Вы тут

13 спектакляў пад парасонам


Беларускі тэатр прапануе гледачам трагіфарш, а ўкраінскі — трылер. Эстонцы просяць укусіць іх, а армяне — спазнаць смак мёду. Грузіны даследуюць жыццё жанчын падчас вайны, а рускія — жыццё жартаўніка ў правінцыі. Заўтра ў Мінску пачынае працаваць ІІ Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі.

18-21

На працягу тэатральнага тыдня, з 19 па 26 лістапада, у беларускай сталіцы пакажуць 13 спектакляў, што паставілі маладыя рэжысёры з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, Эстоніі. Журы пад старшынствам вядомага расійскага рэжысёра, мастацкага кіраўніка ТЮГа імя А. Бранцава, а таксама заснавальніка і мастацкага кіраўніка Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра «Майстэрня» Рыгора Казлова, вызначыць тройку пераможцаў. Нагадаю, што першы прыз на мінулым форуме, які праходзіў у Кішынёве, заваяваў беларускі спектакль паводле п'есы сучаснага нямецкага драматурга Інгрыд Лаўзунд «Офіс» (рэжысёр Кацярына Аверкава, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Гэтым разам Беларусь прадстаўляе трагіфарш «Гамлет» паводле У. Шэкспіра (рэжысёр Ігар Казакоў, Магілёўскі абласны тэатр лялек).

У межах форуму сустрэнуцца не толькі маладыя рэжысёры, майстар-класы для якіх зладзіць рэжысёр і мастацкі кіраўнік Цэнтра імя Меерхольда Віктар Рыжакоў. З маладымі сцэнографамі будзе працаваць вядомы тэатральны мастак Юрый Харыкаў. Крытыкі будуць абмяркоўваць спектаклі пад кіраўніцтвам рэдактара часопіса «Театр» Алы Шэндэравай. З драматургамі сустрэнецца тэатральны крытык і перакладчык Андрэй Масквін.

Сваімі чаканнямі напярэдадні тэатральнага тыдня з чытачамі «Звязды» падзяліўся намеснік дырэктара выканаўчай дырэкцыі форуму, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка: «У першую чаргу гэты форум для мяне — магчымасць прафесійнай камунікацыі з маладымі калегамі. Магчымасць пабачыць і асэнсаваць тое, як развіваецца тэатр, як працуюць рэжысёры. Якія крытэрыі сёння паўстаюць у дачыненні таго, што можна назваць тэатрам, а што не? Як асэнсоўваецца сучасная драматургія? Якімі крытэрыямі карыстаюцца для ацэнкі сучасных тэкстаў? Форум дае магчымасць значна пашырыць тэатральную геаграфію і сваё ўяўленне пра тэатральны працэс, які існаваў як агульны ў СССР, але з яго распадам раздрабіўся на асобныя для кожнай краіны працэсы, за якімі не заўсёды паспяваеш сачыць у сучасных умовах. Тэатральная геаграфія форуму — гэта тое, што мусіць прывабіць не толькі прафесіяналаў, але і шэраговага гледача, у якога з'яўляецца магчымасць параўнаць спектаклі з розных краін і сваё стаўленне да гэтых спектакляў».

Дарэчы, вынік прафесійных кантактаў падчас першага форуму — з'яўленне ў рэпертуары Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі спектакля «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага. Беларускую драматургію на сцэне РТБД увасобіў малады кыргызскі рэжысёр Шаміль Дыйканбаеў, спалучыўшы ў спектаклі славянскі і азіяцкі светапогляды. Ідэя пастаноўкі ўзнікла менавіта ў Кішынёве, і гэты факт дазваляе спадзявацца, што падзеі форуму для ўсіх краін-удзельніц расцягнуцца на значна большы тэрмін, чым тыдзень, які, праўда, толькі пачынаецца.

Алена Мальчэўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».