Вы тут

Дэпутат Валерый Гайдукевіч: «З тэрарыстычнай пагрозай трэба змагацца ўсім светам»


31 кастрычніка тэрарысты ўзарвалі расійскі самалёт, 13 лістапада забілі 132 чалавекі ў Францыі. «Чорная пятніца» ў Парыжы — трагедыя, перасцярога не толькі для адной краіны, але і для ўсяго свету. Суразмоўца «Звязды» — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Гайдукевіч, старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, упэўнены: з той пагрозай, якую нясе «Ісламская дзяржава», усім краінам трэба змагацца разам.

20-26

— Прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» — гэта людзі, якія прапаведуюць самую радыкальную трактоўку ісламу, — гаворыць дэпутат. — Заўважце, практычна ўвесь цывілізаваны ісламскі свет адасобіўся ад іх.

Тым не менш ІД сёння мае дастаткова вялікі ўплыў. Тыя, хто ўчыніў тэракт у Францыі, хто падарваў сябе, з'яўляюцца выхадцамі з Францыі, Бельгіі, яны не прыезджыя. Гэта людзі, якія выраслі на французскай зямлі. «Ісламская дзяржава» сфарміравалася на тэрыторыі Сірыі і Ірака, але ёсць дастаткова шмат людзей з Еўропы, у тым ліку з Расіі, якія ваююць на яе баку. Яны прайшлі падрыхтоўку, частка іх вярнулася ў свае краіны. На гэтую праблему спецслужбы звярнулі ўвагу не так даўно і пачалі разбірацца: хто з'ехаў, хто і з чым вярнуўся або вяртаецца. Але, відаць, нешта недагледзелі, таму што тыя жудасныя рэчы, якія адбыліся ў Парыжы, нават уявіць страшна.

Для прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы» няма нічога святога. Калі браць гісторыю, у тым ліку войнаў, то можна ўбачыць, што ваявалі паміж сабой арміі. І яны, за выключэннем фашыстаў, як правіла, не імкнуліся да знішчэння мірнага насельніцтва. Цяпер жа пацярпелі тыя людзі, якія ніякага дачынення да прыняцця рашэнняў аб бамбардзіроўцы «Ісламскай дзяржавы» ніколі не мелі. Яны проста мірна жылі, і атрымалася так, што менавіта яны апынуліся на пярэднім краі гэтай барацьбы. Так вырашылі тэрарысты.

Зараз, я думаю, будуць па-новаму пераасэнсаваны пытанні, звязаныя з бяспекай, з міжнароднымі адносінамі: з тэрарыстычнай пагрозай трэба змагацца ўсім светам. І тое, што сказаў прэзідэнт Расіі, пачынае асэнсоўвацца па-іншаму. Пуцін прапаноўваў: давайце разам разбярэмся з гэтай з'явай, будзем змагацца разам. Але ўсе маўчалі... Задача ў прыхільнікаў ІД адна — запалохаць свет, прапаведаваць свае радыкальныя ідэі. Для такіх дзяржаў, як Расія, дзе шмат мусульман, або як Казахстан, дзе асноўная рэлігія — іслам, такая прапаганда — гэта дастаткова сур'ёзная пагроза. Думаю, у найбліжэйшы час будуць прыняты адэкватныя рашэнні, у прыватнасці, па абмене інфармацыяй аб перамяшчэннях асоб, якія могуць мець дачыненне да «Ісламскай дзяржавы».

— Сёлета ў Францыі ўжо былі тэракты, калі расстралялі журналістаў карыкатурнага часопіса, атакавалі завод каля Ліёна...

— Заўсёды трэба вельмі акуратна ставіцца да такіх сітуацый, калі загадзя нешта вядома. Пагрозы ў адрас часопіса гучалі, аднак не было адпаведнага рэагавання службаў бяспекі. Гэта не жарты, а сур'ёзныя рэчы. Калі імі не займацца, то гэта прыводзіць да жудасных наступстваў.

— Апошні месяц быў насычаны тэрактамі. Ці варта баяцца паўтарэння гэтых падзей?

— Калі сёння не аб'яднаць намаганні па супрацьдзеянні пагрозе, якая зыходзіць ад «Ісламскай дзяржавы», то гэта можа прывесці да паўтору тэрактаў. Аб'яднанне намаганняў трэба правесці максімальна хутка — гэта па-першае. Па-другое, трэба стварыць агульны банк з даных усіх, хто мае ці меў дачыненне да ІД.

Эмісары падарожнічаюць па розных краінах з мэтай прыцягнуць на свой бок людзей. Досыць шмат ужо пайшлі за імі і прайшлі падрыхтоўку. Цяпер цяжка даведацца, дзе гэтыя людзі. Абмен адпаведнай інфармацыяй, звязанай з перамяшчэннем такіх людзей, неабходны.

— Можна канкрэтызаваць, якія менавіта захады бяспекі ўзмоцнены альбо будуць узмоцнены ў нашай краіне?

— Асаблівую ўвагу службы бяспекі надалі метро, аэрапортам, дзе праводзіцца больш пільны агляд. Заўважце, да гэтага часу не выявілі, як выбухоўка трапіла на борт расійскага самалёта ў Егіпце. Зараз задача не толькі ўзмацніць меры бяспекі — гэта бачная частка працы. Досыць вялікі аб'ём работ праводзіцца спецыяльнымі аператыўнымі службамі, якія правяраюць, падымаюць усе звесткі — хто, калі і куды ездзіў.

— Што тычыцца заканадаўства, у нас ёсць закон «Аб барацьбе з тэрарызмам». Ці плануецца яго новая рэдакцыя ў сувязі з нядаўнімі падзеямі?

— Справа ў тым, што ў наступным годзе запланавана пры неабходнасці карэкціроўка гэтага закона. Але пакуль адпаведнай заканадаўчай ініцыятывы — ад Прэзідэнта, Савета Міністраў або дэпутатаў — не паступала.

У цэлым гэты закон ужо добра прапрацаваны. Але справа ў тым, што час ідзе, і ўзнікае неабходнасць ва ўдакладненнях. Пакуль асобнай гутаркі аб рэдакцыі Закона «Аб барацьбе з тэрарызмам» не было, трэба асэнсаваць апошнія падзеі і высветліць, чаго ў нашым законе не хапае. У прынцыпе ён дазваляе спецыяльным службам выконваць тыя задачы, якія ўскладзены на іх.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.