Вы тут

Жодзіна імкнецца стаць лідарам па развіцці веласіпеднай інфраструктуры


Гістарычна жыхары Жодзіна ставяцца да веласіпеда як да зручнага і эканамічнага транспарту. Раней, бадай, ці не ўсе ездзілі на ім за горад, на дачу, рэчку, возера, у лес па ягады і грыбы. Ды з цягам часу паляпшаўся сямейны дабрабыт, многія абзавяліся асабістымі аўтамабілямі, а веласіпеды, так бы мовіць, састарэлі. Але, як той казаў, нічога больш даступнага і практычнага, чым веласіпед, чалавецтва пакуль не вынайшла. Апошнім часам у гараджан зноў з'явілася цікавасць да гэтага сродку перасоўвання. А мясцовыя ўлады пачынанне толькі падтрымліваюць і стымулююць.

25-7

Жодзіна імкнецца стаць лідарам у краіне па стварэнні інфраструктуры веласіпеднага транспарту, — кажа старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Наталля Сушко. — Першы крок да гэтага ўжо зроблены — у цэнтры горада адкрыта веласіпеднае кольца. Яно пралегла ўздоўж вуліц 40 гадоў Кастрычніка, праспекта Міра, вуліцы 50 гадоў Кастрычніка і праспекта Леніна. Агульная працягласць маршруту — больш як два кіламетры. Паколькі няма магчымасці вылучыць для арганізацыі руху праезную частку дарогі, то прынялі рашэнне падзяліць тратуар (даволі шырокі — больш як 4 метры) на дзве часткі: для пешаходаў і веласіпедыстаў. Зоны абазначылі адпаведнай разметкай, дарожнымі знакамі.

Створана таксама 6 парковак для часовага захоўвання веласіпедаў (у тым ліку тры крытыя — каля сацыяльна значных аб'ектаў): Цэнтра дзіцячай творчасці, Цэнтральнай гарадской бібліятэкі, на тэрыторыі гарадскога пляжа, Маладзёжнага цэнтра, гімназіі №1, у раёне гандлёвага цэнтра. Прычым яны прадугледжваюць магчымасць для захоўвання ўсіх відаў «жалезных» коней.

Шмат увагі надаецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця, веласіпеднага руху сярод жыхароў горада. Іх вучаць правілам бяспечных і культурных паводзін на дарогах, прапагандуюць веласіпед як экалагічна чысты від транспарту.

З гэтай мэтай надрукаваны плакаты, брашуры, календары. Прадукцыю распаўсюдзілі ва ўстановах адукацыі, месцах масавага знаходжання людзей. У межах акцыі «Актыўны рух замест пасіўнага курэння. Усё пачынаецца з сям'і» прайшлі дзіцячыя гонкі на бегавелах і самакатах. Арганізавалі пяць велапрабегаў па значных для горада месцах. А сярод дашкольнікаў правялі конкурсы, каб прывіць ім навыкі язды на веласіпедзе, паказаць веласіпед як альтэрнатыву аўтамабілю.

Дарэчы, ініцыятарам развіцця веласіпеднага руху выступіў Маладзёжны цэнтр пры гарвыканкаме. Менавіта яго прадстаўнікі прыйшлі ў гарадскі Савет дэпутатаў і выказалі свае пажаданні і прапановы. І знайшлі разуменне і падтрымку.

Праект рэалізуецца ў межах Стратэгіі ўстойлівага развіцця г. Жодзіна разам з італьянскімі партнёрамі. На ўладкаванне першага веласіпеднага кольца затрачана 13 тыс. еўра. Такая маштабная задума запатрабавала не толькі сродкаў, але і чалавечых высілкаў. Былі падключаны грамадскасць, службы горада, дэпутаты, усе неабыякавыя і зацікаўленыя людзі. Народныя абраннікі разам з архітэктарам прайшлі пешшу па ўсіх чатырох вуліцах, вывучылі і прааналізавалі сітуацыю, каб падрыхтаваць схему будучага веласіпеднага кольца.

— Веласіпедны маршрут у цэнтры — толькі першы крок. Мы ж хочам «закальцаваць» увесь горад, — запэўнівае Наталля Міхайлаўна. — Як і ў краінах Еўропы, нашы людзі ўсё часцей перасаджваюцца на веласіпеды. Неабавязкова мець свой ровар. З мінулага года ў нас працуе пункт пракату. Гэтым відам транспарту карыстаюцца не толькі маладыя, але і сталыя людзі.

Цяпер у Жодзіне актыўна займаюцца распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі для стварэння другога веласіпеднага кольца. Праўда, калі канкрэтна яно з'явіцца, невядома: усё залежыць ад фінансавання. «Пакуль вызначаемся, за які кошт яго ўзводзіць. Магчыма, гэта будуць бюджэтныя сродкі, магчыма, увойдзем у нейкі новы праект. Або знойдзем спонсараў, заробім на суботніку, — кажа старшыня гарадскога Савета. — Але можна з упэўненасцю сказаць, што намечанае будзе зроблена».

Дарэчы, Жодзіна даў краіне шмат прызёраў і чэмпіёнаў свету і Еўропы ў такіх відах спорту, як грэбля, барацьба, цяжкая атлетыка, мастацкая гімнастыка. Магчыма, з цягам часу новыя зоркі з'явяцца і ў веласіпедным спорце.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.