Вы тут

Ма­ры­на Ло­бач: «Першыя булавы мне зрабіў тата»


Алімпійская чэмпіёнка пра жыццё праз 27 гадоў.

Сёння мастацкая гімнастыка з'яўляецца адным з самых паспяховых відаў спорту ў нашай краіне. Даўно ўжо беларускія дзяўчаты не вяртаюцца без узнагарод з прэстыжных сусветных спаборніцтваў, а самую моцную канкурэнцыю грацыям усяго свету складаюць прадстаўніцы постсавецкіх краін. Пачатак такога панавання на п'едэстале быў пакладзены ў 1988 годзе, калі ўраджэнка Беларусі Марына Лобач стала першай савецкай алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы.

18-17

«Залаты» маршрут: Смалявічы — Мінск

Гісторыя гэтай спартсменкі падобная на казку пра Папялушку: яна нарадзілася ў маленькім мястэчку Смалявічы, а вырасла ў «зорку» сусветнага маштабу. Марына выхоўвалася ў простай сям'і, дзе, акрамя яе, было яшчэ дзве сястры. Аб існаванні мастацкай гімнастыкі і не падазравала, але ў 7 гадоў воляй лёсу трапіла ў секцыю. Нездарма кажуць: усе выпадковасці — не выпадковыя. Таленавітую дзяўчынку заўважыла маладая трэнер Ірына Юр'еўна, якая прыехала ў Смалявічы па размеркаванні. Сёння яе ведае ўся краіна, Ляпарская — галоўны каваль беларускіх медалёў. Яна парэкамендавала Марыне пераехаць трэніравацца ў сталіцу. Нягледзячы на адлегласць і юны ўзрост дзяўчынкі, бацькі адпусцілі дачку ў вялікі спорт. Марына Вікенцьеўна сёння ўспамінае тыя часы з усмешкай і прызнаецца, што ёй да гэтага часу сняцца сны, як яна спазняецца на электрычку.

— Тады я не разумела, як маме з татам было цяжка адпусціць мяне ў сталіцу, і ўсвядоміла, напэўна, гэта толькі тады, калі сама стала мамай. Ім трэба аддаць належнае, бацькі мне вельмі дапамаглі. Спачатку я ездзіла на трэніроўкі па некалькі разоў на тыдзень. Тата кожны раз сустракаў мяне на электрастанцыі, бывала, што засынала прама ў цягніку і праязджала свой прыпынак, тады яму прыходзілася чакаць мяне яшчэ больш, пакуль вярнуся назад. Зараз я ўспамінаю гэта і дакладна ведаю, што не змагла б паўтарыць тое ж самае яшчэ раз. Сёння мне гэта складана зразумець, а тады, дзіцяці, здавалася ўсё лёгка, напэўна, проста дзеці прасцей глядзяць на многія рэчы.

А потым Марына зусім пераехала ў Мінск. Сталіца прыняла правінцыйную дзяўчынку не надта прыязна: іншыя правілы жыцця, інтэрнат, дзе даводзілася дзяліць квадратныя метры, пастаянныя цяжкія трэніроўкі.

— Вядома, гады ўсё сціраюць,і сёння, можа быць, я ўжо не адчуваю, як тады мне было цяжка, але за спартыўную кар'еру было шмат складаных момантаў. Калі я пераехала ў Мінск, трэба было перастройвацца, прывыкаць да новага жыцця. Часам мне было складана падтрымліваць спартыўную форму, цяжка псіхалагічна пастаянна спрабаваць выступаць без памылак, але я пераадольвала сябе.

Цікава

У адным з рэстаранаў Мінска ў меню ёсць салата па рэцэпце Марыны Лобач, названая ў яе гонар. Яна складаецца са свежай морквы, чарнасліву, алівак і варанай кураціны.

Шлях на Алімп

У 15 гадоў Марына змагла заваяваць «серабро» чэмпіянату свету, у 16 яе тэхніка выканання практыкаванняў лічылася ўзорнай, а ў 18 яна стала чэмпіёнкай СССР — так паступова Лобач ішла да запаветнай мары кожнага спартсмена.

— Я заўсёды выступала з босымі нагамі, не любіла чэшак, мне хацелася адчуваць нагой варсінкі дывана. Ды і з першымі маімі купальнікамі была свая гісторыя: мне іх перашывалі з рукавоў касцюмаў скакуноў у ваду, яны ў іх заўсёды былі вельмі яркімі і эластычнымі. А першыя булавы мне зрабіў тата. Такія тады былі ўмовы.

У алімпійскім Сеуле 1988 года, нягледзячы на болі ў спіне, беларуска паказала ўсё, што магла на той момант, і за чатыры практыкаванні атрымала чатыры «дзясяткі», устанавіўшы рэкорд, не пабіты і сёння. Апярэдзіць яе не змаглі ні грозныя балгаркі, ні сяброўка па камандзе Аляксандра Цімашэнка. Тоненькая, стройная савецкая гімнастка стала ўлюбёнкай фатографаў і журналістаў усяго свету, а на радзіму вярнулася сапраўднай «зоркай».

— Калі ты становішся такім вялікім спартсменам і ўвесь свет гэта бачыць — вядома, прыемна, але званне алімпійскага чэмпіёна трэба ўмець несці, з годнасцю і дадатковай адказнасцю.

Я разумела гэта яшчэ тады, таму не думаю, што ў мяне была «зорная» хвароба. Пра гэта, вядома, лепш меркаваць збоку, але я заўсёды ведала, што ёсць людзі, якія дабіліся вялікіх вынікаў у іншых сферах жыцця, таму калі ты стаў кімсьці ў спорце — гэта не падстава «насіць карону».

Праз некалькі тыдняў Марына вярнулася ў залу, але ўжо праз год пасля пераможнай Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі вырашыла пакінуць гімнастыку: як тады ёй здавалася, назаўжды.

— У мяне не было наогул ніякіх думак з нагоды таго, з якой прафесіяй хацелася б звязаць сваё жыццё далей. Штодзённыя трэніроўкі вымотваюць, найперш маральна, таму хацелася толькі аднаго — каб гэта быў не спорт. Трэба было адпачыць, пераключыцца на нешта іншае. Але ведаеце, калі чалавек робіць нейкую працу з самага дзяцінства, любіць яе — ён абавязкова да яе вернецца.

[caption id="attachment_110720" align="alignnone" width="600"]18-16 Выступленне Марыны Лобач са стужкай на Гульнях-88.[/caption]

Іншая роля

І Марына Вікенцьеўна, вядома, вярнулася: спачатку яна стала дзяржаўным трэнерам па мастацкай гімнастыцы, але кабінетная праца не прыйшлася ёй па душы, таму чэмпіёнка перайшла ў залу і занялася падрыхтоўкай дзяцей, а потым стала членам тэхнічнага камітэта Еўрапейскай федэрацыі мастацкай гімнастыкі і суддзёй міжнароднай катэгорыі.

— Мне падабаецца гэтая праца, я раблю яе з задавальненнем. Галоўнай узнагародай для мяне, як для трэнера, вядома, з'яўляюцца прызавыя месцы маіх падапечных. Хацелася б рыхтаваць добрыя кадры для нацыянальнай зборнай.

Судзейства і трэнерства, вядома, розныя рэчы. Судзіць, асабліва спачатку, было вельмі цяжка, гэта наогул няпросты занятак, у мастацкай гімнастыцы правілы мяняюцца кожныя чатыры гады, трэба ўмець хутка перабудоўвацца. У той жа час судзейства дапамагае мне ў працы трэнера, бо настаўніку неабходна ведаць драбнюткія змены ў правілах.

Акрамя гэтага, імем вядомай спартсменкі названы міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы і школа, у стварэнні якой прыняла ўдзел сама Марына Вікенцьеўна.

— Спачатку ў ёй было не так шмат дзяцей, а цяпер іх усё больш і больш. Мне заўсёды хацелася стварыць школу для хлопчыкаў і дзяўчатак, якія не імкнуцца ў вялікі спорт. Для тых, каму проста падабаецца гімнастыка, хто хоча быць пластычным і музыкальным. Да нас прыходзяць розныя дзеткі, у тым ліку і тыя, у каго праблемы са здароўем, там у іх ёсць магчымасць развівацца не толькі фізічна, але і духоўна.

А вось турнір майго імя носіць ужо больш прафесійны характар. Там выступаюць дзеці, якіх мы ўжо ведаем па рэспубліканскіх спаборніцтвах. Гэта сур'ёзны міжнародны старт і для іх, і для нас, на ім мы паказваем юных гімнастак замежным суддзям.

Сёння ў мастацкай гімнастыцы я бачу шмат дзяцей з бліскучымі вачамі. Яны яшчэ нічога не ўмеюць, але хочуць навучыцца — гэта вельмі важны аспект. Калі ў дзіцяці ёсць мэта і яно з любоўю ставіцца да справы, якой займаецца — усё атрымаецца. З такім падыходам алімпійскі чэмпіён можа з'явіцца і з глыбінкі, як я калісьці, нягледзячы на ўмовы.

Радзіма, дзяцінства, сям'я

Кар'еры Марына Лобач заўсёды пакідала толькі другое месца, у прыярытэце ў яе — сям'я і чалавечыя адносіны. Гэта даказвае і тое, з якім цяплом яна ўзгадвае свой родны дом у Смалявічах і самыя яркія моманты дзяцінства.

— Я і цяпер часта езджу ў роднае мястэчка. Ёсць некаторыя моманты, якія проста не забываюцца. Напрыклад, я да гэтага часу памятаю грушу, якая расла каля нашага дома: яе пасадзіў яшчэ мой дзед, а тата зрабіў там арэлі, я любіла на іх гушкацца. Уздоўж вуліц па ручайках мы пускалі караблікі і беглі за імі, зімой каталіся па гародзе на санках і лыжах. Каля дома стаяла вялікая будка, у ёй жыў наш сабака, зімой туды любіў наведвацца вожык. Калі сабака заходзіўся ў істэрыцы, мы ўжо ведалі, які госць да нас прыйшоў.

Памятаю, як мама набірала крыштальна чыстую ваду з крыніцы, а мы з такім невыказным задавальненнем пілі яе. Менавіта ў такія моманты, мне здаецца, у дзіцячую душу закладвалася разуменне Радзімы. Цяпер жа таксама ўсё гэта ёсць, а адчуванні ўжо не тыя.

Неўзабаве пасля завяршэння кар'еры Марына Лобач стварыла сваю сям'ю. Калі ў спартсменкі з'явіліся дзеці, яна цалкам аддала свой час ім.

— Мы пазнаёміліся з мужам у цягніку: я ехала з Масквы, тады яшчэ зусім мала часу прайшло пасля завяршэння спартыўнай кар'еры. Памятаю, што я была не ў самай лепшай сваёй форме: дабавіла ў вазе кілаграмаў 20. Потым усё гэта, вядома, сышло, мышцы аднавіліся, арганізм адаптаваўся.

Калі нарадзіліся мае дочкі, Ірына і Надзея, я ўвесь час адводзіла сям'і, і толькі потым ужо занялася працай, таму што заўсёды лічыла, што сям'я — гэта галоўнае.

Дзяўчынкі не пайшлі па маіх слядах, не сталі займацца мастацкай гімнастыкай (старэйшая спрабавала гэта рабіць, але хапіла яе ненадоўга). Малодшая займаецца цяпер настольным тэнісам, складзецца ці не — паглядзім, не хачу ўплываць на іх выбар. Яны самі павінны знайсці сябе ў жыцці.

Нараджэнне дзяцей, замужжа, алімпійскі медаль — самыя шчаслівыя моманты майго жыцця. Наогул, магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, дробных прыемных рэчаў хапае і цяпер. Сёлета ў мяне быў маленькі юбілей, сям'я падрыхтавала падарунак — палёт на паветраным шары. Я даўно марыла пра гэта, і калі ажыццявілася маё жаданне, была неверагодна рада.

Марына Лобач нарадзілася 26 чэрвеня 1970 г. у г. Смалявічы Мінскай вобласці.

Заслужаны майстар спорту.

Чэмпіёнка XXІV Алімпіяды ў Сеуле (Паўднёвая Карэя, 1988).

Шматразовая чэмпіёнка свету ў асобных практыкаваннях — 1984—1989 гг.

Трохразовая ўладальніца кубка СССР — 1985, 1987, 1988 гг.

Сярэбраны прызёр Гульняў добрай волі 1986 г.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.