Вы тут

Дзіцячае «Еўрабачанне-2015»: любоў, надзея, чараўніцтва


Ужо сёння пачнецца адно з найбольш маштабных музычных спаборніцтваў — 13-ты дзіцячы конкурс песні «Еўрабачанне-2015». На сцэну сафійскага культурна-спартыўнага комплексу «Армеец» вечарам выйдуць таленавітыя юныя вакалісты з 17 краін (найбольшая колькасць з 2004 года). Да тых, хто ўжо не першы год удзельнічае ў конкурсе, на гэты раз далучаюцца Аўстралія (краіна, дарэчы, дэбютавала паспяхова ў маі на дарослым конкурсе «Еўрабачанне») і Ірландыя. Вяртаюцца таксама пасля непрацяглага перапынку Албанія і Македонія. Шоу, створанае дзякуючы сумеснай працы паміж Еўрапейскім вяшчальным саюзам і Балгарскім нацыянальным тэлебачаннем, будзе транслявацца ў прамым эфіры ў 17 краінах-удзельніцах 21 лістапада.

21-29

Першай на сцэну выйдзе канкурсантка з Сербіі. Лена Стаменковіч упершыню заспявала падчас хрышчэння свайго брата Іакава. І, мабыць, гэта не дзіўна, бо ў сям'і дзяўчынкі тата музыкант, а дзед — мастак. У Сафіі яна выступіць з кампазіцыяй, якая называецца «Леніна песня». У ёй дзяўчынка расказвае пра сваё жаданне зрабіць свет лепшым.

Пад нумарам 2 мы ўбачым выступленне прадстаўнікоў Грузіі. Гонар краіны сёлета абараняе гурт The Vіrus з песняй «Імкніся», галоўны пасыл якой — не баяцца перамен у сабе і навокал. Найстарэйшай яго ўдзельніцы Лізі 12 гадоў. Яна захапляецца музыкай, футболам і спадзяецца стаць спявачкай і мадэллю, калі вырасце. Акрамя яе, у калектыве спяваюць яшчэ трое — 11-гадовыя Элен (дапамагае даглядаць сірот і марыць адкрыць дабрачынны фонд), Тако (у 6 гадоў выйграла конкурс прыгажосці і цэлы год была «прынцэсай») і хлопчык Дата (спевы — яго любімае хобі).

Далей нас чакае сустрэча з Лінай Кудузовіч са Славеніі. Гэтая дзяўчына любіць пісаць песні і спяваць іх. На радзіме стала добра вядомай у 2010 годзе, калі ў 7-гадовым узросце перамагла ў першым сезоне шоу «Славенія мае талент» і ўжо праз год выпусціла свой дэбютны альбом. Сёлета дзяўчына здабыла новую перамогу — «квіток» на дзіцячае «Еўрабачанне», дзе выступіць з песняй «Першае каханне».

Пад нумарам 4 чакаем выступленне сясцёр-блізнят з Італіі. Талент К'яры і Марціны Скарпары прыгожа спяваць заўважыў дзядуля і, паслухаўшы яго падказку — не пераставаць займацца музыкай, дзяўчаты тры гады таму сустрэлі свайго настаўніка Хрысціяна Казенціна. Менавіта ён натхніў іх выступаць на міжнародным узроўні. Выступяць яны са сваім другім сінглам «Жывіце».

Нідэрланды ўбачым і пачуем пад 5-м нумарам. Сваю баладу «Мільён агнёў» публіцы прадставіць юная спявачка Шаліса. Дзяўчына жыве ў невялікай вёсцы ў паўночнай частцы Нідэрландаў з мамай, айчымам і залатымі рыбкамі. На адборы на дзіцячае «Еўрабачанне» ў мінулым годзе Шаліса дайшла да фіналу, але толькі сёлета пераканала журы і публіку, што павінна прадстаўляць сваю краіну на такім прэстыжным конкурсе.

Аўстралію прадставіць пад нумарам 6 Бэла Пэйдж з песняй «Мае дзяўчаты». 14-гадовая артыстка займаецца музыкай з 6-гадовага ўзросту. Але яе песня для дзіцячага «Еўрабачання-2015» — гэта дэбютны сінгл. Кампазіцыя пра «дзяўчат» — сястру і маму — напісана Бэлай у сааўтарстве з вядомай спявачкай Дэльтай Гудрым.

7-й на сцэне з'явіцца Эймі Бэнкс з Ірландыі, якая выканае песню «Зорка мора». Варта адзначыць, што кампазіцыя з'яўляецца адметнай на дзіцячым «Еўрабачанні», бо будзе ўпершыню з 1972 года выканана на ірландскай мове. Нядаўна дзяўчынка выйграла першае месца на міжнародным вакальным конкурсе Amerіcan Protege і будзе выступаць у «Карнэгі-холе» ў снежні. Але спачатку яе чакае дзіцячае «Еўрабачанне».

Абараняць гонар Расіі сёлета даверана Міхаілу Смірнову з песняй «Мара». Канкурсант выступіць пад нумарам 8. Міша з'яўляецца фіналістам другога сезона тэлевізійнага шоу «Голас. Дзеці», акцёрам музычнага тэатра, а таксама ўладальнікам і пераможцам шматлікіх вакальных конкурсаў — расійскіх і замежных.

Пасля перапынку ў год Македонія зноў вярнулася на конкурс. Краіну на сёлетнім «Еўрабачанні» прадстаўляюць Івана Петкоўская і Магдалена Асексоўская з кампазіцыяй «Пляцёнка». Юныя артысткі спяваюць у хоры, іграюць у спектаклях, займаюцца танцамі, яны паспелі паказаць свой талент не толькі ў сваёй краіне, але і на розных міжнародных фестывалях.

21-30

10-м на сцэну дзіцячага «Еўрабачання-2015» выйдзе наш Руслан Асланаў. Мы зможам чарговы раз паслухаць яго «Чараўніцтва». Хочацца шчыра верыць, што пасыл, закладзены ў кампазіцыі, знойдзе сваіх прыхільнікаў і сярод шматмільённай еўрапейскай тэлеаўдыторыі.

Затым убачым выступленне Міка з Арменіі.
12-гадовы Майкл Варасян прадставіць публіцы сваю кампазіцыю «Любоў». Летась Міка пачаў таксама кар'еру на тэлебачанні. Зараз ён вядзе шоу Puzzle. Міка з'яўляецца вялікім прыхільнікам «Еўрабачання» і нядаўна нават выпусціў сваю версію песні Манса Зермерлова Heroes.

Нумар украінкі Ганны Трынчэр будзе 12-м на конкурсе. Ганна з'яўляецца пераможцай і дыпламанткай розных вакальных спаборніцтваў. Вера ў Бога і ў сябе — гэта тое, што дапамагае юнай канкурсантцы ў жыцці, таму і ў сваёй кампазіцыі «Пачні з сябе» яна нагадвае, як важна быць больш уважлівымі адно да аднаго, каб ніякія войны не маглі пазбавіць нас чалавечнасці.

Ад Балгарыі, якая гасцінна прымае сёлета дзіцячае «Еўрабачанне», будуць змагацца Габрыэла Ярданава і Іван Стаянаў. Яны выступяць з песняй «Колер надзеі». У адборачным туры гэтыя канкурсанты набралі аднолькавую колькасць балаў, і цяпер мы зможам ацаніць, як гучыць разам іх дуэт. Чакайце яго выступленне пад нумарам 13.

Каміла Ісмаілава, якая нарадзілася і вырасла ў Расіі, на конкурсе будзе прадстаўляць Сан-Марына і з'явіцца пад 14-м нумарам. Неяк у дзяцінстве дзяўчынка пабывала ў гэтай краіне і была настолькі ўражана, што паабяцала сабе аднойчы звязаць з ёй свой лёс. Адправіла сваю заяўку на мясцовае тэлебачанне — і рызыка аказалася недарэмнай. Яе песня называецца «Люстэрка».

Дасягненнем жаданай мэты стаў удзел у дзіцячым «Еўрабачанні-2015» і для 13-гадовай Дэстыні з Мальты. «Не мая душа» — так называецца кампазіцыя, якую пачуем пад 15-м нумарам. Галоўнае для юнай артысткі — рабіць людзей шчаслівымі з дапамогай музыкі.

Для Албаніі сёлетняе дзіцячае «Еўрабачанне» — другое за гісторыю існавання спаборніцтва. Прадстаўніцай краіны стала Мішэла Рапо, якая выканае песню Dumbaje. На сцэну яна выйдзе пад нумарам 16.

Завершыць конкурсныя выступленні выхад 15-гадовай Яны Міркавіч з Чарнагорыі, якая не толькі прыгожа спявае, але і іграе на скрыпцы і піяніна. На сцэну ў Сафіі канкурсантка выйдзе з кампазіцыяй «Шторм».

Слухайце, глядзіце выступленні юных талентаў з усёй Еўропы і аддавайце свае галасы за тую музыку, на якую адгукнецца ваша душа. Хто ведае, магчыма, менавіта ваш голас вырашыць лёс кампазіцыі, што будзе прызнана найлепшай!

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.