Вы тут

Мелодыі старога палаца


Пра старую кафлю, кроплю прыкрасці і тое, як, ратуючы, не загубіць канчаткова.

У Жамыслаўлі мне давялося быць роўна шаснаццаць гадоў назад. Тады таксама была позняя восень, пранізліва-дажджлівае надвор'е, раннія прыцемкі. Вандруючы з «выязной прыёмнай» «Звязды» па ўсім Іўеўскім раёне, мы заехалі ў мястэчка спецыяльна — паглядзець палац. І, як на заказ, акурат у тыя паўгадзіны сярод панылай дажджэвіцы раптам выглянула нізкае лістападаўскае сонца, касымі прамянямі падсвяціўшы аголены стары сад і брудна-белую пляму палаца ў ім. Быццам нехта зверху захацеў, каб мы як мага лепш разгледзелі ўсю яго прыгажосць і занядбанасць.

І мы глядзелі ва ўсе вочы на двухпавярховы будынак дзівоснай урачыстай архітэктуры — так будавалі толькі ў старажытнай Грэцыі ды ў эпоху класіцызму. Высокія стройныя калоны, бельведэр, вялікія вокны. Здавалася, калі прыслухацца, з іх загучыць вальс ці паланэз. Але ўслед за першым уражаннем прыходзіла разуменне, што нічога падобнага тут не было ўжо даўно і быць не можа. Бо на калонах аблупілася тынкоўка, бельведэр стаў шчарбатым, а палова вокнаў была забіта дошкамі.

Тады, у 1999-м, у палацы месцілася калгасная кантора, а на другім паверсе быў клуб, дзе вясковая моладзь, танцуючы кожную суботу, адбівала на столі першага апошнюю ўнікальную ляпніну. На падлозе ў канторы засталіся фрагменты мазаікі ХІХ стагоддзя, у адным з пакояў стаяла грубка, кафля на якой — празрыста-белая з пранізліва-сінім — нячутна напявала ўсё тую ж мелодыю паланэза. За палацам, як і задумалі калісьці яго гаспадары графы Умястоўскія, раскінулася правільнай формы сажалка, а ў парку ўгадваліся абрысы колішняй ліпавай алеі... Добра прыгледзеўшыся, можна было пераканацца: гэта сапраўды амаль дакладная копія «палаца на вадзе», пабудаванага для караля Панятоўскага (будынак і сёння вельмі нядрэнна пачувае сябе ў варшаўскім парку Лазенкі). А мясцовыя краязнаўцы яшчэ паказвалі выяву палаца ў Францыі — таксама адзін у адзін як у Жамыслаўлі, толькі дагледжаны, бела-ружовы, як напудраная паненка з пастаральнай эпохі.

А наш палац ужо шаснаццаць гадоў назад трэба было ратаваць ад заняпаду і канчатковага разбурэння. Тады, дзякуючы публікацыі ў «Звяздзе», яму фактычна вярнулі статус помніка архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай (да гэтага ахоўная дошка, казалі, была, але бясследна знікла). З цягам часу і кантора, і клуб адтуль пераехалі, і ўжо дзевяць гадоў будынак станавіўся «героем» рубрыкі «Страчаная спадчына» ў сеціве. Зразумела было, што палацу, каб выжыць і зажыць новым жыццём, патрэбен гаспадар...

Знайсці яго аказалася не так проста: з мая сядзібу Умястоўскіх у Жамыслаўлі выстаўлялі на аўкцыён пяць разоў. Цікавіліся ёй і расіянін, і беларусы. Але не куплялі. Можа, чакалі, пакуль знізіцца цана, можа, баяліся брацца за адказную справу: па ўмовах падобных аўкцыёнаў, аднаўляючы гістарычны будынак, нельга парушаць яго першапачатковую архітэктуру, і размяшчацца ў ім павінен турыстычна-культурны аб'ект.

І вось нарэшце ў лістападзе пакупнік знайшоўся. Грамадзянін далёкай Іарданіі пачуў пра сядзібу ў Жамыслаўлі ад свайго беларускага знаёмага. І зацікавіўся, ды так, што прыехаў у Іўеўскі раён, паглядзеў на сядзібу і вырашыў яе купіць. За даволі вялікія (прынамсі для нас) грошы — больш чым за мільярд рублёў. Арабскі бізнесмен выказаў намер аднавіць гісторыка-культурныя аб'екты сядзібы ў першапачатковым выглядзе і адкрыць тут гатэль і рэстаран.

Карацей, палацу пашанцавала. Ведаючы абавязковасць і сур'ёзнасць усходніх людзей, калі размова ідзе пра ўкладанне іх уласнага капіталу, можна смела казаць пра тое, што праз пару гадоў мы сапраўды зможам любавацца адноўленым будынкам і параўноўваць яго з выявай на гравюры Напалеона Орды. І турысты будуць прыязджаць сюды абавязкова — не толькі з Беларусі, але і з Літвы, і з Польшчы: да мяжы і з першай, і з другой адсюль, можна сказаць, рукой падаць. І будуць для іх зручнасці ў старых адноўленых сценах і гатэль, і рэстаран...

Але мне здаецца, ёсць у гэтай бочцы мёду кропля прыкрасці і дэсертная лыжачка сумнення. Прыкра за суайчыннікаў. Ёсць жа сярод нас сапраўды багатыя людзі са значным капіталам, які павінен працаваць. Няўжо не знайшлося нікога, хто б гэты самы капітал (дакладней, невялікую частку) гатовы быў укласці не ў сучасную нерухомасць у цэнтры сталіцы ці за мяжой, а ў аднаўленне спадчыны? Зрабіць дабро і для сябе (бо, калі справу паставіць з розумам, дык і прыбытак будзеш мець), і для сваёй зямлі, для краіны, у якой жывеш, пакінуць пра сябе добрую памяць. Так вядзецца ў нас спрадвеку, і не за багацце і знатнасць хавалі ў крыптах храмаў графаў і князёў, а за тое, што яны гэтыя храмы будавалі...

А сумненне вось у чым. Уладальнікам палаца стаў чалавек, які мае добрыя намеры адносна нашай культуры і спадчыны, але не мае асабістага да іх дачынення. Так што ў выкананні яго планаў па вяртанні гістарычнага антуражу яму будуць дапамагаць нашы спецыялісты. А калі паміж іх акажуцца настырныя, выбачайце, дурні без густу, але з жаданнем зарабіць грошы? Што тады будзем мець? Аляпаватую пародыю з элементамі гратэску? І не паланэзам будуць адгукацца старыя сцены, а какафоніяй жалейкі і рэбаба?..

Вельмі хочацца верыць, што сумненні сумненнямі і застануцца. Ёсць жа краязнаўцы, ёсць гісторыкі, ёсць мясцовая ўлада. Нікому не павінна быць усё роўна.

Бо мы не так многа маем, каб быць абыякавымі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.