Вы тут

Каталонская мара


 

Што адбываецца на Пірэнеях?

Адна з «топавых» міжнародных навін лістапада тычылася Іспаніі. Дакладней, аднаго з яе рэгіёнаў. Інфармагенцтвы паведамілі: большасць дэпутатаў каталонскага парламента ўхвалілі праект рэзалюцыі, у якой гаворыцца, што «Каталонія пачынае працэс стварэння незалежнай дзяржавы ў форме рэспублікі». Прычым гэта павінна адбыцца ўжо ў 2017 годзе.

24-6

У адпаведнасці з прынятым дакументам мяркуецца пачаць працэс выхаду рэгіёна з іспанскага каралеўства. Рэзалюцыю падтрымалі 72 дэпутаты кааліцыі Junts реl Sі (Разам за «так») і партыі «Кандыдатура народнага адзінства», якія маюць большасць у парламенце. Сваё рашэнне яны абгрунтавалі вынікамі выбараў 27 верасня, на якіх найбольш месцаў у каталонскім парламенце атрымалі прыхільнікі незалежнасці. Хоць Мадрыд і абвясціў чарговы крок Барселоны неканстытуцыйным, мяркуючы па ўсім, «працэс пайшоў». Ці здолее каралеўства ў перспектыве застацца ў сённяшніх межах? Ці на палітычнай карце Старога Свету замест аўтаномнай вобласці з'явіцца яшчэ адна дзяржава?

Адметная тэрыторыя

Паводле класіфікацыі гісторыка Менендэса Підаля, Іспанія ўзнікла ў пачатку новага часу ў выніку аб'яднання «пяці каралеўстваў» Пірэнейскага паўвострава — Кастыліі, Арагона (куды ўваходзіла Каталонія), Навары, Партугаліі і Гранады. З іх толькі Партугалія пасля дамаглася незалежнасці ад Мадрыда. Спецыялісты сцвярджаюць, што апошні раз незалежнай дзяржавай Каталонія была ў ХІІ стагоддзі — тады яна ўвайшла ў склад больш магутнага каралеўства Арагон. А ў 1492 годзе і само каралеўства (у выніку шлюбу Фердынанда Арагонскага і Ізабэлы Кастыльскай) страціла сваю незалежнасць. Цэнтр палітычнага жыцця перамясціўся ў Мадрыд, а Каталонія ва ўсіх сэнсах апынулася на перыферыі.

Але гэта не значыць, што імкненне да рэгіянальнага самавызначэння знікла. Так ці інакш, але канфлікт паміж Барселонай і Мадрыдам існаваў на працягу амаль усёй гісторыі Іспаніі, абвастраючыся ў моманты палітычных крызісаў, рэвалюцый і грамадзянскіх войнаў. У ХVІІ стагоддзі барселонскае дваранства і частка буржуазіі арыентаваліся на Францыю, спадзеючыся такім чынам захаваць свае вольнасці і прывілеі. Падчас вайны за іспанскую спадчыну Барселона наадварот падтрымала Габсбургаў супраць французскіх Бурбонаў. Прайграючы ў гэтых канфліктах, Каталонія паступова губляла свой адметны статус у іспанскай манархіі, пакуль не дэградавала да пасрэднай правінцыі.

Толькі падчас Другой рэспублікі ў 1932-м Каталонія (разам з Краінай Баскаў, яшчэ адным рэгіёнам са сваімі адметнымі культурай і мовай) атрымала аўтаномію. Менавіта тады тут быў створаны свой урад — Жэнералітат. Як вынік, у грамадзянскай вайне 1936—1939 гадоў каталонцы ваявалі супраць Франка. Індустрыйна развітая Барселона стала апірышчам рэспубліканцаў з прычын, хутчэй, сацыяльных: менавіта тут была засяроджана значная частка працоўнага класа, што арыентаваўся на сацыялістаў, анархістаў і нават трацкістаў. Аднак пасля перамогі рэжым генералісімуса Франка пакараў нелаяльную тэрыторыю новай хваляй рэпрэсій. Прычым гэта датычылася не толькі мясцовага самакіравання, але і тутэйшых культурных інстытутаў. Каталанская мова фактычна апынулася пад забаронай. На ёй было забаронена друкаваць кнігі, а выкладанне было пераведзена поўнасцю на іспанскую. І хоць да канца франкісцкай эпохі гэтыя абмежаванні былі спачатку змякчаны, а потым скасаваны, мясцовая інтэлігенцыя добра запомніла, як з ёй абышоўся федэральны цэнтр.

«Многія каталонцы і цяпер лічаць, што яны — прадстаўнікі асобнай нацыі, якая адрозніваецца ад астатніх іспанцаў. Гэта адчуванне падмацоўваецца ўспамінамі пра дыктатуру Франка, які спрабаваў знішчыць каталонскую мову і культуру», — заўважае прафесар літаратуры Барселонскага ўніверсітэта Жордзі Гарсія.

24-5

Права на аўтаномію

У 1979 годзе Каталонія атрымала аўтаномны статус, з якога вынікае і афіцыйнае прызнанне каталанскай мовы. З гэтага моманту тутэйшы Жэнералітат уваходзіць у іспанскую дзяржаўную сістэму канстытуцыйнай манархіі. Урад з рэзідэнцыяй у Барселоне лічыцца пераемнікам улады картэсаў — саслоўна-прадстаўніцкіх сходаў. Ён складаецца з парламента са 135 дэпутатамі і Выканаўчай Рады. Старшыня Жэнералітата аўтаномнай вобласці Каталоніі абіраецца парламентам на 4 гады. У 2006 годзе (калі цэнтральны ўрад Іспаніі фарміравалі сацыялісты на чале з Хасэ Луісам Радрыгесам Сапатэра) быў зацверджаны пашыраны аўтаномны статус Каталоніі, які ў тым ліку прадугледжваў пашырэнне фінансавай самастойнасці. Аднак сённяшні кансерватыўны ўрад Марыяна Рахоя гэтыя паслабленні часткова скасаваў. У 2010 годзе Канстытуцыйны суд Іспаніі прызнаў незаконнымі канцэпцыю «каталонскай нацыі», прыярытэт каталанскай мовы і пашыраныя фінансавыя і судовыя паўнамоцтвы Каталоніі.

Асаблівае раздражненне ў Каталоніі выклікае Народная партыя, што захоўвае франкісцкі лозунг «адзінай і непадзельнай» Іспаніі. У Каталоніі за Народную партыю, заснаваную палітычнымі паслядоўнікамі Франка, галасуе толькі 8,5% выбаршчыкаў, што пазбаўляе яе заўважнага ўплыву ў рэгіёне. Значна большай папулярнасцю карыстаецца Іспанская сацыялістычная працоўная партыя, якая яшчэ з часоў грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў падтрымлівае права нацыянальных аўтаномій, тых жа каталонцаў, а таксама баскаў.

Лакаматыў эканомікі

Якія аб'ектыўныя перадумовы для стварэння новай дзяржавы на Пірэнеях? Прычыны імкнення да незалежнасці варта ў першую чаргу шукаць у эканоміцы. З гэтага пункту гледжання Каталонія адносіцца да найбольш развітых раёнаў Іспаніі. Насельніцтва аўтаноміі складае каля 16% усяго паказчыка дзяржавы, але тут вырабляюць больш чым пятую частку валавога нацыянальнага прадукту. ВУП Каталоніі такі ж, як у Фінляндыі і Даніі, і вышэйшы, чым у Ірландыі. Узровень экспарту набліжаецца да паказчыкаў Фінляндыі і перавышае вынікі Партугаліі. Эканамічны рост Каталоніі адзін з самых дынамічных у Старым Свеце. Гэта прамысловы рэгіён, дзе размешчаны такія галіны, як тэкстыльная (каля 80% яе вытворчых магутнасцяў засяроджана ў трохкутніку паміж гарадамі Барселона, Тэраса, Сабадэль), хімічная, фармацэўтычная і аўтамабілебудаўнічая прамысловасць. Асноўная галіна эканомікі рэгіёна, які практычна не мае карысных выкапняў, ужо не сельская гаспадарка, дзе занята толькі 2% працаздольнага насельніцтва, а прамысловасць — 25% і, галоўнае, сфера паслуг — занята 64% працаздольных.

Прыхільнікі каталонскай незалежнасці жартуюць: «Калі адлучыць Каталонію ад Іспаніі, атрымаецца Паўднёвая Швейцарыя, а астатняя Іспанія ператворыцца ў Афрыку». Прычым, як ва ўсялякім жарце, тут ёсць доля ісціны: як сцвярджаюць спецыялісты, многія сферы каталонскага бізнесу нават не заўважылі крызісу 2008 года. Барселона — ключавы гандлёвы порт Міжземнамор'я. На каталонскіх заводах збіраюцца аўтамабілі Аudі і Nіssаn, добра развіта мясцовая металургічная прамысловасць. Прадукцыя каталонскіх мяса-малочных камбінатаў разыходзіцца па ўсім свеце. У рэгіёне функцыянуюць дзве атамныя электрастанцыі — «Вандэльёс» і «Аско», шмат індустрыйных паркаў, асабліва ў раёне Коста-Дарада. Валавы ўнутраны прадукт у разліку на душу насельніцтва аўтаноміі перавышае сярэдні паказчык па Іспаніі. Гэта практычна ўзровень Германіі і вышэй, чым у Грэцыі і Партугаліі. Такім чынам, Каталонія, без перабольшвання, сапраўдны лакаматыў іспанскай эканомікі.

24-7

«Барса» ці «Рэал»?

Нягледзячы на аўтаномію, многія жыхары рэгіёна незадаволены тым, што Каталонія застаецца донарам для астатняй Іспаніі. Па ацэнках рэгіянальных улад, штогод у выглядзе трансфераў у Мадрыд (а адтуль — у іншыя рэгіёны) паступае эквівалентна 6,5—8,5% ВУП Каталоніі. «Сродкі, якія пералічваюцца Мадрыду, накіроўваюцца пераважна ў бедныя рэгіёны на поўдні і на захадзе. У выніку Каталонія і іншыя рэгіёны-донары не атрымліваюць дастатковых інвестыцый. Гэта было менш адчувальна падчас хуткага эканамічнага росту, аднак падчас крызісу стварае вялікія праблемы для рэгіёна», — лічыць эканаміст банка Lа Саіха Мануэла Ракафорт. Каталонія хацела б атрымаць тыя ж правы, што і Краіна Баскаў, якая сама збірае мясцовыя падаткі і кантралюе тое, як яны выкарыстоўваюцца.

Прыхільнікі незалежнасці Каталоніі вылучаюць не толькі фінансавыя, але і культурныя патрабаванні. У прыватнасці, яны патрабуюць скасаваць закон 2012 года, паводле якога навучанне ў школах вядзецца на іспанскай мове. Сапраўды, Міністэрства адукацыі ў Мадрыдзе неаднаразова заклікала «іспанізаваць» маладых каталонцаў. Гэта нагадала многім тутэйшым жыхарам пра часы франкізму і спробы знішчыць іх ідэнтычнасць.

Цікавыя вынікі сацыялагічных даследаванняў. Згодна з апошнім апытаннем грамадскай думкі, колькасць прыхільнікаў незалежнасці і захавання Каталоніі ў складзе Іспаніі практычна аднолькавая — каля 46-48%. Гэта, як лічаць назіральнікі, стварае патавую сітуацыю. Аднак заўважная тэндэнцыя росту колькасці прыхільнікаў незалежнасці, яна ўзмацнілася сёлета на фоне канфлікту каталонскага парламента і Мадрыда.

Каталонцы не вераць, што цэнтральны ўрад прыслухаецца да іх патрабаванняў ці пойдзе на паглыблены дыялог. Аднавіць давер вельмі складана: як прэм'ер-міністр Марыяна Рахой, так і кіраўнік Жэнералітата Каталоніі Артур Мас занялі цвёрдую пазіцыю і не гатовы ісці на саступкі. У іспанскай прэсе пішуць нават пра асабістую палітычную дуэль Рахоя і Маса, кожны з якіх баіцца «згубіць твар».

У адказ на запыт цэнтральнага ўрада каралеўства Канстытуцыйны суд Іспаніі прыпыніў дзеянне рэзалюцыі парламента Каталоніі пра «пачатак працэсу стварэння незалежнай дзяржавы з рэспубліканскай формай кіравання». Да вынясення канчатковага вердыкту суддзяў любыя дзеянні прыхільнікаў незалежнасці аўтаноміі будуць лічыцца незаконнымі. Зрэшты, перасцярогі судовай улады пакуль іх не спынілі. Як заявілі прадстаўнікі кааліцыйных партый, яны маюць намер працягнуць ажыццяўленне плана, у адпаведнасці з якім цягам найбліжэйшых 18 месяцаў будуць сфарміраваны дзяржструктуры і распрацавана канстытуцыя Каталоніі.

І апошняе. Лічыцца, што спорт па-за палітыкай. Гэта не зусім так. Флагман еўрапейскага футбола «Барселона» была адлюстраваннем той жа каталонскай мары цягам усяго свайго існавання. Напрыклад, падчас франкісцкай дыктатуры падтрымка «Барсы» аб'ядноўвала прыхільнікаў незалежнасці. Стадыён заставаўся адзіным публічным месцам, дзе дазвалялася гаварыць па-каталанску. Саперніцтва двух галоўных клубаў Іспаніі — «Барсы» і мадрыдскага «Рэала» — набыло сімвалічную афарбоўку. У чымсьці так застаецца і дагэтуль. Дарэчы, днямі на мадрыдскім стадыёне «Сант'яга Бернабеу» «Барселона» ўшчэнт разграміла «Рэал» — 4:0.

Мікалай Мікалаеў

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.