Вы тут

Зноў будзем першымі?


Можна было б сказаць, што толькі лянівы не абмяркоўвае магчымага павышэння пенсійнага ўзросту. Але ж тут той выпадак, калі, здаецца, і лянівыя не застаюцца ўбаку. Учора, напрыклад, суседкі ля ліфта ледзь не паспрачаліся наконт тэрмінаў абвяшчэння. Адна сцвярджала, што пра рэформу аб'явяць на Усебеларускім народным сходзе. Другая, спасылаючыся на «кампетэнтныя» крыніцы, даводзіла, што гэта адбудзецца пасля Новага года. Што цікава, абедзве дамы даўно на пенсіі, ім у сувязі з магчымым павышэннем узросту абсалютна нічога не пагражае. Але ж тэма, згадзіцеся, асаблівая, амаль у кожнага знойдзецца знаёмы ці сваяк, якому неўзабаве трэба будзе збіраць пенсійныя дакументы.

яскевіч

Кажу зараз пра сваё пакаленне. Жанчыны, якія нарадзіліся ў сярэдзіне 1960-х гадоў, і крыху старэйшыя мужчыны асабліва ўважліва сочаць за любой інфармацыяй з гэтай нагоды. Тыя, каму застаўся да пенсіі прыкладна год, спадзяюцца, што яны яшчэ ўскочаць у апошні вагон. Каму ж працаваць больш за пяцігодку, маральна рыхтуюцца да рэформаў. А тыя, хто ўсярэдзіне, асцерагаюцца стаць піянерамі новай сістэмы. Гэта якраз тая «чарга», дзе ніхто не мае асаблівага жадання стаць першым. Хоць некаму ўсё роўна давядзецца.

Асабліва непакояцца вясковыя людзі, работнікі сельскагаспадарчай галіны. Сярод іх і цяпер найменш ахвотнікаў працаваць пасля пенсіі. Заробкі ў большасці сучасных калгасаў невысокія, часам яны наогул мала адрозніваюцца ад пенсійных выплат. Таму пасля дасягнення ўзросту і атрымання пенсіі людзі пакідаюць працу і займаюцца ўласнай падсобнай гаспадаркай. Нядаўна ў адной з камандзіровак разгаварылася з даяркай прыкладна майго ўзросту. Жанчына расказвала, што з савецкіх часоў іх калгас, ці, правільней, саўгас не значыўся ў перадавіках. Не шанцавала гаспадарцы і потым, часта мяняліся кіраўнікі, звычнымі былі затрымкі зарплаты. Даяркай яна працуе не так многа часу. Пайшла на ферму, бо тут больш стабільная работа і крыху вышэйшая зарплата, а трэба думаць пра пенсію, да якой два гады. Алена сказала, што ніхто з даярак апошнім часам не заставаўся працаваць пасля дасягнення ўзросту. Тыя аператары машыннага даення, якія маюць працяглы стаж, выходзяць на пенсію раней. У яе стажу не хапае, таму яна будзе працаваць да 55-і. «Больш? Ні ў якім разе! Здароўе не дазваляе. І так кожны год ляжу ў бальніцы. Пасля выхаду на пенсію збіраюся грунтоўна заняцца здароўем», — гаварыла сельская жанчына.

Сапраўды, здароўе ва ўсіх рознае. Адзін і ў 75 паспяхова працуе і не гарыць жаданнем пайсці на заслужаны адпачынак, а іншы ў 50 змагаецца з цяжкімі хваробамі. Ёсць пытанне. Адным словам, не зайздрошчу я распрацоўшчыкам пенсійнай рэформы. Ім шмат чаго давядзецца ўлічваць. Як тое, напрыклад, што падобныя новаўвядзенні ўсё ж такі лепей ажыццяўляць пры больш стабільнай эканоміцы, чым цяпер. Прывяду статыстыку: за два з паловай гады колькасць занятых у вытворчым сектары на Брэстчыне скарацілася крыху больш як на 28 тысяч чалавек. Лічба, параўнальная з насельніцтвам не самага малога райцэнтра. Кажуць, што такім чынам увасобілі ў жыццё аптымізацыю колькасці працаўнікоў. І большасць людзей, што трапілі пад скарачэнне, тыя, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту. Значыць, не засталіся зусім без сродкаў на існаванне. Таму ўсё ж падаецца лепшым пачакаць з названай рэформай, пакуль на прадпрыемствах і арганізацыях сітуацыя палепшыцца. Прынамсі, так мы разважылі са сваімі сяброўкамі-аднагодкамі, абмяркоўваючы заяўленую тэму. Не адставаць жа ад іншых!

А яшчэ мы згадалі, што пачатак нашай працоўнай дзейнасці прыпаў на разгар перабудовы, калі ў крамах станавілася пуста, а тавары размяркоўваліся па блаце. Маладыя спецыялісты, якія прыбылі па накіраваннях, мы не паспелі абзавесціся знаёмствамі і перабіваліся часам без самых элементарных рэчаў. Затым развалілася краіна разам з яе сацыяльнай сістэмай. Мы былі першыя, хто не атрымліваў бясплатнага жылля, а будаваў яго за свае сродкі. Мы гадавалі дзяцей у 90-я на зусім маленькія дапамогі. Гэта цяпер на дапамогу па доглядзе дзіцяці можна сціпла праіснаваць. А калі ў вас з'явіцца двойня ці трайня, то вам і няньку дадуць за кошт бюджэту... Мы нават дзіцячае харчаванне не заўсёды маглі купіць па прычыне адсутнасці яго ў крамах. Мы былі адным з першых пакаленняў, якое платна вучыла дзяцей. Няўжо і цяпер жыццё прызначыць нас першымі?

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.