Вы тут

Як чарапашкі-ніндзя на мове загаварылі


Замежнае кіно на роднай мове — даўняя мара многіх. На жаль, усе стужкі, што дэманструюцца ў айчынных кінатэатрах, маюць расійскі дубляж. Але прынцып «калі не мы, то хто?» спрацоўвае і тут — апошнім часам аматарскія студыі, што займаюцца перакладам, з'яўляюцца як грыбы пасля дажджу. Адны агучваюць камедыйныя серыялы і мультсерыялы, іншыя — поўнаметражнае кіно, нехта проста дабаўляе да арыгінальных ролікаў беларускія субцітры... Мы сустрэліся са стваральнікамі маладога ва ўсіх сэнсах праекта па перакладзе мультсерыялаў пад назвай Kanapa Project.

[caption id="attachment_110913" align="alignnone" width="600"]19-16 Дзмітрый Астроўскі і Леў Глушыцкі.[/caption]

Дзмітрыю АСТРОЎСКАМУ — усяго 15 гадоў. Яго сябру, выпускніку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Льву ГЛУШЫЦКАМУ — 23, у праекце ён адказны за пераклад.

— У мяне заўсёды была мара — рабіць свой унёсак у развіццё беларускага, — распавядае Дзмітрый. — Раней рабіў своеасаблівыя мультфільмы, здымаючы сваё праходжанне адной з камп'ютарных гульняў. Тады ж вырашыў набыць сабе прафесійны мікрафон. Калі тэхніка была ўжо замоўлена, мой бацька падкінуў ідэю — займацца агучваннем мультфільмаў.

Калі гуказапісваючыя прылады дайшлі да адрасата, Дзмітрый зняў трэйлер (кароткі ролік з агучанымі фрагментамі) паводле мультсерыяла «Чарапашкі-ніндзя», загрузіў яго ў адну з сацыяльных сетак і разаслаў ва ўжо існуючыя суполкі перакладчыкаў кіно на беларускую мову.

— Я пабачыў гэты фрагмент і адразу ж зацікавіўся, — узгадвае Леў. — Мяне яшчэ на старэйшых курсах вабіла літаратурнае рэдагаванне, пераклад і іншая моўная праца. Магу перакладаць з нямецкай, англійскай. А тут такі шанц папрактыкавацца! Захацелася дапамагчы. Звязаўся з Дзмітрыем, так усё і пачалося.

Праект атрымаў назву «Канапа». Сэнс, як тлумачаць хлопцы, вельмі просты — «сядайце і адпачывайце, гледзячы перакладзеныя намі мультфільмы». Ды ўсё робіцца ў хатніх мовах, фактычна, на той жа канапе. Мужчынскія ролі агучвае Дзмітрый, жаночыя — яго маці. У запісах асобных серый прымаў удзел яшчэ адзін хлопец, які таксама адгукнуўся на прапанову ў інтэрнэце.

— Над выбарам мультсерыяла доўга не задумваўся, — кажа Дзмітрый. — Мне з дзяцінства падабалася гісторыя пра чарапашак-ніндзя. Вырашылі спыніцца на новых, сучасных «Чарпашках», бо хочацца адпавядаць запытам аўдыторыі. Мы спадзяёмся, што нашы серыі дапамогуць дзецям чуць беларускую мову з самага ранняга ўзросту, тады ёсць верагоднасць, што яны будуць на ёй размаўляць. Бо, напрыклад, я пачаў цікавіцца беларускай мовай, толькі калі быў ужо падлеткам, а яшчэ гады тры таму амаль ёй не валодаў. Ды і ўвогуле, праектаў агучвання дзіцячых мультфільмаў вельмі мала, узгадваецца хіба толькі суполка «Кінаконг», якая пераклала мультсерыял «Свінка Пэпа». Дарэчы, попыт сапраўды ёсць, некаторыя бацькі цікавяцца, калі выйдуць новыя серыі.

Тэхнічна працэс выглядае наступным чынам: з англамоўнай версіі мультфільма бяруцца субцітры. Леў іх перакладае. Пасля наступае самы адказны перыяд — агучванне. Дзмітрый і іншыя «акцёры» запісваюць кожную фразу асобна. Такі спосаб часам стварае праблемы, бо ўзнікаюць складанасці з падборам інтанацыі. Але запісвацца адразу (калі мультфільм ідзе на экране, а акцёр паралельна чытае рэплікі) пакуль не атрымліваецца — любая паўза ці агаворка псуе ўсю працу. У выніку хлопцы ствараюць аўдыядарожку, якая замяняе арыгінальную. Працэс перакладу 20-хвіліннай серыі займае каля тыдня.

— Галоўнае, да чаго мы цяпер імкнёмся, — знайсці як мага больш людзей для агучвання персанажаў, — распавядае Леў. — Хочацца, каб кожны мужчынскі ці жаночы голас належаў асобнаму персанажу, тады канчатковы прадукт нагадваў бы прафесійны. Цяпер жа Дзіму даводзіцца прыкладаць усе намаганні, каб яго героі гучалі па-рознаму. Але не кожны пагаджаецца з намі супрацоўнічаць, бо нават адна серыя, калі хочаш зрабіць яе якасна, займае шмат часу.

Цяпер перакладзена толькі некалькі серый «Чарапашак-ніндзя». Часам у інтэрнэце ўзнікаюць праблемы з аўтарскімі правамі і ролікі выдаляюць. Але хлопцы не плануюць спыняцца. Яны кажуць, што з радасцю ўзяліся б і за поўнаметражнае кіно, быў бы час. Што ж датычыцца магчымай канкурэнцыі з іншымі перакладчыцкімі суполкамі, то яе, па словах маладых людзей, няма: «Мы робім агульную справу, якая тут можа быць канкурэнцыя?»

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.