Вы тут

«Канкан» па-гродзенску


«Крывое люстэрка», «Смехапанарама», «Аншлаг» — сэрца расійскага гумару. Сэрца беларускага — Гродна. 25 гадоў тэатр гумару «Канкан» падымае настрой далёка за межамі радзімы. «Звязда» вырашыла раскрыць сакрэт поспеху гродзенцаў. Мы зазірнулі да іх у майстэрню жартаў, распыталі пра Петрасяна і «Камеды клаб».

19-2

Як робяць смех

Кожны Новы год гродзенцы збіты з тропу ад здзіўлення і не вераць вушам, вачэй не зводзячы са смешных выступленняў тэатра «Канкан» на тэлебачанні. Вячаслаў Сяліцкі і Аляксандр Лахнюк зрываюць апладысменты ў «Крывым люстэрку», «Аншлагу», «Смехапанараме». Землякі паказваюць славутыя мініяцюры.

Тэатр гумару «Канкан» стварыў Вячаслаў Сяліцкі, майстар спорту, а яшчэ майстар смеху. Ён гне і будзе гнуць сваю лінію. Не бачыць і, можна сказаць, не хоча бачыць бар'еры. Так да Масквы і дайшоў. Спартыўны характар узяў сваё. Высокі, з правільным тварам, з выразнымі рысамі і такімі ж выразнымі вачыма, чалавек гэты пранікліва і пільна прыглядаецца да ўсяго навакольнага.

У майстэрні жартаў камічнае на кожным кроку. Шафы з багатым мінулым, лямпа часоў імператарскай Расіі, пад цяжарам абажура якой згінаецца постаць таўстуна. І, вядома, крэсла, бы ў казцы пра цара Гароха.

У такім пакоі муза творцу не абдзеліць, хоць часта кіраўніку «Канкана» смешныя гісторыі падкідвае само жыццё: «Вось Саша (Аляксандр Лахнюк. — Рэд.) выконваў ролю бамжа. Мы паехалі на здымкі навагодняга «Аншлага» ў гасцініцу. Аркадзь Арканаў, Генадзь Ветраў выйшлі пакурыць, а Саша чамусьці застаўся, задумаўся ў касцюме бамжа. І настолькі гэты касцюм і яго выгляд быў... я сказаў бы «прыгожым» (смяецца)! Знянацку падышоў ахоўнік і яго так пад белыя ручачкі: «Пакіньце памяшканне». Саша ледзьве цыгарэту не праглынуў: «Я артыст!» «Давай, смалі адгэтуль!» На шчасце, Ветраў заўважыў казус і заступіўся».

Да Петрасяна ў госці

«Цяпер уявіць цяжка, але ў дзевяностыя эстрадная мініяцюра мела шалёную папулярнасць — у адным радзе з КВЗ, пакуль апошні не з'еў яе эфірамі на першым канале, — пачынае Вячаслаў Сяліцкі. — На кожным факультэце — свой тэатр».

Гумарысты марылі трапіць на маштабны конкурс, але не маглі, таму ў 1995-м правялі ўласны Рэспубліканскі фестываль эстрадных тэатраў. Затым дзясятак гран-пры — і гродзенскіх гумарыстаў запрасілі ў Валгаград. З дванаццаці прызоў палову прысудзілі «Канкану».

«Нам не было з кім сябе параўноўваць, бо развіваліся самі. З аднаго боку дагаджалі публіцы, з другога — не апускаліся да гумару, што ніжэй паясніцы, а яшчэ сачылі за польскімі кабарэтамі. Вось так зляпілі ўласны твар, які Расія палічыла арыгінальным, пасыпаліся прапановы. За плячыма больш за 40 прызоў толькі па студэнцкай лініі».

«У канцы дзевяностых у грымёрцы прарвала трубу. Суткі гарачая вада знішчала нашы касцюмы, дыпломы. А гэта ўсё, што выжыла», — Вячаслаў кідае позірк на ацалелую афішу іх «Махнатага чмяля».

«Такой вось афішы было дастаткова, каб раскупілі тысячу месцаў у Доме афіцэраў, — удакладніў Вячаслаў. — «Махнаты чмель» стаў самай жывучай з мініяцюр, а прыдумалі яго выпадкова, калі ў навінах з'явіўся сурдапераклад. Мы паказалі песню жэстамі. Гэта была першая бомба, першыя тэлеэфіры, першая эйфарыя і першае расчараванне, калі ідэю скралі».

«Канкан» не сядзеў у ціхай затоцы, чакаючы, калі туды выпадкова заплыве шчаслівы выпадак. «Новыя рускія бабкі» звялі артыстаў з Яўгенам Петрасянам, а ён: «Хлопцы, класныя ў вас ідэі, а гумар недацягвае». Беларусы працавалі далей. Клара Новікава, Ян Арлазораў закідвалі слова неаднойчы, патрабуючы для беларускай каманды «зялёнай вуліцы», і на фестывалі ў Ялце ліхтар загарэўся ярка, на доўгія гады. Жыццё ў Маскве пайшло шпарка, проста забіла крыніцаю. Гродзенскія артысты выйшлі на вялікую сцэну і трапілі на блакітны экран.

«Хі-хі-ха-ха»

Сярод мініяцюр Вячаслава безліч на тэму фізкультуры. У земляку і без таго пазнаеш спартсмена. Правільны ён, правільны яго «Канкан». Як той казаў, у здаровым целе здаровы дух, а значыць, і гумар таксама здаровы.

«Здаровы гумар — табу на жарты пра палітыку і секс, — упэўнены Вячаслаў. — Добры канцэрт заўжды зараджае энергіяй, дорыць шчасце. Пасля смяешся з сябрамі і прыгадваеш: «А памятаеш, а памятаеш?» Добры канцэрт часта інтэрнацыянальны. Цябе павінны зразумець усюды, і нас разумеюць. У Еўропе самыя ўдзячныя гледачы ў Германіі. Рэальна ў мяне такое ўяўленне, што немец прыйшоў, заплаціў грошы — і на гэту суму адсмяецца. Мы стараемся браць гумар менавіта такі, міжнародны».

Зусім іншы падыход да смеху ў модных маладзёжных праектах: «Учора «Камеды клаб» выпусціў на волю новае і падкупіў экран. Сёння такія праекты не гляджу: непрыемна, калі юныя кавэзэшнікі высмейваюць Петрасяна. «Крывое люстэрка», «Смехапанарама», «Аншлаг» становяцца прадметам для жартаў тыпу «хіхі-хаха»: маўляў, самы час спісаць старэйшых на пенсію, каб засталося толькі наша, маладое. У выніку маладое часта апускаецца да крыўлянняў. Называецца: «Каго вы, хлопцы, лаялі?»

Як стаўлюся я? Паслухайце, калі зоркі запальваюць, значыць, гэта камусьці трэба, хтосьці хоча, каб яны былі. Грошы ракой цякуць, «Камеды клаб» глядзяць. У КВЗ свой глядач, у «Камеды» — свой. Гэта цудоўна. Толькі шкада, што знікла выхаванне. Раней СТЭМ (студэнцкі тэатр эстраднай мініяцюры. — Рэд.) заахвочваў моладзь цікавіцца тэатрам, ісці ў адпаведныя ВНУ.

Хлопцы і дзяўчаты, што праходзяць праз КВЗ, далей рэалізуюцца ў тэлешоу і рэдка спрабуюць стаць артыстамі. Моладзь з «Камеды» самаадукавалася і спынілася, ёй дастаткова: «Глядзі на мяне! Плаці грошы!» А эстрадныя тэатры выхоўваюць менавіта артыста. Вакалісты моцныя ёсць, харэографы таксама, а артысты?»

За сцэнай

«Расчараванне прыходзіць, калі размаўляеш з «зоркамі» вакальнай эстрады, а не гумарыстычнай, — дзеляцца артысты «Канкана». — Хаця ёсць і выключэнні. Напрыклад, Валерый Меладзэ. А турак Таркан — гэта чалавек-шампанскае, феерверк, бомба, ён класны. Не будзем называць імёны, але хапае і такіх, ад каго снабізм, «зорнасць» цягнуцца шлейфам на кіламетр».

А калі гродзенцы трапілі што ў «Аншлаг», што у «Крывое люстэрка», адчулі сябе ў роднай талерцы, хоць сэрца перш-наперш замірала: «Мы нібыта ўвайшлі ў кампанію знаёмую, а пасля знаёмую настолькі, што пасыпаліся жарты на ўсе адрасы. Часта давалі адну грымёрку з Віктарам Каклюшкіным. Яшчэ на парозе ён накінуўся з кпінамі пра нашы туфлі і знешнасць, мы змаўчалі, а затым пасмялелі і ўдала адбіваліся ў гумарыстычнай бітве. Бывае, апранеш сваё найлепшае адзенне, а табе: «Слухай, ты нармальны касцюм узяць не мог, а?» Размова ідзе далей, разумееш: гэта проста добры жарт, так артысты зараджаюцца за сцэнай, бо здымкі праходзяць нервова. Аднойчы «Крывое люстэрка» здымалі трое сутак, адпачываць ехалі а трэцяй гадзіне ночы».

Зорны дэсант

На гастролях у Казахстане гродзенскі «Канкан» сустракаюць як дарагога госця, пасяліўшы ў нумар, дзе калісьці падоўгу спыняўся Высоцкі.

Бяскрайні ўсходні прастор бянтэжыць беларускае вока, і звыкнуць да стэпу на многія сотні кіламетраў за час гастроляў гумарысты так і не змогуць. Сярод травы вырастаюць буйныя гарады, і ў адным квартале ўльтрасучаснае наступае на пяткі Савецкаму Саюзу. «Мы нібыта прагуляліся ў наша дзяцінства», — гаворыць Вячаслаў Сяліцкі пра казахскі горад Шымкент. Шыкоўныя аўто рассякаюць паветра па неймаверна шырокіх праспектах, узвышаюцца еўрапейскія банкі, а за рагом паціху сунецца айчынная «капейка» і дамы шклопакетаў не маюць.

«Мы трапілі ў сям'ю да казахаў, і, ведаеце, проста нельга адмовіць, калі табе гатовы ўсё аддаць. Усходні народ накрывае невымоўна багаты стол і гаспадары моцна пакрыўдзяцца, калі госць не з'есць абсалютна кожную страву. Кухня Казахстана, Узбекістана, Грузіі — гэта гастранамічны цуд. Здаецца, нашы рэстараны таксама гатуюць той жа шашлык, але на ўсходзе ён мае іншы смак. Ці то кухары не тыя, ці то існуюць сакрэты, але нацыянальная ежа асабліва смачная толькі на сваёй радзіме. Легенды пра ўсходнюю гасціннасць нездарма абляцелі палову свету».

Глядач у Казахстане найдабрэйшы. Гродзенцаў Шымкент сустрэў «на ўра»: эстраднай мініяцюры там няма. За заслону ішоў натоўп. Расказаць, што мае родзічаў у Беларусі, і, вядома, абавязкова хоць што-небудзь падарыць — гэта так па-ўсходняму. «Наш народ больш сціплы, менш дзеліцца эмоцыямі. Калі ж там выступ спадабаўся, то гледачы ад першага да апошняга прыйдуць і скажуць: «Нам спадабалася», — заўважаюць артысты «Канкана». — Усходняя душа аднойчы разгарнулася і ўжо не згортваецца, так разгорнутай стагоддзямі і застаецца».

Раскрывае душы і Беларусь. Вячаслаў і Аляксандр расказваюць пра родны горад, а таксама расійскіх «зорак» у ім: «Гродна лялечны, быццам гэта дзіця намалявала маленькія брукаваныя вулачкі. Шпацыруючы па нашай Савецкай, асабліва здзіўляюцца масквічы. Клара Новікава не прапускае ніводнай магчымасці завітаць. Мінулым разам яна пайшла на экскурсію ў сінагогу, дзе на яе нахлынула столькі эмоцый, што артыстка абяцала купіць кватэру над Нёманам. Максім Аксёнаў з каманды КВЗ «Дзеці лейтэнанта Шміта» вырашыў на некаторы час застацца ў Гродне, і мы размясцілі яго ў фальварку Тызенгаўза. Расіянін хутка палюбіў мясцовую прыроду: «Пайду на пенсію, куплю тут дом». І гэта не жарты», — упэўнены гумарысты «Канкана».

Дзякуючы ім Гродна наведалі славутыя артысты, і горад на кароткі летні час стаў пляцоўкай фестывалю «Гродна — Масква — Транзіт». Мерапрыемства маштабнае, аналагаў у Беларусі не мае. Прызы — колькі квіткоў у будучыню: для пераможцаў адкрыецца Ялта і, безумоўна, Масква. Для тэатра «Канкан» гэта спосаб сказаць роднаму гораду дзякуй.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».