Вы тут

Справы «ў ажуры», або Коўка як мастацтва


Як вядома, кавальства — рамяство старажытнае, але ў XXI стагоддзі яно не страціла сваёй аўры і прывабнасці. І хоць прафесія гэта сёння не трэндавая, але ж і не забытая. Ды і ў майстэрнях — калі туды завітаць — чуецца і грукатанне молата, і гудзенне сучасных прылад па апрацоўцы металу.

[caption id="attachment_111456" align="alignnone" width="600"]24-15 Юрый Та­та­ры­но­віч са сва­і­мі «ге­ро­я­мі».[/caption]

Пераканаліся ў гэтым нашы журналісты, пабываўшы ў невялікай глыбоцкай кузні з рамантычнай назвай «У ажуры».

Сустрэў нас гаспадар Юрый Татарыновіч. З металам ён працуе ўжо даўно. А пачалося гэта, як часта здараецца ў жыцці, выпадкова.

На календары 1985 год. Глыбокае сустракае ганаровых гасцей: у горад з'ехаліся кавалі з усяго свету — падзяліцца вопытам ды падзівіць жыхароў сваімі шэдэўрамі. Назіралі за працай майстроў тысячы людзей, сярод якіх быў і Татарыновіч, на той момант выкладчык Глыбоцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Натхнёны ўбачаным, Юрый Мар'янавіч прыйшоў дадому і... рукі самі пацягнуліся да працы. Першую работу выкінуў за плот — атрымалася спрытная качарга з ружай. Выкаваў ды і забыўся. Час ішоў, Татарыновіч пачаў працаваць аўтамеханікам, справу часцей даводзілася мець са зваркай, чым з каваннем.

— Толькі праз дваццаць гадоў пасля з'яўлення першай качаргі я ўзяўся за выраб узорыстых варот для свайго дома. Атрымалася нядрэнна. Ад знаёмых, сяброў, сваякоў адразу пасыпаліся заказы. Тады і падумаў: чаму б не заняцца гэтым усур'ёз?

Пяць гадоў таму Юрый Мар'янавіч адкрыў кавальню «У ажуры». За гэты час каманда майстра вырасла з двух чалавек да шаснаццаці, паднабраліся вопыту і ўмення, з маленькага памяшкання пераехалі ў новы цэх. Сёння тут бібікі ніхто не б'е — заказаў шмат, працуюць хутка і спрытна.

Юрый Татарыновіч ведае шмат тонкасцяў і нюнсаў сваёй справы. Ён з запалам расказвае і пра стварэнне ручных вырабаў, і пра сучасныя станкі, якія дапамагаюць скараціць час працы і вырабіць усе элементы з дакладнасцю да міліметра. Узнікае пытанне, ці не страціла прафесія каваля ў сувязі з тэхнічным прагрэсам сваёй спецыфікі?

— Канкураваць з ручной працай мы першапачаткова не збіраліся. Наша задача — прыйсці ў народ з больш таннымі вырабамі. З'яўляюцца і незвычайныя заказы, але іх вельмі мала. Заказчыкі часцей выбіраюць тое, што не вельмі ўдарыць па іх кашальку.

На вуліцах Глыбокага можна сустрэць шмат ажурнай прыгажосці: ад высокіх брам да незвычайных помнікаў. Яны ствараюць непаўторны каларыт, не дзіва, што ў горад як магнітам цягне турыстаў.

Фотаўспышкі камер часцей за ўсё мільгаюць каля помніка вялікаму фантазёру барону Мюнхгаўзену.

— Працавалі мы над ім два месяцы. Наш барон атрымаўся вялікім (тры з паловай метры) і статным. Мы пасадзілі яго на ядро, глядзіш — вось-вось вылеціць з гарматы, — з усмешкай кажа каваль.

Месціцца скульптура непадалёк ад уваходу на старыя могілкі. Месца выбрана не выпадкова: не так даўно тут знайшлі магілу Мюнхгаўзена. Вядома, пахаваны там не сам барон Карл Фрыдрых Еранім, а нехта Фердынанд — ці то цёзка, ці то сваяк. Але легенда ад гэтага не становіцца менш прыгожай і прывабнай, наадварот, толькі прыцягвае ў горад цікаўных.

Нездарма Глыбокае называюць беларускай Венецыяй — азёр тут не злічыць: Кагальнае, Бяглец, Мушкат... Таму, калі будзеце ў гэтых краях, наведайце іх усе і абавязкова прагуляйцеся па алеі ліхтароў, што цягнецца ўздоўж возера Доўгага. Каго вы там толькі ні сустрэнеце: ліхтар з вудай збіраецца на рыбалку, ліхтар-анёлак распраўляе свае крылы, ліхтар-музыка іграе на сваёй скрыпачцы. Безліч крэатыву!

А сваім самым грандыёзным праектам Юрый Мар'янавіч лічыць «каралеўскую» карэту.

— Выкоўвалі яе пяць месяцаў, і сёлета яна ва ўсёй красе з'явілася на вуліцах горада. Маладыя, якія бяруцца шлюбам, і ўсе глыбачане на нейкі час могуць ператварыцца ў каралеўскіх асоб, арандаваўшы гэты старадаўні від транспарту.

У задумах — новыя праекты і ідэі, пашыраецца і геаграфія заказаў. Магчыма, неўзабаве ва ўсім свеце будуць ведаць таленавітых беларускіх майстроў.

Хрысціна Хілько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.