Вы тут

Іскуі Абалян: «Таму што я — жанчына»


«Сапраўдная жанчына» — менавіта так перакладаецца імя і прозвішча нашай гераіні. Нібы пацвярджаючы гэта, Іскуі Абалян насамрэч удала спалучае ў сваім жыцці сям'ю і кар'еру спявачкі. Апроч таго, умее быць самакрытычнай і радавацца поспехам іншых. Ведае цану дасягненням, не любіць азірацца назад і ніколі не перастае вучыцца. Дзякуючы чаму ёй удаецца дасягаць такой гармоніі, якія песні хочацца спяваць і ў чым яна вымярае любоў публікі, артыстка расказала чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены».

19-29

— У наступным годзе вы адзначыце 20-годдзе творчай дзейнасці. Не стаміліся яшчэ ад сцэнічнага жыцця?

— У мяне супрацьлеглыя пачуцці. Здавалася б, і столькі песень запісана, і канцэртных праграм зроблена, але не пакідае адчуванне, быццам яшчэ не рэалізавалася. Мне ўсё хочацца творчых перамен, новых праектаў. Магчыма, з гэтай прычыны я ў свой час адмовілася выкладаць, бо сама маю вялікае жаданне вучыцца. Разумею, што ёсць ува мне скрыты патэнцыял, дзякуючы якому змагу раскрыць нікому яшчэ не вядомы бок сябе як творчай асобы. Таму і стомленасці не адчуваю. А толькі жаданне тварыць, рабіць нешта эксклюзіўнае. І мне здаецца, у такім стане павінны знаходзіцца ўсе творчыя людзі, калі іх мэта — развівацца, прагрэсіраваць і рухацца наперад.

— На сцэне вас можна ўбачыць у розных вобразах. Вам бліжэй пазіцыя «тварыць» ці «прадаваць зробленае»?

— Я хутчэй з'яўляюся творцам і лірыкам. Але людзі, якія мяне акружаюць, неаднойчы казалі: у цябе добрая музыка, і гэта выдатна, аднак варта падумаць і пра тое, як яе прадаваць. Я ж, у сваю чаргу, кожны раз, калі мне прапаноўваюць песню, думаю і ўяўляю, як буду адчуваць сябе, пагадзіўшыся яе выконваць. Унутрана «прымяраю», змагла б я жыць на сцэне ў такой гісторыі альбо не? Бо калі я не буду нічога адчуваць падчас выканання, то хлусіць давядзецца і сабе, і сваёй аўдыторыі, што для мяне недапушчальна. Нельга не ўлічваць і той момант, што мы працуем у такім жанры, дзе слухачам усё павінна быць зразумела. І, мне здаецца, дасягнуць патрэбнай прастаты — у добрым сэнсе — магчыма тады, калі матэрыял чапляе перш за ўсё цябе самога. Хоць практыка паказвае, што і такія арыенціры могуць часам падводзіць. У маім рэпертуары ёсць песня «Містар Беларусь», напісаная Ягорам Хрусталёвым. Мне спачатку здавалася, што кампазіцыя абсалютна не мая, аднак слухачам у маім выкананні яна спадабалася.

19-20

— На вашым творчым рахунку два альбомы...

— Амаль гатовы і трэці. Зімой, думаю, ён будзе выпушчаны. Мне засталося яшчэ некалькі песень запісаць. Але сёння сітуацыя на музычным рынку такая, што дыскі ўжо нячаста выпускаюць. Навінкі распаўсюджваюцца ў выглядзе сінглаў праз інтэрнэт. А мне ўсё роўна здаецца, што дыск — гэта магчымасць убачыць вынік сваёй працы. Новы альбом, як і мінулыя, будзе пра каханне. Там будуць спалучацца песні перыяду «да» і «пасля» — своеасаблівае адлюстраванне пераломнага моманту ў маім творчым жыцці. Я не імкнуся гнацца за колькасцю, бо для мяне важнейшая якасць. Напрыклад, першы альбом нараджаўся вельмі доўга, бо галоўным было падабраць тыя песні, праз якія можна было б прасачыць маю гісторыю. Другая «пласцінка» ўжо дэманстравала сталасць. А тое, што мы плануем прадставіць да юбілею, дык там у аснове ўсяго — любоў-трансфармацыя: аповед выстройваецца на эмоцыях і адценнях розных пачуццяў.

— Вы адзначылі, што для вас важнейшая якасць, а не колькасць... Амбіцыі збіраць вялікія залы для вас не характэрны?

— Калі мы выпускалі альбом «Золата», то ў мяне быў сольны канцэрт у Палацы Рэспублікі. Нам удалося сабраць поўную залу, і такі вынік — важны паказчык у працы. За беларускіх артыстаў часам крыўдна, што іх не падтрымліваюць так, як яны таго заслугоўваюць. У нас сваіх пачынаюць любіць, толькі калі тыя чагосьці дамагліся за межамі Беларусі. Што тычыцца маіх амбіцый, то нядаўна абмяркоўвалася, якую пляцоўку рэзерваваць для будучага канцэрта. У мяне спыталі: «Чаму не хочаш «Мінск-Арэну» ці Палац спорту? Думаеш, не збярэш?». Прызнаюся, я не ведаю. Колькі чалавек прыйдзе на мой канцэрт, ніколі не з'яўлялася галоўным пытаннем. Для мяне музыка ў прыярытэце. І я ніколі не думаю, што выйду — і патану ў авацыях. Народ не падманеш. Але для мяне апладысменты — гэта паказчык любові публікі. Сёння мне іх дораць авансам яшчэ да выхаду на сцэну. Такія моманты дарагога каштуюць.

— На ваш погляд, для жанчыны больш важна рэалізавацца ў прафесіі ці ў асабістым жыцці?

— Я той чалавек, які, дасягнуўшы нечага, адразу перагортвае старонку. Безумоўна, разумееш, што былі нейкія заслугі на творчым шляху, але гэта не прычына, каб спачываць на лаўрах. Трэба рухацца наперад. Што датычыцца сям'і, то пытання, быць жонкай і маці альбо артысткай, для мяне ніколі не існавала, бо я жанчына. І жаданне мець сям'ю для мяне першаснае. У любога чалавека павінен быць моцны тыл.

— Назіраючы, як растуць вашы дзеці, ці прыгадваеце вы сябе ў іх узросце і ці дапамагае гэта ў выхаванні?

— Мае дзве дочкі абсалютна розныя. Старэйшая Ксенія заўсёды была даволі спакойным дзіцем. А Сонька — яна зусім іншая. Яе цікавіць усё. Будзе на руках, чым бы я ні займалася: ці то катлеты смажу, ці песню рэпетую. Проста сядзіць і назірае, што навокал адбываецца. І мая мама аднойчы сказала, што я была ў дзяцінстве такой жа. А ўвогуле старэйшая дачка неяк сказала мне цікавую рэч пасля маёй спробы данесці да яе чарговую жыццёвую ісціну: «Мама, ты павінна мяне разумець, ты ж была дзіцем. А я дарослай не была». Таму, каб зразумець сваіх дзяцей, трэба апусціцца на іх узровень. Адсекчы ўсё тое, што ты ведаеш, і патлумачыць свайму дзіцяці, па якім сцэнарыі можа развівацца тая альбо іншая сітуацыя.

— У перакладзе ваша імя і прозвішча значыць «сапраўдная жанчына». Што патрэбна ў наш час, каб адпавядаць такой характарыстыцы?

— У жанчын няма іншых варыянтаў, акрамя таго, як заставацца сапраўднымі. Але разумееш гэта толькі з узростам. Мужчыны ў першую чаргу любяць вачыма. Неяк у падлеткавым узросце мой бацька сказаў: «Паглядзі, як ты ходзіш! Ты ж дзяўчынка, а паводзіш сябе, быццам хлопец!» Я на яго спярша пакрыўдзілася, а потым пачала выпраўляцца. Кантралявала сябе падчас хадзьбы, сачыла за постаццю і нават прыдумала прыём, быццам за мной назірае схаваная камера. І з часам ты ўжо міжвольна паводзіш сябе па-іншаму. Жанчына павінна сябе берагчы і песціць. Мужчына заўсёды любіць жанчыну за нешта: як яна ўсміхаецца, ходзіць, глядзіць... Пры гэтым важна ў любой сітуацыі быць шчырай і натуральнай. Каб было зразумела, што быць жанчынай — ваш стыль жыцця.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.