Вы тут

Сёлета сталічнае жыллё ўжо патаннела на чвэрць


Аналітыкі адзначаюць, што і ў лістападзе на другасным рынку жылля працягнецца зніжэнне цэннікаў на стандартныя кватэры.

У кастрычніку другасны рынак жылля ажывіўся пасля зацішша, якое наступіла ў пачатку восені. Актывізаваліся пакупнікі, якія прытрымлівалі грошы ў чаканні пераменаў. У выніку колькасць здзелак вырасла да ўзроўню ліпеня-жніўня. Улічваючы, што гэта былі сёлета самыя прадукцыйныя месяцы на рынку жылля, можна сказаць: ён ажыў і пачынае працаваць у звычайным рэжыме, пра што паведамляе ў сваім аглядзе аддзел кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній «Твая сталіца». Разам з тым, на першасным
рынку жылля не ўсё так радасна, бо арганізатары будаўніцтва адзначаюць сур'ёзны недахоп рэальных кліентаў з грашыма. У сувязі з гэтым цэнавая палітыка забудоўшчыкаў
павінна карэктавацца...

14-37

Будуем трохпакаёўку па 900 долараў за «квадрат»

Сталічныя эксперты рынку нерухомасці канстатуюць, што кастрычнік не прынёс істотных зменаў на рынак новабудоўляў. Сярэдні кошт квадратнага метра зафіксаваны на вераснёвым узроўні — 1370 долараў. Масавае бюджэтнае жыллё прапануецца ўжо значна танней. Ваганне цэн на новабудоўлі класа «Эканом» у мінулым месяцы склала каля 1%. Кошт «квадрата» ў аднапакаёвых кватэрах гэтага класа сёння знізіўся да 1175 долараў, двухпакаёвых — 1150 долараў, трохпакаёвых — 1100 долараў.

Нягледзячы на ўяўную стабільнасць сярэдніх коштаў, у кастрычніку частка забудоўшчыкаў усё ж знізіла цану квадратнага метра. Акрамя таго, на рынку з'яўляецца ўсё больш аб'ектаў класаў «Эканом» і «Стандарт», у якіх кошт квадратнага метра знаходзіцца ў дыяпазоне ад 900 да 1000 долараў. Сярод апошніх актуальных тэндэнцый трэба адзначыць наступную: трохпакаёвыя кватэры цяпер можна свабодна набыць па цане 900 долараў за квадратны метр.

Пры гэтым застаецца яшчэ магчымасць выбіраць паміж тыповай «панэлькай» і сучасным каркасна-блочным домам, які, праўда, знаходзіцца на пачатковай стадыі рэалізацыі праекта. Варта сказаць, што па такой выгаднай цане могуць купіць кватэру толькі тыя, хто на працягу 5-7 працоўных дзён выплаціць 100% кошту набытага жылля. А для ахвотных скарыстацца растэрміноўкай квадратны метр у гэтых дамах падаражэе ўжо на 100-150 долараў.

Сярэдні кошт квадратнага метра ў каркасна-блочных дамах класа «Стандарт» таксама застаўся на ўзроўні мінулага месяца — 1285 долараў.

У прыватнасці, у аднапакаёвых кватэрах кошт «квадрата» складае 1325 долараў, у двухпакаёвых — 1295 долараў, трохпакаёвых — 1240 долараў.

Нягледзячы на тое, што сярэднія цэны на новабудоўлі класа «Стандарт» істотна вышэйшыя за тысячу долараў, у чатырох дамах гэтага класа ўсё ж можна купіць трохпакаёвыя кватэры па цане, ніжэйшай за гэтую гранічную мяжу. Праўда, дамы з такой цікавай прапановай знаходзяцца ў найлепшым выпадку на стадыі пачатку будаўніцтва каркаса і будынка, і здаваць у эксплуатацыю іх плануюць толькі ў апошняй дэкадзе 2016 года.

Амаль усеагульная растэрміноўка новабудоўляў і «куслівыя» крэдыты на куплю

Як паказвае практыка, працэнт пакупнікоў, здольных адразу аплаціць усю суму кватэры ў новабудоўлі, сёння даволі невялікі. Менавіта гэта прымушае забудоўшчыкаў усё больш актыўна выкарыстоўваць механізм растэрміноўкі ў схемах рэалізацыі жылля. Спецыялісты адзначаюць, што ўжо каля 90% камерцыйных забудоўшчыкаў прапануюць растэрміноўку, у тым ліку і без падаражэння квадратнага метра.

Працягласць растэрміноўкі шмат у чым залежыць ад фінансавай устойлівасці забудоўшчыка і можа вар'іравацца ад некалькіх месяцаў да 5 гадоў.

Зрэшты, максімальную растэрміноўку на 5 гадоў прапануе ў Мінску толькі адзін забудоўшчык, а кошт квадратнага метра ў гэтым выпадку павялічваецца ўжо на 400-500 долараў.

Найбольш распаўсюджаны перыяд растэрміноўкі складае 1-2 гады. Такі бонус доўгатэрміновай аплаты цяпер можна атрымаць у тым ліку і на кватэры ў дамах, ужо здадзеных у эксплуатацыю. Гэта той выпадак, калі ёсць магчымасць уехаць у гатовую кватэру і толькі пасля гэтага паступова аплачваць яе кошт.

Захаваўся на рынку і іншы, больш кансерватыўны, варыянт рэалізацыі жылля, калі забудоўшчык прадае кватэры ў цесным супрацоўніцтве з банкам, які прапануе крэдыты пад канкрэтныя метры будучага дома. Аднак крэдытная стаўка да гэтага часу застаецца для большасці пакупнікоў непад'ёмнай.

Рамонт кватэры ў падарунак

Сярод разнастайных маркетынгавых хадоў, якія выкарыстоўваюцца забудоўшчыкамі для прыцягнення пакупнікоў, з'явіўся новы: пакупніку ў падарунак прапануецца рамонт кватэры. Кошт квадратнага метра пры гэтым застаецца на ранейшым узроўні.

Ацэньваючы актыўнасць пакупнікоў на рынку новабудоўляў, можна сказаць, што адкладзены попыт яшчэ даволі вялікі. Пэўная частка патэнцыйных пакупнікоў пачынае больш актыўна маніторыць рынак і плануе куплю кватэры ў найбліжэйшай будучыні. Такую выснову робяць спецыялісты пасля ацэнкі росту колькасці званкоў-запытаў аб куплі кватэр у новабудоўлях.

Яшчэ адна асаблівасць перыяду фінансавага голаду тычыцца змяненняў прыярытэтаў спажыўцоў, калі ўсё больш папулярнымі на рынку становяцца бюджэтныя кватэры з невялікай агульнай плошчай. Пакупнік, які разлічвае ўкласці ў куплю пэўную колькасць грошай, будзе разглядаць найбольш бюджэтны аб'ект, што не патрабуе пошуку дадатковага фінансавання. У той жа час аб'ём прапановы на рынку цяпер досыць шырокі і разнастайны і дазваляе выбіраць жаданую новабудоўлю на розных этапах будаўніцтва. А апошнія падзеі ў фінансавай сферы нашай дзяржавы і ў найбліжэйшых суседзяў паказваюць, што забудоўшчыкам і надалей давядзецца падладжвацца пад зменлівыя рэаліі рынку.

Мінус 4% штомесяц

Эксперты адзначаюць, што ўвесь год на рынку сталічнага жылля захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя па зніжэнні кошту квадратнага метра. Сёлета за 10 месяцаў кватэры на другасным рынку Мінска патаннелі на 25%. Самыя дынамічныя тэмпы зніжэння коштаў назіраліся вясной і ўвосень, калі цана «квадрата» жылля губляла штомесяц па 4%. Кастрычнік не стаў выключэннем. Сярэдні кошт квадратнага метра ў кватэрах стандартных спажывецкіх якасцей знізіўся на 50 долараў ЗША і склаў 1200 долараў, у тым ліку: у аднапакаёвых кватэрах — 1290 долараў, двухпакаёвых — 1180 долараў, трохпакаёвых — 1145 долараў.

Што тычыцца кватэр, якія прадаюцца з добрым рамонтам і мэбляй (кватэры «гатовыя да пражывання»), у кастрычніку іх цана засталася без змен — 1430 долараў за квадратны метр. У тым ліку кошт квадратнага метра ў аднапакаёвых кватэрах з рамонтам склаў 1495 долараў, двухпакаёвых — 1445 долараў, трохпакаёвых — 1320 долараў. У той жа час у агульным аб'ёме прапановы падобных аб'ектаў павялічылася колькасць кватэр, якія прадаюцца па цалкам дэмакратычным кошце ў 1300 долараў за «квадрат». Кватэры гэтага цэнавага дыяпазону займаюць каля 30% ад агульнай колькасці здзелак за кастрычнік.

Разам з тым, спецыялісты канстатуюць, што сярод рэалізаваных «гатовых да пражывання» аб'ектаў сёлета значна часцей аказваюцца кватэры са свежым, якасным рамонтам і ўбудаванай мэбляй сярэдняга цэнавага сегмента. А вось кватэры з дарагім дызайнерскім рамонтам значна даўжэй чакаюць сваіх пакупнікоў. Нярэдка ўласнікі няправільна ацэньваюць свой рамонт. На рынку з'яўляюцца апрацоўчыя матэрыялы новага пакалення, а аздабленне, якое здавалася раней якасным і сучасным, старэе. Безумоўна, такая кватэра па-ранейшаму «гатовая да пражывання», але ўжо больш не дае той дабаўлены кошт, які яна стварала раней.

Змянілася сёлета і структура пераваг пакупнікоў другаснага жылля. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца кватэры ў дамах-новабудоўлях 2010—2015 гадоў пабудовы. Здзелкі з такімі кватэрамі складаюць 25% ад агульнай колькасці. Частка іх прадаецца з бюджэтнай будаўнічай апрацоўкай або зусім без яе, што значна памяншае кошт квадратнага метра ў кватэрах-новабудоўлях.

Другімі па запатрабаванасці аказаліся кватэры ў дамах 1960—1969 гадоў пабудовы. Такая папулярнасць «хрушчовак-брэжневак» заснавана ў першую чаргу на іх таннасці.

Нягледзячы на тое, што дамы старога фонду не могуць разглядацца як добрая інвестыцыя ў нерухомасць, яны застаюцца цікавымі для тых, хто жадае хутка і нядорага вырашыць сваё кватэрнае пытанне. Кошт квадратнага метра ў такіх кватэрах не нашмат таннейшы за сярэдні кошт квадратнага метра па горадзе, а вось метраж іх значна меншы, чым плошча больш сучаснага жылля. Атрымліваецца, калі бюджэт абмежаваны, а вырашаць кватэрнае пытанне трэба, то пакупнік нярэдка выбірае кампактную «хрушчоўку». Толькі за кошт розніцы ў плошчы, купля кватэры стандартнай планіроўкі ў доме 1977 года пабудовы абыдзецца даражэй на 6-12 тысяч долараў. Менавіта гэты факт і падтрымлівае жыццяздольнасць здзелак з «хрушчоўкамі-брэжнеўкамі» на рынку.

Канкурэнцыя збівае кошт арэнды

Рынак сталічнай арэнды сёлета не прыносіць сапраўды адчувальнай выгады ўласнікам-арэндадаўцам, як у папярэднія гады. У выніку разглядаць рынак жылля ў якасці годнага аб'екта для інвеставання свабодных сродкаў становіцца ўсё цяжэй. Вялікі аб'ём прапановы свабодных кватэр абвастрае канкурэнцыю паміж арэндадаўцамі і прымушае іх зніжаць кошт арэнды. Так, па выніках кастрычніка сярэдняя цана арэнды аднапакаёвай кватэры, якая мае акуратны рамонт і абсталявана базавым наборам мэблі, складае 220 долараў у месяц, двухпакаёвай — 290 долараў, трохпакаёвай — 350 долараў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.