — «знайсці» прапажу: на лбе акуляры!

...Кажуць, што акурат таксама многія шукаюць шчасце. Гадамі, а то і дзесяцігоддзямі чакаюць яго, гадамі, а то і дзесяцігоддзямі, мараць пра штось незвычайнае ды скардзяцца на тое, што ёсць.

І толькі потым, страціўшы свае сілы і час на чаканне-шуканне, раптам пачынаюць разумець, што шчасце, як тыя акуляры, сядзела «на пераноссі».

Ці трохі вышэй.

Крадзеж веку

...Ён кахаў яе, кахаў — «як ніхто, нікога і ніколі»: абрываў тэлефон і пісаў лісты, спрабаваў закідваць кветкамі і падарункамі, сустракаць з работы, начаваць пад вокнамі...

Яна ж павінна была гэта ўбачыць?

Яна павінна была адказаць — тым жа!

Не, не з ягоным шчасцем...

Не хацелася ў гэта паверыць, не хацелася адступаць. Але ён урэшце змог. Сказаў, што не будзе больш непакоіць... Хіба — двойчы на год: 26 верасня, каб павіншаваць з днём народзінаў, і 14 лютага, каб сказаць, што кахае, кахае да скону... А калі ў нейкі год пра гэта не скажа, «значыць, усё — сканаў»...

Зрэшты, падчас той апошняй сустрэчы ён гаварыў шмат. І, напэўна, праз гэта словы яго зусім «не чаплялі» — праляталі міма вушэй. Больш за тое, яны б, відаць, забыліся, калі б... не збыліся. Бо ён і сапраўды знік: не званіў, не пісаў, не сустракаў, не начаваў... «Аб'яўляўся» хіба двойчы на год...

Нельга сказаць, што яна чакала гэтых «аб'яў». Проста ведала: ён як мінімум пазвоніць...

Сёлета — не пазваніў.

І як абакралі.

Тата — можа...

Будні, праца, штодзёншчына: тэкст на стале — чужы, не сказаць, каб добры, не сказаць, каб дрэнны: можна друкаваць, але ж дапрацаваўшы...

Звыклая справа. І перад ёй — ці не звычны ўспамін. Малая дачушка, вялікага, можна сказаць, паэта напісала вершык, паказала бацьку. Той дужа ўсцешаны быў: ну яшчэ б — гены... Праўда, слоўка-другое хацеў паправіць. Ён нават аловак «занёс», каб закрэсліць... Дзіця не дало, сказала:

— Не чапай, тата! Ты ўсё сапсуеш...

Тата можа... Што ўжо казаць пра іншых?

Крыж

Калі ток-шоу на тэлебачанні з'яўляюцца, значыць, гэта каму-небудзь трэба — каб глядзець, каб спадзявацца на дапамогу, каб вучыцца жыць ці нешта смачнае гатаваць, каб захапляцца... мужнасцю.

У адной з вядучых пасля страшнага ДТЗ дачка ў коме, паміж жыццём і смерцю, чацвёрты год.

Іншая маці з гора, можа, звар'яцела б, спілася, усё кінула... Гэтая — працуе, жыве, спадзяецца.

І гледачоў сваіх вучыць таму ж!

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.