Вы тут

«Год удалы для сельскай гаспадаркі раёна


З чым гэта звязана і што новага з'явілася апошнім часам у вытворчасці, сацыяльнай сферы, расказаў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч.

13-10

— Для сельскай гаспадаркі Дзяржынскага раёна гэты год склаўся дастаткова ўдала. Вытворчасць збожжа на ўзроўні 119 тыс. тон, што на 10 тыс. тон больш за леташнюю. Што тычыцца ўраджайнасці збожжавых, то мы на другім месцы ў вобласці — 61 цэнтнер з гектара. Акрамя таго, мяркуем сабраць каля 20 тыс. тон зерня кукурузы. Такім чынам атрымаем валавы збор каля 136 тыс. тон, што ўпершыню ў гісторыі раёна. У выніку мы забяспечылі сябе фуражным зернем і выканалі дзяржаўны заказ на 103%.

Прадалі дзяржаве і 10 тыс. тон рапсу, летась — 14 тыс. тон. Справа ў тым, што каля 50% плошчаў азімага рапсу загінула, таму дадаткова давялося сеяць каля тысячы гектараў яравога.

Сёлета павялічылі плошчы пад бульбу на 300 гектараў і атрымалі прыбаўку каля 7 тыс. тон. Чакаем ураджайнасць прыкладна 320 цэнтнераў з гектара, што на 20 цэнтнераў вышэй за леташнюю.

З улікам сенажу і сіласу ў раёне нарыхтавана 27,5 кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы, што на 0,2 адзінкі больш, чым летась. Гэта найлепшы вынік у Мінскай вобласці. Акрамя таго, пакуль яшчэ вядзём уборку траў, падкошваем канюшыну, люцэрну.

Адзінае, што па ўраджайнасці буракоў не выйдзем на ўзровень мінулага года. У сувязі з засухай недабралі запланаванага. Але, думаю, па валавым паказчыку атрымаем прыбаўку, паколькі дадаткова пасеялі 600 гектараў караняплодаў.

— Мікалай Іванавіч, за кошт чаго ўдалося дасягнуць добрых паказчыкаў? Здавалася б, сёлетнія ўмовы надвор'я не надта спрыялі сельскім працаўнікам?

— Самае галоўнае — захаванне тэхналогій. Мы пераконваемся ўжо не першы год, што ў тых гаспадарках, дзе яны вытрымліваюцца, кліматычныя ўмовы нязначна ўплываюць на зніжэнне або павелічэнне ўраджайнасці, канчатковы вынік. У апошнія гады мы ўносім пад сельскагаспадарчыя культуры не менш за 350 кілаграмаў дзейнага рэчыва на гектар, а асобныя арганізацыі — нават больш.

— Сёлета якраз 15 лістапада, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, спаўняецца 9 гадоў, як вы кіруеце раёнам. Што ўдалося за гэты час?

— Асноўным індыкатарам сельскагаспадарчай вытворчасці лічыцца вытворчасць малака. Калі я прымаў раён, то ён займаў дзявятае месца па надоях на адну карову, цяпер — другое. У краіне сёння мы чацвёртыя па вытворчасці малака. Летась у сярэднім па раёне надаілі на карову 6450 кілаграмаў, сёлета чакаем 6700 кілаграмаў.

— Дзяржынск уваходзіць у свабодную эканамічную зону, куды прыходзяць прыватныя інвестары, развіваецца бізнес. Якія цікавыя праекты рэалізаваны ў апошні час?

— У нас рэалізаваны цэлы шэраг інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве прамысловых прадпрыемстваў па выпуску новай прадукцыі, створаны дадатковыя рабочыя месцы.

Напрыклад, закрытае акцыянернае таварыства «Штадлер-Мінск» выпускае швейцарскія электрычкі. Праўда, тут ёсць пэўныя складанасці: па дагаворы цягнікі павінны былі набываць расіяне, але ў сувязі з крызісам запланаваны аб'ём закупак адменены. На прадпрыемстве знайшлі новыя рынкі збыту — Азербайджан.

У Фаніпалі завод «Эвіпак Індастрыз» вырабляе шматслойную стрэйч-плёнку. На сённяшні дзень тут завяршаюць другую частку праекта — мадэрнізацыю і ўстаноўку сучаснага абсталявання, што дазволіць павялічыць аб'ёмы выпуску прадукцыі. Ужо вызначаны канкрэтныя рынкі яе збыту.

На прадпрыемстве «Амкадор-Ластамер», якое займаецца вытворчасцю гумава-тэхнічных вырабаў для аўтатрактарнай тэхнікі, таксама працягваецца інвестыцыйны праект. Безумоўна, пэўныя цяжкасці тут ёсць. Але, тым не менш, 156 млрд рублёў сёлета ім асвоена.

У Дзяржынску на базе маторарамонтнага завода пабудавана прадпрыемства «Салеа», дзе наладжана вытворчасць гідраўлічных вырабаў і якое на сённяшні дзень працуе на экспарт. Тут ёсць пэўныя пытанні са збытам прадукцыі, але ідзе дыверсіфікацыя вытворчасці, знаходзяцца новыя рынкі. Завод цалкам загружаны.

Добра працуе замежнае прадпрыемства «Унамедыкап» па выпуску медыцынскіх вырабаў: летась тут завяршылі мадэрнізацыю, у людзей годная зарплата. У планах — мадэрнізацыя ААТ «Амкадор-Дзяржынск».

13-8

— Дзякуючы гэтаму, відаць, у раёне развіваецца і сацыяльная сфера?

— У горадзе будуецца шмат жылля. І сацыяльная сфера не можа адставаць. У 2013 годзе мы зрабілі прыбудову на 200 месцаў да Фаніпальскай сярэдняй школы. У выніку вызваліўся дзіцячы сад, які быў заняты школьнымі класамі. Сёлета завяршылі яго рэканструкцыю і ўвялі ў дзеянне. Будуем і дзіцячы сад з цэнтрам карэкцыйнага развіцця на 162 месцы ў Дзяржынску. У лістападзе будзем яго здаваць. Для многіх маладых сем'яў вырашыцца пытанне ўладкавання сваіх дзяцей, а маці змогуць выйсці на працу.

Сёлета ўзводзіцца дом, куды пераселім людзей з непрыдатных для пражывання дамоў у Негарэлым, пасёлку Энергетыкаў, Дзяржынску. Вызваленыя плошчы выкарыстаем для ўзвядзення шматпавярховага жылля.

— У Дзяржынску планаваўся знос прыватнага жылля, што вельмі хвалявала людзей. Як вырашылася пытанне?

— Справа ў тым, што Дзяржынск — адзін з гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Была прапанова зносіць прыватную забудову і будаваць жыллё для жыхароў Мінска. Людзі абурыліся. І падчас грамадскага абмеркавання такі варыянт не прайшоў. Разумнае рашэнне знайшоў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра: развіваць будаўніцтва для грамадзян сталіцы ў раёне гарадскога пасёлка Рудзенск Пухавіцкага раёна, дзе побач знаходзіцца ЦЭЦ-5, дзе дастаткова і цеплавых, і электрычных магутнасцяў, не трэба пракладваць новыя інжынерныя камунікацыі, ладзіць кацельні, ачышчальныя збудаванні. Разам з тым гэта і эканомія сродкаў, прызначаных пад знос жылля.

Дадам, што актыўнае будаўніцтва вядзём і ў сельгасарганізацыях па праграме Мінаблвыканкама, які выдаткаваў сродкі на «клюшачнікі». Гаспадарчым спосабам узводзім 10 такіх памяшканняў: у ААТ «Крутагор'е-Петкавічы», «Маяку-78», «Баравым-2003», «Кастрычнікай рэвалюцыі». Дзякуючы агракамбінату «Дзяржынскі» ў філіяле «Фалько-Агра» з'явіўся новы малочнатаварны комплекс на тысячу галоў дойнага статка па найноўшых тэхналогіях. Сёлета ў раёне пабудавалі 21 сянажную траншэю. Напалову кошт канструкцый фінансавалі з абласнога бюджэту.

Такім чынам, з кожным годам удасканальваецца і база для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.