Вы тут

Беларускі лось на эмблеме польскага народнага парку


Гуляючы па лясным гушчары, можна заўважыць зламаныя кусты, абадраныя дрэўцы, вытаптаную зямлю і вялікія свежыя сляды. Гэта сведчыць аб тым, што нядаўна
тут пабываў парнакапытны гігант нашых лясоў — лось еўрапейскі.

24-18

Самы буйны ў сваёй сям'і

Лось уваходзіць у так званую «Вялікую еўрапейскую пяцёрку» буйных млекакормячых, якія жывуць у дзікіх умовах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Дарэчы, колькасць ласёў тут — каля дзвюх з паловай сотняў. Яны звычайна сустракаюцца ў маладых насаджэннях хвоі, вербалозу і на ўскраінах балот, дзе заўсёды шмат зялёнага корму. Але самае любімае месца іх пражывання — пойма ракі Бярэзіны з багаццем трысняговых зараснікаў, нізкарослых хмызнякоў і невысокіх дрэў. Іх парасткі складаюць аснову рацыёну ў летні перыяд. Нярэдка ласі сілкуюцца воднай расліннасцю, якую могуць здабываць у вадзе. А ў мнагаснежныя зімы яны ўтвараюць працяглыя «стойбішчы» ў хваёвых маладняках, дзе могуць начыста з'ядаць верхавіны сасёнак.

Буйнейшага за лася ў сямействе аленевых няма нікога. Гэта сапраўдная грамадзіна: вышыня дасягае двух метраў, а даўжыня цела — амаль тры! Пры гэтым жывёла грацыёзная, часткова дзякуючы сваім доўгім нагам у светлых, амаль белага колеру, «гольфах». Своеасаблівую прыгажосць звера падкрэсліваюць пышнае чорна-бурае цела і гарбаносая галава з вялікімі вушамі і «завушніцай» — скурным вырастам, падобным на бараду, на шыі ў дарослых самцоў. Маленькія вочы глядзяць з мяккім смуткам, верхняя губа пухлая, навіслая, ноздры вялікія, шырокія. Лася называюць «сахатым» з прычыны даволі галінастых і лапатападобных рагоў, якія сваёй формай нагадваюць саху. Штогод у лістападзе-снежні гэты галаўны ўбор скідаецца на зіму.

Час для бою!

Рогі ласю асабліва патрэбны восенню, у перыяд гону, калі паміж самцамі адбываюцца лютыя бітвы. З канца жніўня па кастрычнік лось выкарыстоўвае іх у якасці грознай зброі абароны і нападзення. У гэты перыяд самцы становяцца менш асцярожнымі і нават агрэсіўнымі, паміж імі ідуць баі за самак. Сутычкі самцоў часцей маюць дэманстратыўны характар, але нярэдкія і жорсткія, якія заканчваюцца нават калецтвам аднаго з сапернікаў. Зрэдку, выдаючы гукі-стогны, ласі змагаюцца і з дрэвамі, успрымаючы іх за саперніка, у злосці ламаюць рагамі іх тонкія ствалы.

24-17

Свойская жывёла

Яшчэ да вайны ў Бярэзінскім запаведніку пачаліся даследаванні па прыручэнні ласёў. У 1936 годзе два ласі ва ўзросце дзесяці месяцаў былі злоўлены і змешчаны ў загон памерам каля дзесяці гектараў. Але спробы прыручыць жывёл скончыліся няўдачай. На гэтым вялікім участку яны заставаліся такімі ж дзікімі, як і на волі. Пазней злавілі іншых ласёў, якіх трымалі ўжо на спецыяльна пабудаванай ферме. За некалькі гадоў тыя так прывыклі да людзей, што самі падыходзілі да супрацоўнікаў «ласятніка». А ў маі 1941 года тут адбылася радасная падзея — упершыню ў няволі нарадзіліся маленькія ласяняты. Так у гэтым гадавальніку сфарміраваўся цэлы статак.

Падарунак з Беларусі

У 1951 годзе ў якасці абмену ў Кампінаскі нацыянальны (народны) парк (Польшча) з Бярэзінскага запаведніка былі перавезены 5 асобін (2 самца і
3 самкі) лася. Гэтыя жывёлы былі практычна цалкам знішчаны ў Польшчы ў сярэдзіне ХІX стагоддзя. Зараз яны дамінуюць у пушчы па колькасці сярод буйных відаў млекакормячых і ствараюць папуляцыю звыш 300 асобін. Можна з упэўненасцю сказаць, што менавіта беларускі лось з'яўляецца сімвалам Кампінаcкага парку і горда красуецца на яго афіцыйнай эмблеме.

Анастасія РЫЖКОВА, малодшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка

Фота Дзяніса Іўковіча

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.