Вы тут

Чалавек на п'едэстале інтарэсаў кінааўтараў


Што выяўляюць конкурсныя праграмы ігравога кіно «Лістапада».

Фільмы, паказаныя ў конкурсах ігравога кіно на сёлетнім ХХІІ Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» — асноўным і «Маладосці на маршы», адкрылі беларускай публіцы безліч іншых светаў. Кінафорум стаў магчымасцю зазірнуць у іх (няхай толькі ў шчылінку) праз сапраўднае мастацтва кіно і вокам тых, хто гэтыя светы добра ведае. Па дванаццаць розных карцін з розных краін прыпала на кожны конкурс. Пераможцаў выбірала не толькі экспертнае міжнароднае журы, але і самі гледачы, што «галасавалі» за будучага ўладальніка «бронзы» «Лістапада». Праўда, трэба памятаць пра суб'ектыўнасць вылучэння найлепшых, бо сапраўды вартых карцін было значна больш, чым намінацый, па якіх можна было ўдзельнікаў конкурсу адзначыць. Мы зноў кажам, што кіно вучыць, але на гэты раз робім акцэнт не на метафізічныя катэгорыі і разуменне чалавекам свайго месца ў жыцці, а на веды фактычныя, амаль адчувальныя, калі хочаце, інтэлектуальныя.

лого_листапад-2015

Нечаканасцю сталі пустэча, закінутасць і пачуццё страчанасці ў кубінскага горада-спадарожніка для атамнай станцыі Хурагуа, што ў свой час уяўляла з сябе грандыёзны праект як вынік сяброўскіх адносін паміж Кубай і СССР. Антрапамарфізм тут дарэчы. Горад, што павінен быў стаць гучным, яскравым, насычаным жыццём «цэнтрам сусвету», пасля распаду Савецкага Саюза страціў на гэта надзею. Фінансаванне прыпынілася, купалы рэактараў і маскоўскі Крэмль у рамачцы засталіся. Чорна-белая карціна маладога рэжысёра Карласа М. Кінтэлы «Праект стагоддзя», прадстаўленая ў асноўным конкурсе ігравога кіно, недарэмна атрымала «Серабро» «Лістапада», бо аказалася чулліва-рэфлексіўным і стылістычна незвычайным выказваннем. Рэжысёр, лавіруючы паміж ігравым і дакументальным кіно, некалькі разоў канцэнтруецца на горадзе павярхоўнымі панарамамі (пад добрую падборку саўндтрэкаў), але нават пры павярхоўнасці і нават са шпацыруючымі па вуліцах людзьмі становіцца няёмка ад соннай змярцвеласці, што прыйшла на замену некалі каласальным планам на будучыню. У адным доме — адной сям'і — жывуць тры пакаленні мужчын: да дзеда з бацькам прыехаў унук-сын. Здаецца, жыццё ў іх звычайнае. Спрэчкі, інтарэсы, туга па былой жонцы — усё агульначалавечае, універсальнае. Толькі кожны з іх у нейкім сэнсе настолькі ж неўладкаваны, паніклы і расчараваны, наколькі месца, што іх акружае.

Кубінскі фільм упершыню ўдзельнічаў у конкурсе «Лістапада» і, як відаць па ўзнагародзе, паспяхова. Сваёй аўтэнтычнасцю павярнуўся да нас і В'етнам у карціне «Вялікі бацька, маленькі бацька і іншыя гісторыі» прадстаўніка новай хвалі рэжысёраў Данга ды Фана. Маладыя людзі сябруюць, вучацца, зарабляюць, адпачываюць і дапамагаюць адзін аднаму ў Сайгоне пачатку нашага стагоддзя. Шматлікія падрабязнасці, частая змена антуражу, вялікая група персанажаў робяць сюжэт насычана размытым, «няўпэўненым», «нецвярозым», у чым мне бачыцца вобраз самога часу і людзей, што жывуць сённяшнім днём і не ведаюць, дзе і ў чым яны знойдуць сваё месца. А пакуль нехта з іх зарабляе ігрой на гітары і продажам цукерак у вулічнай кавярні, нехта прадае наркотыкі і звязваецца з крымінальным светам, нехта вучыцца на фатографа, і ўсе яны адзін за аднаго гатовы цярпець. Што і пацвярджае ўчынак маладога Ву, які ідзе на адмысловую аперацыю, каб атрыманымі грашыма дапамагчы Тангу.

Фільмы конкурсных праграм, без гэтага не абысціся, часта прадстаўляюць чалавека ў яго суадносінах з магутным наваколлем — сістэмай. Ёй можа быць дзяржава, могуць быць лакальныя арганізацыі тыпу мафіі, можа быць банкаўская структура, можа быць узор мыслення абсалютнай большасці, можа быць нейкі этнічны код і іншае. У мінулым прыкладзе галоўны герой Ву з сістэмай наўмысна кантактуе, каб у далейшым пазбавіцца адносін з іншай яе праявай. Яскравым прыкладам адлюстравання гэтых супрацьдзеяння і ўзаемадзеяння — чалавека і сістэмы — з'яўляецца і ўладальнік «золата» «Лістапада» грэка-балгарскі фільм «Урок» Петэра Вылчанава і Крысціны Грозевай (падрабязна пра гэты фільм мы пагаворым пазней). Тут галоўная гераіня Надзея сістэму перамагае, як і галоўны герой французскай карціны «Венсан — чалавек-амфібія без лускі» Тама Сальвадора. Малады чалавек Венсан валодае дзіўнай здольнасцю: пры кантакце з вадой ён атрымлівае дадатковую сілу, з дапамогай якой можа рабіць недаступныя звычайнаму чалавеку рэчы. У пэўны момант ён трапляе ў гісторыю, у якой далікатна выкарыстоўвае свае магчымасці, каб дапамагчы таварышу, якога пачалі збіваць. Тым не менш паліцыя цягнецца не за завадатарамі, а за справядлівым Венсанам. Тут ён умоўна (а большага і не трэба) перамагае наваколле дзякуючы сваёй здольнасці, а рэжысёр і выканальнік галоўнай ролі становіцца сапраўдным марыністам.

Сістэма як пасіўная і непераможная крыніца ўздзеяння ўспрымаецца ў калумбійска-мексіканскай карціне «Гвалт» Хорхе Фарэра і заключаецца яна ў самой прыродзе чалавека, здольнага на антыгуманную жорсткасць. Некалькі частак з асобнымі сюжэтамі і не звязанымі між сабой персанажамі аб'ядноўвае тэма гвалту і яго адмысловае асвятленне. У фільме Хорхе Фарэра гвалт існуе сам па сабе, як з'ява сучаснага жыцця, як праява жывёльнай прыроды ў hоmо sаріеns, як паўсядзённасць. Ні адзін эпізод не паказвае прычын, матываў, сэнсу той жорсткасці і бесчалавечнасці, што адбываюцца. Яны проста ёсць, магчыма, нават незаўважна — у тых, хто звычайна сядзіць у кавярні з дзяўчынай і сыходзіць з ёй упрочкі.

[caption id="attachment_110742" align="alignnone" width="600"]18-22 Ка­ме­дыя мо­жа пры­кры­ваць са­бою ін­шыя жан­ры. Кадр з філь­ма «Кра­і­на Оз» Ва­сі­ля Сі­га­ра­ва.[/caption]

Іншая сістэма — мінулае і яго цяжар — хвалюе Далібора Матаніча ў фільме «Зеніт», уладальніке Прыза журы конкурсу «Асаблівы позірк» Канскага кінафестывалю. Карціна змяшчае ў сабе тры розныя дзесяцігоддзі і тры гісторыі кахання паміж сербкай і харватам. Першая частка канчаецца трагічна, што суадносіцца з напружанасцю адносін сербаў і харватаў у 1990-х. Героі другой часткі, дзеянні якой разгортваюцца ў нулявых, выяўляюць, наколькі моцнымі засталіся недавер і крыўда на прадстаўнікоў іншай нацыянальнасці. Тут гераіня не можа пераступіць праз вобраз загінулага брата і нават з моцнымі пачуццямі не даруе хлопцу яго нацыянальнасці. Затое канфлікт апошняй часткі, які толькі згадваецца і адзываецца ў сучасных 2010-х, канчаецца шматзначна адкрытымі дзвярыма, што паказвае і дараванне, і перамогу кахання, і адыход закаранелай варожасці разам з сыходзячым часам. Кампазіцыя карціны перадае ўсё ж такі жыццесцвярджальны пасыл, кажа, што час (як і каханне) можа вырашыць усе канфлікты, нават моцную міжнацыянальную нянавісць.

Маўчанне паміж двума братамі-фермерамі ва ўладальніку «бронзы» «Лістапада» дацка-ісландскім фільме «Бараны» Грымюра Хаўконарсана прыпыняе не час, а менавіта тое супрацьдзеянне сістэме, якое становіцца ключом для вырашэння праблем міжчалавечых адносін. З баранамі ў персанажаў фільма адносіны асаблівыя, што відаць з першага эпізоду, які дэманструе пяшчотнасць галоўнага героя Гумі, аднаго з двух братоў, да свайго выхаванца. У бараноў суседніх гаспадарак, у тым ліку другога брата Кідзі, выяўляецца невылечная хвароба, што вымушае выразаць усіх бараноў даліны. Толькі Гумі падманвае ветэрынараў — сістэму — і пакідае ў сваім падвале некалькі жывёл. Бясконцая любоў да бараноў аб'ядноўвае двух братоў, а шыкоўная канцоўка ўвогуле адкідае жывёл на другі план, бо першасным і сапраўды важным з'яўляюцца сваяцкія сувязі. Магчыма, тыя сорак гадоў, што Гумі і Кідзі не размаўлялі, яны запаўнялі сваю адзіноту і адсутнасць у жыцці роднага брата любоўю да бараноў.

Пераможца конкурсу «Маладосць на маршы» расійскі фільм «Піянеры-героі» Наталлі Кудрашовай канцэнтруецца на чалавеку ў тым наваколлі, што фарміруе характары і лёсы. Карціна, у якой рэжысёр сыграла адну з галоўных роляў, стала шматмерным выказваннем пра сучасны свет, дзе існуе псеўдапсіхатэрапія, адбываюцца тэракты, псіхалагічныя ўзрушэнні прыводзяць да сыходу ў манастыр і пануе татальная абыякавасць. Але галоўнае, сённяшні час — час без ідэі — прыйшоў на змену шчасліваму дзяцінству, у якім кожны марыў здзейсніць подзвіг. Мары гэтыя па-рознаму знаходзяць сваё ўвасабленне ў жыцці трох былых аднакласнікаў. Напэўна, адсутнасць шчасця на тварах ужо дарослых людзей і прадыктавана тым, што паняцце подзвігу аказалася занадта недакладным і сучаснаму грамадству вялікія ўчынкі аказаліся непатрэбнымі.

Яшчэ адзін рускі фільм — «Краіна Оз» Васіля Сігарава — паказаў «адысею» прастадушнай, наіўнай Лены Шабадзінавай (Яна Траянава) па небяспечным горадзе напярэдадні Новага года. Можна ўспомніць кнігу пра Чараўніка Ізумруднага горада ці Джудзі Гарленд з сабачкам у амерыканскім фільме «Чараўнік краіны Оз», каб зразумець аналогію. Толькі вандроўка Шабадзінавай становіцца зусім іншай гісторыяй і выдатна дэманструе хібы грамадства і небяспекі сучаснага свету з рускімі асаблівасцямі і каларытам. З уключэннем у сюжэт рэальных рэчаў і з'яў кшталту касметыкі АVОN, партыі ЛДПР і нецэнзурнай гаворкі. За вобразам камедыі, фільма пра каханне бачацца тут сапраўдныя трагедыя і боль — не іронія — за сённяшняе грамадства, вобраз якога выяўляецца ў дысанансе з простай, бездапаможнай Ленай Шабадзінавай.

Праграма кінафестывалю ў гэтым годзе ўласна для мяне зрабіла не столькі кінематаграфічных адкрыццяў, колькі сутнасных. Іншыя краіны паказаліся ў сваім рэчавым атачэнні ў карцінах «Нябеснае качэўе» кіргіза Мірлана Абдыкалыкава, «Шалаш» казаха Кенжэбека Шайкакова, тых жа «Гвалце» і «Баранах». Іншыя нацыянальнасці адазваліся сваім генетычным болем ці сумным назіраннем за сучаснасцю ў фільмах «Дэман» паляка Марціна Вроны, «І горы зрушваюцца» кітайца Цзя Чжанке ці ў абодвух расійскіх удзельніках. Аўтары паказалі хвалюючыя эпізоды сваёй гісторыі, як японец Тацуа Кабаясі ў «Звязаных смерцю», Далібор Матаніч у «Зеніце» ці Карлас М. Кінтэла ў «Праекце стагоддзя». І, вядома ж, карціны конкурсных праграм вывучаюць і ставяць на п'едэстал сваіх інтарэсаў чалавека. А гэты гуманізм здольны рабіць цуды як для развіцця самога кіно, так і для тых, хто яго глядзіць.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.