Вы тут

Паход у сталовую і мора пад бокам


Чым сталіца здзівіла маладых замежнікаў?

— А што б ты паказала госцю з іншай краіны ў Мінску? Толькі такое, каб адразу адчулася атмасфера горада.

Такую размову я вяла з Машай, пакуль мы стаялі на плошчы Незалежнасці і чакалі яе новых знаёмых. Мне пашанцавала мець добрую сяброўку, якая з усіх бакоў — асоба цікавая. Марыя Шэндэль, яшчэ з'яўляючыся студэнткай архітэктурнага факультэта БНТУ, паспявала глыбока цікавіцца гісторыяй сталіцы і шмат падарожнічаць. Апроч таго, яна мае надзвычайную здольнасць лёгка заводзіць новых прыяцеляў. Дзве апошнія акалічнасці і сталі прычынай будучых прыгод. Дзяўчына запрасіла да сабе ў госці пяць новых знаёмых з розных краін. А я ў якасці «летапісца» прычапілася да іх «хвастом».

[caption id="attachment_110911" align="alignnone" width="600"]19-11 Элізэ і беларуская кухня.[/caption]

Кампанія ў нас сабралася даволі каларытная: статная балгарка Даяна Ніколава, вялікі і павольны, як грэчаскі бог, Дзімітрас Аравідзіс, самы ўсмешлівы турыст з культурнай сталіцы Расіі — Ільдар Ісламаў, зацікаўлены літаральна ўсім на свеце амерыканец Элізэ Сцівенс і жыццярадасная варшаўская студэнтка Хэлена Войда. Малодшай — 19 гадоў (гэта Даяна), а старэйшаму — 33 (Ільдар). Тым цікавей было пазней слухаць пра іх уражанні. Маша спецыяльна не анансавала маршрут, папярэдзіла толькі аб адным: хадзіць будзем многа.

У першы дзень я заўважыла, што Дзімітрас больш углядаецца ў асфальт, чым азіраецца па баках, як астатнія. У адказ на пытанне ён перавёў на мяне здзіўлены позірк:

— Няўжо ніхто тут не смеціць? Я яшчэ па дарозе з аэрапорта заўважыў, што ў вас надта ўжо чысценька. І так паўсюдна! Ведаеш, я многа гарадоў бачыў, але такой чысціні — больш нідзе.

...Тым часам, нагледзеўшыся на стройныя невялічкія будынкі старога горада, госці пачалі звяртаць усё больш увагі на пахі, якія паўсюдна ішлі з кавярняў і рэстаранаў, што знаходзяцца тут жа. Маша хутка адрэагавала.

— Так, сябры! Пакуль я побач з вамі, нічога, акрамя беларускіх страў, я вам з'есці не дам, — і павяла нашу дружную кампанію ў бок знаёмага ёй мястэчка на беразе Свіслачы.

Нашы госці, прыемна ўражаныя абраным месцам, замовілі на ўсіх дранікі, верашчаку, пельмені ў гаршчочку, патэльню са шкваркамі (акрамя іх, там была яшчэ бульба, зеляніна і яйкі), чорны хлеб, які, як запэўніў афіцыянт, яны пякуць самі, а таксама морс з ягад на ўсіх і «Крамбамбулю» на «паспытаць».

Дзімітрас:

— Мяне надта цяжка здзівіць смакам ежы. З грэчаскай кухняй ніякая і блізка не параўнаецца. Але ваша цікавая. Як проста і ў той жа час разнастайна вы гатуеце бульбу. Я таксама прывык да яе яшчэ з дзяцінства. Таму прыгатаваную вось такім чынам каштаваць яе асабліва цікава.

Ільдар:

— А чаму ніхто не ўзгадаў пра «Крамбамбулю» (смяецца)? Спалучэнне інгрэдыентаў — гэта нешта! Многа не вып'еш, але задумка «на мільён»! Прыеду ў Піцер — раскажу сябрам. Упэўнены, яны пра такое і не чулі, хоць і жывём па суседстве.

...Апынуўшыся каля Нацыянальнай бібліятэкі, госці, уражаныя незвычайнай формай будынка, настаялі на тым, каб зайсці ўнутр і падняцца наверх. Усіх уразіў від на горад.

Той жа ноччу мы завіталі ў начны клуб. На тварах маіх новых сяброў чыталася зацікаўленасць.

[caption id="attachment_110910" align="alignnone" width="600"]19-10 Марыя «запальвае» перад гасцямі ў клубе[/caption]

Дзімітрас:

— Для мяне нязвыкла і незразумела, чаму пры цёплым надвор'і вечарыны не праводзяцца пад адкрытым небам, на свежым паветры. І ўзровень шуму тут ні пры чым. У любым горадзе можна знайсці безліч месцаў, дзе ноччу ты нікому не будзеш перашкаджаць. Прамысловыя ці бізнес-раёны, напрыклад.

Даяна:

— Цікава, а чаму тут адны дзяўчаты? Працэнтаў семдзясят, калі не больш. Музыка неблагая, ды і жывыя выступленні музыкантаў толькі паляпшаюць настрой. Мне спадабалася.

Назаўтра мы сабраліся бліжэй да абеду і запланавалі «паход» па месцах, дзе смачна кормяць. Па асабістых просьбах гасцей у лік абавязковых для наведвання аб'ектаў уключылі таксама ГУМ і ЦУМ. Увечары кожны падзяліўся ўражаннямі.

Ільдар:

— Марожанае вашае — гэта нешта! Ды і наогул малочныя прадукты. Малако пахне малаком, а не немаведама чым. Я ўжо вырашыў, што ў якасці сувеніраў буду везці дамоў прадукты. Ну і тое-сёе з адзення, што набыў у ГУМе: у Піцеры не так і проста купіць што-небудзь з чыстай бавоўны і лёну. І не так танна.

Хэлена:

— Што насамрэч здзівіла, гэта вашы ЦУМ і ГУМ. Такое уражанне, што ты раптам апынуўся ў Савецкім Саюзе. Час там нібы спыніўся.

Элізэ:

— Ведаеце, я вельмі люблю падарожнічаць. І заўсёды цікаўлюся вулічным фаст-фудам. А тут яго фактычна няма. З таго, што мы бачылі, — гэта толькі марожанае і печыва. І тое толькі ў парках. Кава неблагая. Самым цікавым за ўвесь дзень стала наведванне сталовай. Вось дзе бюджэтнаму турысту можна смачна і танна паесці! Справа толькі ў тым, што англійскай мовы там ніхто не разумее і шыльды з вуліцы зусім непрыкметныя.

Даяна:

— Мне спадабалася атмасфера ў Цэнтральным універсаме. За доўгай стойкай збіраецца столькі людзей! Усе незнаёмыя, але стаяць побач і ласуюцца хто чым, а за вокнамі жыве горад!..

На трэці дзень у культурнай праграме была запланавана экскурсія на трамваі. За паўтары гадзіны мы зрабілі паўнацэнны круг да Зялёнага Луга і назад, прычым увесь маршрут Маша расказвала пра тое, што было відаць з вокнаў. Астатак дня запланавана было правесці крыху далей ад горада. Выбар спыніўся на Мінскім моры. І вось мы сядзім на беразе вадасховішча і падчас развітальнага пікніка вядзём адваротны адлік гадзін, якія засталіся маім новым сябрам да самалётаў-цягнікоў у напрамку Мінск — Радзіма...

Напрыканцы мы падлічылі, у колькі прыкладна абышлася паездка гасцям (без расходаў на дарогу). Атрымалася, што разам з візай (якая каштуе 60 еўра, а для Хэлены — 25) кожны патраціў за тры дні прыкладна па 280 еўра разам з жыллём.

Перад самым развітаннем я папрасіла кожнага ахарактарызаваць горад адным сказам. Такім чынам, госці бачаць Мінск такім...

Дзімітрас:

— Шырокапраспектны зялёны ціхоня.

Даяна:

— Горад дробязяў — ад смачнай кавы да мора пад бокам.

Ільдар:

— Радзіма ветлівых людзей, натуральных прадуктаў і чысціні.

Хэлена:

— Прыгажун, што днём ззяе, а ноччу спіць.

А самая ёмістая характарыстыка, на мой погляд, прагучала ад Элізэ:

— Гэта прыгажосць, якая чакае часу, калі яе разгледзіць увесь свет...

Дар'я Арэф'ева, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.