Вы тут

Сляды жыцця Андрэя Бембеля


Мы не можам паглядаць без болю на чалавека, які сноўдаецца па халоднай вуліцы, бо ў яго няма хаты... Але творы мастацтва таксама могуць не мець свайго цёплага, утульнага месца. Яны таксама жывыя, і ім патрэбна ўвага чалавека. Карціны, скульптуры, асабістыя рэчы, архіўныя дакументы, фотаздымкі здольны шмат расказаць нам, сучаснікам, пра жыццё і творчасць айчынных майстроў.

21-21

Урачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння выдатнага скульптара, народнага мастака БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Андрэя Бембеля адбылося ў музеі сучаснай беларускай скульптуры яго імя. Госці выставы, сярод якіх былі і родныя Андрэя Ануфрыевіча, і скульптары, і студэнты Акадэміі мастацтваў, адразу адзначылі, што ў такім невялічкім, але ўтульным, светлым памяшканні арганізатары вельмі хораша прадставілі скульптуры, сямейныя фотаздымкі, архіўныя дакументы, лісты Андрэя Бембеля. Гледачы ўступаюць у дыялог з імі, адчуваюць энергетыку кожнай рэчы і, вядома ж, кожнага скульптурнага твора: мяккі характар беларускай жанчыны («Беларуска. Хлеб-соль», 1955), цвёрдасць, мэтанакіраванасць савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча А. Мяснікова, натхнёнасць, мелодыю паэзіі Янкі Купалы... І кожны з паказаных твораў шчыры, у кожнага з іх свая гісторыя.

Арганізатары выставы, сярод якіх члены Беларускага саюза мастакоў, кафедра скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з'ядналі скульптуры Андрэя Бембеля тэматычна. У адным куточку можна ўбачыць партрэты Янкі Купалы, прасякнутыя мелодыкай яго творчасці, затым перайсці да твораў на ваенную тэму, напрыклад, убачыць «Перамогу» — эскіз манументальнага рэльефу да помніка-абеліска Перамогі ў гонар воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, убачыць партрэт Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы, які аўтары экспазіцыі змясцілі на высокую калону, а побач — жывыя чырвоныя кветкі. Далей — альбом з фотаздымкамі, лісты, паперы, на якіх можна разгледзець почырк скульптара, іншыя цікавыя дакументы...

— Хочацца, каб гэты музейны куток быў жывы, каб ён развіваўся і прыносіў карысць тым, хто сёння жыве, — моладзі, прафесіяналам, тым, хто цікавіцца мастацтвам. Тут можна праводзіць майстар-класы, творчыя сустрэчы, кінапаказы, — падзялілася сваімі жаданнямі мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, унучка скульптара. — Яшчэ хочацца пажадаць, каб не парушаўся працэс стварэння мастацтва і яго захавання. У скульптараў, мастакоў ёсць дакументальная, архіўная частка, так званыя «сляды жыцця». І што з гэтым рабіць? Усе ведаюць, што існуе сур'ёзная праблема. Я сутыкнулася з ёю, калі была дырэктарам галерэі імя Леаніда Шчамялёва. Да нас прыходзілі родныя памерлых мастакоў і прыносілі архівы... На жаль, няма людзей, якія будуць гэта захоўваць і папулярызаваць, няма і прасторы...

Таццяна Бембель адзначыла, што ў нас ёсць усё, каб наша беларуская школа скульптуры развівалася з поспехам. Але, мабыць, не хапае рэальных крокаў у гэтым плане. Раней быў дзяржзаказ, таму і ствараліся такія вялікія творы, як Курган Славы, Брэсцкая крэпасць. Хочацца, каб больш падтрымлівалі і мастакоў, і скульптараў... А што датычыцца моладзі, то трэба ўвесці, як калісьці, навучанне ў музеях. Напрыклад, у Германіі сувязь паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і музеямі самая непасрэдная.

Вядомы беларускі скульптар Эдуард Астаф'еў прапанаваў арганізаваць пленэр па каменю, граніту і правесці яго пад эгідай памяці Андрэя Бембеля. Добрая прапанова: у наступным годзе споўніцца 30 гадоў з дня смерці майстра. Такі пленэр мог бы стаць працягам выставы. Да яго арганізацыі і правядзення могуць далучыцца студэнты кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў.

Як добра, што «сляды жыцця» выдатнага скульптара сёння можам убачыць мы, маладыя! І такім чынам, пераадолеўшы прастору і час, пагутарыць з выдатным майстрам Андрэем Бембелем. Праз яго скульптурныя творы і асабістыя рэчы...

Вольга РОПАТ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.