Вы тут

Крывавая пятніца Парыжа. Якім будзе адказ сусветнай супольнасці?


 

Сёлетняя пятніца 13 лістапада назаўжды застанецца не толькі ў найноўшай гісторыі Францыі, а і ўсяго свету як крывавая, страшная старонка. У гэты дзень увечары ў Парыжы адбыліся сем тэрактаў, ахвярамі якіх сталі амаль паўтысячы чалавек — 132 загінулі, 352 паранены (многія знаходзяцца ў крытычным стане). Адказнасць за бойню ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава».


Пытанне супрацьстаяння тэрарызму было ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў дзясятага саміту G20 (Вялікай дваццаткі — кіраўнікоў Аўстраліі, Аргенціны, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Індыі, Інданезіі, Італіі, Канады, Кітая, Мексікі, Паўднёвай Карэі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Расіі, Саудаўскай Аравіі, ЗША, Турцыі, Францыі, Японіі і Еўрапейскага саюза), які прайшоў 15-16 лістапада ў турэцкай Антальі. Зразумела, што з прычыны тэрактаў Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд не змог прысутнічаць на саміце, краіну прадстаўлялі кіраўнік МУС Ларан Фабіус і міністр фінансаў Мішэль Сапен. Крывавая пятніца ў Парыжы прымусіла сусветных лідараў усур'ёз задумацца пра адэкватны адказ на выклікі тэрарыстаў.

17-19

17-19

 

Не схавацца

За апошнія дзесяць гадоў ахвярамі тэрарыстаў сталі многія сотні мірных жыхароў Еўропы. Такія жудасныя здарэнні, на жаль, у Старым Свеце зусім не рэдкасць — у той жа Францыі сёлета гэта чацвёрты тэракт. 7 студзеня браты-ісламісты Саід і Шэрыф Кашы, узброеныя аўтаматамі Калашнікава, гранатамётам, некалькімі пісталетамі і помпавым драбавіком, з крыкамі «Алаху Акбар» уварваліся ў рэдакцыю сатырычнага часопіса Charlіe Hebdo. У выніку стральбы загінула 12 чалавек і было паранена 11. Праз два дні браты-тэрарысты Кашы былі знішчаны падчас спецаперацыі. Адказнасць за тэракт узялі на сябе баевікі «Аль-Каіды». Ісламісты помсцілі за карыкатуры на прарока Мухамеда, якія публікавала выданне.

9 студзеня ў Парыжы ўзброены Амедзі Кулібалі, саўдзельнік братоў Кашы, напаў на супермаркет кашэрных прадуктаў «Гіпер Кашэр». У выніку тэракта загінула 5 чалавек. 26 чэрвеня непадалёк ад французскага Грэнобля баявік на аўтамабілі пратараніў вароты хімічнага завода Aіr Products і ўрэзаўся ў балоны з газам. У руках у яго быў сцяг «Ісламскай дзяржавы». Ля ўвахода на прадпрыемства знайшлі абезгалоўленае цела яго дырэктара. Па падазрэнні ў забойстве быў арыштаваны работнік завода Ясін Салі. Раней яго затрымлівалі за радыкалізм, але ў 2008 годзе падазрэнні з яго былі зняты. Па даных французскай паліцыі, Салі падтрымліваў кантакты з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы».

Францыя і дагэтуль неаднойчы станавілася мішэнню для тэрарыстычных атак. Напрыклад, 11, 15 і 19 сакавіка 2012 года ў гарадах Тулуза і Мантабан на поўдні краіны француз алжырскага паходжання Махамед Мера здзейсніў серыю забойстваў. У гэтыя дні ён двойчы напаў на вайскоўцаў, а таксама на тутэйшую яўрэйскую школу. Мера забіў траіх вайскоўцаў, настаўніка духоўнага выхавання, двух яго дзяцей і 8-гадовую дзяўчынку. Злачынец быў ліквідаваны праз некалькі дзён падчас перастрэлкі з паліцыяй. Адказнасць за злачынства ўзялі на сябе ісламісты, звязаныя з арганізацыяй «Аль-Каіда ў краінах ісламскага Магрыба».

17-21

17-21

 

Варта ўзгадаць яшчэ тры буйныя тэракты ў еўрапейскіх краінах, здзейсненыя ў 2000-х. 11 сакавіка 2004 года адбыўся найбуйнейшы тэракт у гісторыі Іспаніі. У Мадрыдзе тэрарысты падарвалі 10 бомбаў у цягніках на некалькіх чыгуначных станцыях. Ад выбухаў загінуў 191 чалавек, былі паранены больш чым 2 тысячы. Адказнасць за злачынствы ўзяла на сябе «Аль-Каіда».

7 ліпеня 2005 года чатыры тэрарысты-смяротнікі падчас гадзін пік здзейснілі выбухі ў грамадскім транспарце Лондана. З прамежкам каля хвіліны былі падарваны тры цягнікі на розных станцыях метро, а праз гадзіну смяротнік падарваў двухпавярховы аўтобус на Тэвістак-сквер. У выніку загінулі 56 чалавек, 700 былі паранены. Адказнасць за тэракт зноў-такі ўзяла на сябе «Аль-Каіда».

22 ліпеня 2011-га ў Нарвегіі адбыўся падвоены тэракт: адзін ва ўрадавым квартале Осла, другі праз паўтары гадзіны — на востраве Утоя. У нарвежскай сталіцы выбухнула бомба з радыёкіраваннем вагой каля 500 кілаграмаў, закладзеная ў аўтамабіль. Ад выбуху на месцы загінулі сем чалавек, яшчэ адзін памёр у бальніцы, раненні атрымалі больш за 200 чалавек. Пасля гэтага выбуху нарвежскі нацыяналіст Андрэс Брэйвік, пераапрануты ў форму паліцэйскага, расстраляў 67 маладых людзей, якія прымалі ўдзел у летнім лагеры Працоўнай партыі. Пасля ён прызнаўся і ў арганізацыі тэракта ў Осла.

Як бачым, еўрапейская геаграфія тэрарызму ахоплівае літаральна ўвесь Стары Свет. На кантыненце не засталося «пастаральных куткоў», якія тэарэтычна не маглі б у імгненне вока ператварыцца ў крывавае пекла...

Ціхая паніка

«На вачах у нас разгортваюцца беспрэцэдэнтныя тэрарыстычныя атакі. Гэта жах. Тэрарысты хочуць, каб мы баяліся. Страх сапраўды ёсць, але ёсць і іншае — нацыя, якая ўмее сябе бараніць», — падкрэсліў у сваім звароце пасля серыі тэрактаў у Парыжы Прэзідэнт Францыі. Франсуа Аланд таксама адзначыў, што прынятае ім рашэнне закрыць межы адпавядае Шэнгенскаму пагадненню і не парушае абавязкаў, узятых краінай у рамках Еўрасаюза.

Надзвычайнае становішча ўводзіцца ў Францыі пяты раз за апошнія 60 гадоў. У 2005 годзе, пасля хваляванняў у парыжскіх прыгарадах, такі рэжым дзейнічаў толькі на тэрыторыі сталічнай акругі. Агульнанацыянальнае надзвычайнае становішча, як цяпер, аб'яўлялася тройчы — у 1955, 1958 і 1961 гадах у сувязі з вайсковым супрацьстаяннем у Алжыры.

Крывавыя падзеі нездарма адбыліся напярэдадні кліматычнага саміту, які пачнецца 30 лістапада. У Парыж павінны прыехаць кіраўнікі 80 краін свету, уключаючы ЗША і Расію. Мы ўжо ўзгадвалі пра атаку тэрарыстаў на лонданскае метро. Дарэчы, тады ў брытанскай сталіцы праходзіла сустрэча «Вялікай васьмёркі».

Цікавыя каментарыі з'явіліся ў еўрапейскіх выданнях. Напрыклад, як паведаміла газета Le Fіgaro, спецслужбы, вайскоўцы, эксперты па бяспецы ўжо неаднаразова папярэджвалі аб небяспецы французскія ўлады. Камітэт па маніторынгу тэрарыстычнай дзейнасці проста заявіў: «Мы маем падставы лічыць, што «Ісламская дзяржава» плануе скарыстаць джыхадзістаў з заходніх краін, каб здзяйсняць тэракты ў іх родных краінах. Іх вяртанне на радзіму — прадуманая тэрарыстычная аперацыя».

The Guardіan прыводзіць шакіруючыя лічбы: з трох з лішнім тысяч еўрапейцаў, якія адправіліся на джыхад на Блізкі Усход, мінімум 1430 — французы. Прыкладна столькі ж застаюцца ў Францыі, але знаходзяцца пад назіраннем спецслужбаў — яны ў той ці іншай форме падтрымліваюць сувязь з ІД і іншымі ісламісцкімі групамі. Усяго колькасць патэнцыйных баевікоў ацэньваецца ў сем тысяч чалавек. Выданне нагадвае, што больш за 150 радыкалаў утрымліваюцца цяпер у французскіх турмах. Але найгоршае за ўсё іншае: каля 200 ісламістаў з баявым вопытам вярнуліся ў Францыю, і злавіць іх пакуль не атрымліваецца.

17-22

17-22

 

У Германіі сочаць за падзеямі ў Парыжы з не меншай увагай. У краіне, якая стала для мігрантаў з Блізкага Усходу «зямлёй запаветнай», органы бяспекі ўжо не першы месяц знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці пасля паведамленняў пра тое, што сярод бежанцаў могуць быць тэрарысты. Выданне Dіe Welt адзначае, што ісламісты вядуць актыўную прапаганду ў інтэрнэце і сацсетках, абяцаючы тэракты ў Еўропе, і, здаецца, іх словы — не пустыя пагрозы.

Германіі пакуль удавалася пазбягаць тэрарыстычных актаў падобнага маштабу. Але, як піша выданне, цягам апошніх месяцаў у спецслужбах і паліцыі «ўладарыць ціхая паніка»: кожны тыдзень прыходзяць новыя папярэджанні пра магчымыя тэракты, паліцыя здымае з самалётаў былых баевікоў, што вярнуліся з Сірыі, а спецназ праводзіць аперацыю за аперацыяй, арыштоўвае тых, хто праскочыў кантроль у аэрапорце. Усяго, па звестках спецслужбаў, на джыхад з'ехалі больш 780 чалавек, многія з іх вярнуліся, атрымаўшы баявы вопыт, і далёка не ўсіх удалося затрымаць. Службы бяспекі налічылі ў Германіі каля 420 радыкальных ісламістаў, яшчэ 320 трапілі ў лік спачувальнікаў. І гэта яшчэ не поўны спіс. Калі ў верасні 2014 года паліцыя ў Касэлі арыштавала наркагандляра, у яго кватэры знайшлі аўтамат Калашнікава, пісталет і вопратку з сімволікай «Ісламскай дзяржавы». Аказалася, злачынец месяц назад вярнуўся з Сірыі і пры гэтым застаўся па-за ўвагай спецслужбаў.

Пасля бойні

Амерыканская прыватная разведвальна-аналітычная кампанія Stratfor (яе яшчэ называюць «ценявым ЦРУ») у сваім прагнозе расказала пра магчымыя ўнутраныя і знешнепалітычныя наступствы тэрарыстычных атак у Парыжы. «Прыток бежанцаў у Еўропу з такіх краін, як Сірыя, павялічвае верагоднасць пранікнення прадстаўнікоў джыхадзісцкіх груповак у міграцыйны паток дзеля арганізацыі тэрактаў на тэрыторыі Еўропы», — піша Stratfor.

Без сумнення, парыжскія тэракты будуць мець і палітычныя наступствы, як лічаць аналітыкі. Праз пяць дзён адзіны авіяносец Францыі «Шарль дэ Голь» павінен адправіцца ў Персідскі заліў для змагання з «Ісламскай дзяржавай» у Іраку і Сірыі, з канца верасня там таксама здзяйсняе налёты французская баявая авіяцыя.

«З палітычнага пункту погляду, тэракты з'яўляюцца напамінам пра даўнія этнічныя супярэчнасці ў Францыі», — адзначаецца ў матэрыяле Stratfor. У апошнія месяцы ўся ўвага ў гэтым пытанні была сфакусавана на суседняй Германіі — вялікая колькасць мігрантаў прыбывала ў краіну з поўдня і ўсходу, і толькі нешматлікія з іх адпраўляюцца далей, у Францыю. Парыж не прымаў актыўнага ўдзелу і ў вырашэнні міграцыйнага крызісу, хай прадстаўнікі Францыі і былі на сустрэчах, прысвечаных гэтаму пытанню, і ўвогуле падтрымлівалі ідэю Германіі пра размеркаванне ўцекачоў па ўсёй Еўропе. Можна чакаць, што падзеі ў французскай сталіцы ўзмоцняць пазіцыі тых, хто заклікаў да спынення прытоку мігрантаў і закрыцця межаў у такіх краінах, як Германія і Швецыя, а таксама ў большай частцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

17-20

17-20

 

Бойня ў Парыжы ў чарговы раз паставіла перад усімі пытанне наконт таго, куды рухаецца свет. «Галоўная праблема ў тым, ці ўдасца Захаду (ЗША плюс Еўропа), Расіі, а таксама Кітаю з Індыяй стварыць палітычную і вайсковую кааліцыю і задушыць заразу ў зародку, стварыўшы на будучыню сістэмы кантролю (імунітэту), якія прадухіляюць масавыя захворванні сістэмным тэрарызмам», — заўважае доктар палітычных навук, навуковы супрацоўнік каледжа Сент-Энтані Оксфардскага ўніверсітэта Уладзімір Пастухоў .

І апошняе. Выхад у свет новай кнігі французскага пісьменніка Мішэля Уэльбека «Пакорлівасць» супаў па часе з расстрэлам ісламскімі тэрарыстамі рэдакцыі сатырычнага тыднёвіка Charlіe Hebdo. Публікацыя кнігі на рускай мове — з серыяй тэрактаў у Парыжы. У «Пакорлівасці» гаворка ідзе пра недалёкую будучыню. На дварэ пачатак 2020-х, Прэзідэнтам Францыі стаў ісламіст. Кабетам забаронена паказваць ногі і займацца чымсьці, апроч сям'і. Еўрапейскія мужчыны спешна робяцца мусульманамі, каб мець магчымасць захаваць працоўнае месца (галоўны герой — выкладчык Сарбоны), і заводзяць некалькі жонак. Як казаў некалі Уінстан Чэрчыль, no comment...

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне Прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду ў сувязі з вялікай колькасцю ахвяр у выніку серыі тэрактаў у Парыжы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «З вялікім болем успрынялі ў Беларусі вестку аб шматлікіх чалавечых ахвярах у выніку тэрарыстычных актаў. Ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказваю самыя шчырыя спачуванні і словы падтрымкі родным і блізкім загінулых і пацярпелых, а таксама ўсяму французскаму народу», — адзначаецца ў спачуванні.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.