Вы тут

Вогненнымі трасамі


У маіх руках — святочны выпуск газеты «Советская коллекция» за 9 мая 1967 года. На першай старонцы, побач з артыкулам «Подзвіг народа», змешчаны групавы фотаздымак ветэранаў з горада Эліста, сярод якіх і ўраджэнец Лагойска Міхаіл Апалінскі. Так склаўся яго лёс, што Міхаіл Уладзіміравіч у пасляваенны час вымушаны быў пакінуць родныя мясціны і большую частку жыцця правесці ў калмыцкай сталіцы. Адтуль як жаданы госць прыязджаў да сваіх лагойскіх родзічаў. Падчас адной такой паездкі і перадаў на памяць названы нумар газеты і два фотаздымкі. На адным з іх ён — зняты ў поўны рост 28 жніўня 1944 года.

21-14

На першых старонках машынапіснага зборніка — франтавая біяграфія героя. Засведчана, што нарадзіўся ён у 1924 годзе, за год да вайны скончыў сярэднюю школу і па пуцёўцы камсамола паступіў у ленінградскую ваенна-марскую авіяшколу. Па заканчэнні яе ў жніўні 1941-га года добраахвотнікам пайшоў на фронт. Стаў абаронцам Ленінграда — пілотам у 122-м асобым разведвальным гідраавіяпалку. У сакавіку 1942-га падчас баявога вылету быў кантужаны і два месяцы лячыўся ў адным з ленінградскіх шпіталёў, а затым у горадзе Бійску, на Алтаі, куды быў вывезены па ладажскай «Дарозе жыцця».

Пасля папраўкі Міхаіл Апалінскі прайшоў спецыяльную вучобу і стаў штурманам-стралком самалёта «Іл-2», грознай баявой машыны, якую фашысты называлі «чорнай смерцю», а нашы байцы — «лятаючым танкам». Вельмі справядлівая ацэнка: гэты штурмавік выпраўляўся на заданне з 600 кілаграмамі бомбаў, меў на ўзбраенні 6 ракетных снарадаў, хуткастрэльную гармату і тры кулямёты.

Працягваў сваю баявую службу 18-гадовы штурман-стралок «Іла» на Калінінскім фронце ў 112-м штурмавым авіяпалку. Удзельнічаў у баях па вызваленні Ржэва і Вялікіх Лукаў. Яго заслугі былі адзначаны медалём «За адвагу». Бяспрыкладную мужнасць і баявое майстэрства праявілі савецкія лётчыкі ў бітве на Крускай дузе. Экіпаж «Іла» ў складзе Міхаіла Апалінскага і Пятра Шмігеля ў тыя дні здзейсніў 30 вылетаў. Толькі ў перыяд з 5 па 9 ліпеня ад штурмавых удараў іх палка было знішчана больш сотні танкаў, звыш тысячы варожых салдат і афіцэраў. Апалінскі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Наперадзе ж былі новыя суровыя выпрабаванні. Асабліва пры разгроме Корсунь-Шаўчэнскай групоўкі ворага, пасля чаго наш зямляк атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені, а яго баявы напарнік быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У жніўні сорак чацвёртага 92-гі гвардзейскі авіяполк быў перакінуты на 2-гі Украінскі фронт. Экіпаж, у складзе якога служыў Апалінскі, вызначыўся пры вызваленні Румыніі і Венгрыі, узяцці Будапешта, разгроме фашысцкіх сіл у раёне возера Балатон. Да ранейшых узнагарод штурмана-стралка дабавіўся ордэн Славы ІІІ ступені.

На вогненных трасах Міхаіл Апалінскі пастаянна сутыкаўся са смяротнай небяспекай. Выратоўваў набыты вопыт вядзення бою, памножаны на бясстрашша і вытрымку. Падсумоўваючы здзейсненае на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у сваіх біяграфічных нататках ён зазначыў, што за перыяд са жніўня 1941-га па май 1945-га на яго рахунку — 45 паветраных баёў, у якіх было збіта 8 і падбіта 10 варожых самалётаў. Адважны лётчык 22 разы падаў з падбітым самалётам, 4 разы пакідаў ахоплены полымем «Іл», спускаючыся на парашуце. Было нават такое, што ён пасля прызямлення трапіў у палон да немцаў, але на другі дзень быў вызвалены чэхаславацкімі партызанамі.

Дзень Перамогі Міхаіл Уладзіміравіч сустрэў недалёка ад Прагі. Пад канец 1945-га года быў накіраваны ў гарнізонны шпіталь горада Кішынёва і па заключэнні ўрачэбнай камісіі звольнены ў запас па стане здароўя са статусам інваліда другой групы. Тым не менш завочна скончыў Маскоўскі інжынерна-будаўнічы інстытут і многія гады працаваў у сферы сельскагаспадарчага будаўніцтва.

Віктар НЕСЦЯРОВІЧ,

г. Лагойск.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.