Вы тут

Аматарскаму тэатру «вешалкі» не патрэбны


Напэўна, кожны ведае выказванне Станіслаўскага: «Тэатр пачынаецца з вешалкі». Але сёння яно здаецца мне крыху не актуальным. Асабліва для артыстаў сучасных аматарскіх тэатраў. Для іх прастора выступлення не абмежавана: вуліцы, цэнтры мастацтва, музеі і г. д. Такія паказы праходзяць без пампезнасці, урачыстасцяў і маленькіх кішэнных бінокляў.

За мяжой, вядома, такіх вулічных шоу куды больш, чым у нас, аматарскія тэатры можна сустрэць амаль у кожнай навучальнай установе ці працоўным калектыве. У нашай краіне большасць тэатральных артыстаў-аматараў сканцэнтравана ў сталіцы. І існуюць яны за ўласныя сродкі.

[caption id="attachment_110914" align="alignnone" width="600"]19-17 «Мусташ» здзіўляе і эпаціруе гледачоў...[/caption]

Узаемадзеянне з гледачом

Менавіта такія словы падыходзяць тэатру «Мусташ». На выступленнях гэтага калектыву гледачы ператвараюцца ў актыўных удзельнікаў дзейства.

Акцёраў тэатра на вуліцах Мінска пазнаць лёгка: у вочы заўсёды кідаюцца іх чорныя арыстакратычныя вусікі. У «Мусташа» ёсць некалькі асноўных праектаў. У паказе «Паштавікі» акцёры раздаюць мінакам каляровыя паштоўкі. Але атрымаць іх не так проста: давядзецца «разбудзіць у сабе» гарэзу: патанчыць, паскакаць, пабегаць. Па заканчэнні перформанса кожны глядач можа ўкінуць у скрыню картку для блізкіх ці сяброў. Паштавікі абяцаюць — яна гарантавана дойдзе да адрасата.

Не менш узаемадзеяння з гледачамі і ў праекце «Фотафрэнія». Артысты з'яўляюцца ў ажыўленых месцах у ролі фатографаў. У цяльняшках, са старымі плёначнымі фотаапаратамі... Прапануюць мінакам зрабіць вясёлыя і нечаканыя кадры. Гледачоў падымаюць на рукі, выбудоўваюць з імі розныя карціны, дурэюць і весяляцца.

Кацярына Ажгірэй, удзельніца тэатра «Мусташ», кажа, што ідэя стварэння такога незвычайнага тэатра з'явілася ў 2011 годзе, калі ў Мінск на фэст прыехаў славенскі вулічны тэатр «Kud Ljud».

— Мы заўважылі, што пасля выступленняў ружовых прышэльцаў (тэатр «Kud Ljud») усе мінакі пачалі ўсміхацца, адразу знікала маркота. Гэта ж менавіта тое, што трэба Мінску! Славенскі тэатр з'ехаў, і мы ўзяліся за справу.

Захаплення і запалу ў хлопцаў і дзяўчат было хоць адбаўляй, але, на жаль, досведу ў правядзенні вулічных перформансаў не хапала. Даводзілася дыстанцыйна вучыцца ў славенцаў. Паднабраліся — і адразу справы пайшлі на лад, з'явіліся свае спектаклі і ўзнагароды.

Кажучы аб тэатральным жыцці Мінска, Каця робіць наступныя высновы: да маштабных еўрапейскіх вулічных фестываляў нам яшчэ далёка, але горад рухаецца ў правільным кірунку.

— Сёння сітуацыя з аматарскімі тэатрамі ў краіне даволі дзіўная. Фінансавання ў большасці з іх няма. Тэатрам трэба альбо шукаць спонсараў, альбо падзарабляць на карпаратывах, розных святах, каб потым аплачваць рэквізіт без шкоды для свайго кашалька.

З іншага боку, дзякуючы грантам з'яўляецца магчымасць гастраляваць. Звычайна краіна-запрашальнік аплачвае ўсе выдаткі. Так, напрыклад, мы з'ездзілі ў Расію і Польшчу.

Беларусь — краіна творчых юнакоў і дзяўчат. Але сёння аматарскім тэатрам тут цеснавата і цяжкавата. Усё ж мастацтва павінна падтрымлівацца на больш высокім узроўні.

[caption id="attachment_110915" align="alignnone" width="600"]19-18 Удзельнікі Босага тэатра рэпеціруюць спектакль «Камень»[/caption]

Басанож па сцэне

Пяць гадоў таму на факультэце міжнародных адносін БДУ з'явіўся Босы студэнцкі тэатр. Як вы зразумелі з назвы, дзяўчаты і хлопцы выходзяць да гледачоў без абутку. Смела, дзіўна, імпазантна.

На пачатку сваёй дзейнасці ўдзельнікі тэатра з усходнім уплывам не маглі знайсці ў Мінску туфляў, неабходных для пастаноўкі. Калі надзея зусім згасла, вырашылі выходзіць на сцэну басанож. І не прагадалі! Неўзабаве гэты ход ператварыўся ў адметную рысу тэатра і знайшоў адлюстраванне ў яго назве.

Мікіта Моніч, каардынатар і адзін з заснавальнікаў тэатра, адзначае, што ўсходняя спецыфіка акцёрам асабліва даспадобы, бо большасць артыстаў — студэнты і выпускнікі ўсходазнаўчых спецыяльнасцяў.

— У новым творчым сезоне будзем працаваць над спектаклем-стылізацыяй японскага тэатра кабукі па п'есе Барыса Акуніна. Дарэчы, прыйсці да нас можа кожны ахвотны, мы адкрыты для ўсіх.

Па меркаванні Мікіты, у Мінску цяпер вялікая тэатральная «двіжуха»:

— На міжнародны фестываль «Тэатральны куфар», міжнародны форум «ТЕART» прывозяць часам вельмі цікавыя рэчы. Па сваім маштабе — гэта значныя падзеі для сталіцы.

Цешыць і тое, што аматарскія тэатры пачынаюць знаходзіць падтрымку з боку афіцыйных структур. Напрыклад, мы рэпеціруем у Нацыянальным мастацкім музеі, а пляцоўкай для эксперыментальных пастановак служыць Цэнтр сучасных мастацтваў.

Ухіл да філалогіі

І месца рэпетыцый, і назву наступнай тэатральнай студыі можна абазначыць проста — «На Філфаку». Тэатральнай трупе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў наступным годзе споўніцца девятнаццаць. Кожны год на сцэнічных падмостках з'яўляюцца новыя спектаклі і новыя зоркі.

Рэжысёр тэатра Кацярына Тананайка кажа, што набор у трупу праходзіць кожную восень, і любы ахвотны (не толькі студэнт) можа прыйсці і атрымаць сваю хвілінку славы.

— У нашым тэатры каля 30 чалавек, большасць з іх — студэнты, але ёсць і тыя, хто ўжо даўно скончылі вучобу. Штогод прыходзяць і навічкі — трапіць да нас няцяжка, кастынг складаецца з аднаго этапу: гэта прэзентацыя на выбар байкі, верша, маналогу, прозы, эцюда, пантамімы... Галоўнае, каб былі талент і жаданне!

Сёння ў рэпертуар тэатра ўваходзяць тры спектаклі: «Кентарвільскі прывід», «У джазе толькі дзяўчаты» і «Двое на арэлях». Гэтым годам запланаваны навінкі — драма па матывах рамана О. Уайльда «Дарыян Грэй» і пластычны спектакль, які раскажа пра жанчын, што сутыкнуліся з прыгнётам і сексуальным рабствам за мяжой.

Хрысціна Хілько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».