Вы тут

Экалагічны лікбез


Каго ні спытай, упэўнены, кожны адкажа, што любіць прыроду, разумее, як важна клапаціцца аб яе ахове. Толькі часам праз такую «любоў» навакольнае асяроддзе якраз і церпіць, а віноўнікам гэтага даводзіцца адказваць згодна з літарай закона...

Падстрэліў рэдкага госця

У паляўнічых угоддзях каля вёскі Літва Стаўбцоўскага раёна група паляўнічых-зайчатнікаў высочвала здабычу. Мужчыны ішлі ўздоўж узлеску і не бачылі, што з іншага боку да іх накіроўваюцца супрацоўнікі ўпраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржінспекцыі. На вачах інспектараў адзін з паляўнічых ускінуў стрэльбу і выстраліў у бок дрэва, з якога ўпала птушка. Мужчына падабраў здабычу, паказаў яе таварышу і схаваў пад куртку.

— А тут праз лічаныя секунды на ўскрайку лесу з'явіліся дзяржінспектары. Апраўдвацца было бессэнсоўна, і паляўнічы, жыхар пасёлка Міханавічы Мінскага раёна, адразу прызнаў сваю віну. На Стаўбцоўшчыну ён прыехаў пагасцяваць і папаляваць. Па словах парушальніка, яго ўвагу прыцягнуў незвычайны знешні выгляд птушкі. Ён ужо нават уявіў, як яе чучала ўпрыгожыць камінную палічку, — расказала прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч.

Птушка сапраўды аказалася незвычайным госцем. Па заключэнні экспертаў, гэта махнаногі канюк, якога яшчэ называюць зімняком, з сямейства ястрабіных. Від занесены ў спісак СІТЕС. Жыве зімняк пераважна ў тундры і лесатундры, у Беларусі ён рэдкая залётная птушка. За незаконную яе здабычу заведзена крымінальная справа па артыкуле 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У якасці пакрыцця шкоды паляўнічаму трэба будзе выплаціць 31,5 мільёна рублёў. Верагодна, парушальніка чакае яшчэ і буйны штраф.

Дабрыня па-за межамі закона

Жаданне аказаць дапамогу братам нашым меншым — цалкам натуральнае праява любові чалавека да дзікай прыроды, але яна далёка не заўсёды апраўдана з пункту гледжання біялогіі і законнасці.

Сустрэўшы, напрыклад, аленяня, ласяня, зайчаня, неабходна як мага хутчэй пакінуць месца яго пражывання і ні ў якім разе не дакранацца да жывёлы. Варта памятаць, што самка-маці знаходзіцца паблізу і чалавек сваёй прысутнасцю замінае ёй вярнуцца да дзіцяняці.

Калі відавочна, што жывёла знаходзіцца ў бядзе (паранена, траўмавана) альбо загінула, неабходна паведаміць пра гэта карыстальніку паляўнічых угоддзяў або ў аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў, або ў дзяжурную службу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Самавольнае перамяшчэнне дзікіх жывёл, у тым ліку загінулых, з'яўляецца парушэннем і можа пацягнуць за сабой адміністрацыйную, а ў некаторых выпадках нават крымінальную адказнасць.

— Калі гаворка ідзе пра перамяшчэнне дробных жывых дзікіх жывёл або загінулых (скажам, качка ці заяц), якія па таксах нанесенай шкоды ацэньваюцца ў суму, меншую за сто базавых велічынь, адказнасць наступае згодна з часткай 2 артыкула 15.37 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання». У гэтым выпадку можна атрымаць штраф у памеры да 50 базавых велічынь, — тлумачыць Вольга Грамовіч.

За «знойдзенае» мяса можна страціць свабоду

Год таму ўступілі ў сілу новыя рэдакцыі артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія датычацца адказнасці за незаконныя паляванне і рыбалоўства.

Адной з самых важных і чаканых стала норма па ўвядзенні крымінальнай адказнасці за незаконную транспарціроўку і разбор дзікіх жывёл. За мінулы год дзяржінспектары выявілі некалькі дзясяткаў падобных выпадкаў. Многія з парушальнікаў ужо пакараны буйнымі штрафамі, прыгавораны да пазбаўлення альбо абмежавання волі. Склалася і судовая практыка канфіскацыі транспартных сродкаў, на якіх перавозілася незаконная здабыча.

— Год таму ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь менавіта адказнасць за транспарціроўку была выдзелена ў асобны артыкул 282-1 «Незаконнае перамяшчэнне (транспарціроўка) ці разбор дзікіх жывёл». Для вызначэння памеру пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў выніку незаконнага здабывання ці знішчэння дзікіх жывёл і шкоднага ўздзеяння на асяроддзе іх пражывання, ёсць таксы ў базавых велічынях. Калі незаконна перамяшчаецца буйная (напрыклад, дзік, лось) загінулая ці здабытая на тэрыторыі запаведніка жывёла, або яна адносіцца да катэгорыі чырванакніжнікаў і па таксе шкода складае больш за сто базавых велічынь, адказнасць вінаватых наступае менавіта па вышэйназваным крымінальным артыкуле. Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання або пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў, — распавяла прэс-сакратар Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч.

Так, за незаконную транспарціроўку мяса дзіка паляўнічаму з Мінска давялося выплаціць 54 мільёны рублёў. Жыхар Слоніма за перавозку і разбор тушы дзіка прыгавораны да аднаго года і двух месяцаў абмежавання волі з канфіскацыяй аўтамабіля і паляўнічай стрэльбы. З 45 мільёнамі і аўтамабілем развітаўся гродзенец, які перавозіў без дакументаў мяса казулі.

Дарэчы

У сувязі з узмацненнем адказнасці за незаконныя паляванне і рыбалоўства колькасць выяўленых сёлета грубых парушэнняў з прыкметамі крымінальных зменшылася на 11 працэнтаў. Разам з тым паўната і адэкватнасць пакарання дазволілі спагнаць з парушальнікаў удвая больш штрафаў: за 10 месяцаў гэтая сума склала 18 мільярдаў рублёў.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.