Вы тут

Гарэлка як ежа?


Аб тым, што рабіць з высакаградусным злом, разважае ўрач псіхіятр-нарколаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ігар ЮРГЕНС.

Пакуль палову харчовых магазінаў займаюць алкагольныя напоі, пакуль людзі працягваюць харчавацца гарэлкай з півам, нашы праблемы, звязаныя са злоўжываннем алкаголем, нікуды не знікнуць. Гэты фактар будзе важкім у структуры агульнай смяротнасці, нізкай вытворчасці працы, у парушэнні правапарадку, разводах, пазбаўленні бацькоўскіх правоў, дарожна-транспартных здарэннях, росце захворванняў, ранняй інваліднасці.

Проста задумайцеся: «адкачаць» аднаго алкаша ў рэанімацыі абыходзіцца ў тысячу долараў за суткі. Пры гэтым, калі ён стане інвалідам у актыўным узросце, дзяржава будзе яшчэ дадаткова плаціць яму пенсію звыш тысячы долараў за год плюс лекі на немалую суму. А такіх людзей тысячы!

Маштабы п'янства закранаюць кожную другую сям'ю ў нашай краіне. Ужо фактычна кожны выпускнік школы мае добры вопыт ужывання алкаголю. П'янства стала часткай жыцця! Паводле некаторых падлікаў, звычайны пітушчы чалавек траціць на спіртное столькі ж, колькі на мяса або бензін, або ў 10 разоў больш, чым на садавіну, у 7 разоў больш, чым на вопратку...

Меры па барацьбе з п'янствам добра вядомыя. Неабходна звярнуць увагу на некалькі момантаў. Першы — даступнасць. Алкагольныя напоі, па прыкладзе многіх развітых краін, неабходна прадаваць толькі ў спецыялізаваных крамах. Другі момант — прапаганда здаровага ладу жыцця павінна стаць значна больш актыўнай. Сценгазеты ў паліклініцы недастаткова. Неабходна як мага больш шырока гаварыць аб шкодзе алкаголю і ўкараняць у грамадскай думцы непапулярнасць алкагольных паводзін, непрыняцце пітушчых людзей. Варта адначасова больш рэкламаваць фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.

Неабходна звярнуць увагу і на злоўжыванне бясплатнай медыцынай. Кожны з нас абавязаны клапаціцца пра ўласнае здароўе і адначасова разумець, што за здароўе трэба плаціць. Наш пітушчы чалавек ведае, што дзяржава аплаціць і лячэнне, і рэабілітацыю, а гэта зусім не капейкі. Калі ўлічыць, што сярэдняя сям'я траціць на алкаголь 5-15 працэнтаў сваіх даходаў, можна падумаць аб укараненні ў практыку элементаў платнай медыцыны. Размова ідзе аб прымальных сумах — на аплату самых элементарных аналізаў, абследаванне і кансультацыю. Гэта па сілах любому. Калі паглядзець у цэлым на нашу ахову здароўя, то акажацца, што яна толькі і займаецца, што лячэннем алкагалізму — больш як палова стацыянарных хворых у працаздольным узросце маюць праблемы з алкаголем.

Неабходна таксама павышаць цэны на алкаголь. Чалавек больш патраціць, але менш вып'е. А той, хто выпівае ўмерана, задумаецца, ці варта выпіваць наогул ці будзе рабіць гэта па мінімуме. Паралельна дзяржава павінна ўвесці важкія штрафы за самагонаварэнне. Ажыццяўляць такія змены неабходна паступова — паколькі наша грамадства цяжка перажывае хуткія і радыкальныя крокі, — але настойліва.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.