Вы тут

Трухлявы дом: спаліць нельга знесці


Пры выкананні Указа №100 узнікаюць не толькі юрыдычныя, але і этычныя аспекты.

На суботнюю «прамую лінію» да намесніка старшыні Камянецкага райвыканкама звярнуўся жыхар вёскі Антаны. Леанід Міранюк выказваў абурэнне тым, што суседні дом «спалілі супрацоўнікі райаддзела МНС». У картатэцы ўліку тэлефонных зваротаў грамадзян на адпаведнай картцы пазначана, што заяўніку дадзена вуснае тлумачэнне.

25-1

Ні­на Кузьмінічна Мі­ра­нюк

 

Але няўрымслівы вясковец тлумачэннем застаўся не задаволены, пачаў звяртацца ў іншыя інстанцыі. Леанід хоць брастаўчанін паводле рэгістрацыі, але цяпер пастаянна пражывае ў вёсцы з маці, атрымлівае дапамогу па яе доглядзе. 85-гадовая Ніна Кузьмінічна сапраўды мае патрэбу ў тым, каб пра яе клапаціліся. Але ж з кіёчкам рухаецца па хаце сама, пры спрыяльным надвор'і яшчэ і на вуліцу выходзіць. Папярэдне пацікавіўшыся, хто турбуе, адчыніла нам дзверы. Сына на той момант дома не было. (Ён пад'ехаў крыху пазней.) Пенсіянерка расказала, што нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў гэтай вёсцы. Добра памятае вайну. Паводле яе слоў, усё жыццё працавала — і ў паляводстве, і даяркай на ферме.

Сваю старэйшую суседку, чый дом нядаўна знеслі, згадвае добрым словам:

— Мужа яе забілі на фронце. Вой, як нагаравалася Жэня! — голас у Ніны Кузьмінічны дрыжыць. — А вы ведаеце, як тады хаты будавалі? Голыя, галодныя хадзілі, нічога не мелі. А цяпер гэтыя хаты паляць! Хіба так можна?

Яна вельмі перапалохалася, калі суседнюю хату сталі паліць. Дыхаць нельга было, не тое што з хаты выйсці: дым у хату лез. Гарэла, асабліва ў другі дзень, доўга; добра, што потым дождж вялікі пайшоў і паветра ачысціў.

Няцяжка здагадацца, што гаворка ідзе пра нічыйны трухлявы дом, які нядаўна знесла брыгада МНС. Сітуацыю патлумачыластаршыня Рэчыцкага сельскага Савета Наталля ШОСЦІК.

Гаспадыня дома, пра які ідзе гаворка, даўно памерла. Яе пажылы сын, паводле інфармацыі сельвыканкама, пражывае ва Украіне. У Камянцы жыве ўнучка, якая домам не цікавілася, нічога не рабіла па падтрыманні парадку. Будынак канчаткова прыйшоў у заняпад. І па прапанове мясцовага органа ўлады ўнучка напісала афіцыйную заяву, у якой адмовілася ад бабінай хаты. Так былое жыллё трапіла ў спіс нічыйных трухлявых дамоў. З райаддзелам па надзвычайных сітуацыях заключылі дагавор на знос гэтага дома і прывядзенне ў парадак участка. Што і было зроблена брыгадай ратавальнікаў.

Паводле слоў Наталлі Іванаўны, дом спачатку разабралі, знялі шыфер з даху, сабралі шыбы, вывезлі астаткі маёмасці (напрыклад, жалезныя ложкі). Потым разбіралі сцены, распілоўвалі вялікія бярвенні, спальвалі непрыдатнае для выкарыстання.

25-3

Дом пад знос

 

— Гэта не першы і не апошні дом, які зносіцца на тэрыторыі сельсавета, — тлумачыць старшыня. — У такіх выпадках мы заўсёды прапануем бярвенне насельніцтву на дровы. А тут фактычна няма каму і прапаноўваць.

У Антанах, некалі немалой вёсцы, цяпер пастаянна пражывае... пяць чалавек. Некалькі дамоў купілі гараджане, якіх тут называюць дачнікамі. Яшчэ чатыры-пяць сядзіб выкарыстоўваюць у якасці лецішча спадчыннікі, якія прыязджаюць з розных гарадоў. Дачка адных гаспадароў прыязджае ў бацькоўскі дом з Санкт-Пецярбурга раз на год. Але на гэтых «канікулах» яна паспявае прывесці двор і тэрыторыю ў парадак. Мяркуючы па ўсім, пецярбуржанка не збіраецца прадаваць дом, дзе яна вырасла.

Некалькі спадчыннікаў — пасля таго, як іх запрасілі ў сельсавет — сабраліся са сваякамі і самі разабралі старыя пабудовы. Астатнія былыя домаўладанні сталі не проста клопатам, а галаўным болем сельскага Савета. Так, адзін з дамоў падзелены ў сэнсе права ўласнасці на дзве часткі паміж сястрой і братам. Брат знаходзіцца ў псіханеўралагічнай установе. Сястра заявіла, што займацца жыллём не будзе, і не з'яўляецца ў вёсцы. Дом паступова зарастае хмызняком і прыходзіць у непрыдатнасць. Хоць, аказваецца, маюцца ахвотнікі набыць гэтую хату.

Яшчэ адзін дом у вёсцы таксама мае законнага спадчынніка. У доме нядаўна праваліўся дах. А вось бярвёны, з якіх складзена хата, нават шашаль не паеў. Яшчэ сто гадоў прастаялі б. Месцічы ў такіх выпадках кажуць: «Пушчанскае дзерава — як звон».

Так і ёсць: цяпер названая і навакольныя вёскі ўваходзяць у адно з лясніцтваў нацыянальнага парку «Белавежская пушча». А драўніна з пушчы заўсёды лічылася адмысловым будаўнічым матэрыялам... Праз аконныя праёмы відаць, што ў даволі вялікім доме разабраны печы, здзёрта падлога. Пад падлогай ляжыць ядловец — некалі клапатлівы гаспадар выкарыстаў яго, каб мышы не вадзіліся, каб цяпло захоўвалася і здаровае паветра было ў доме. І вось гэты дом хутка пойдзе пад знос, калі цяперашняя гаспадыня напіша адмову. Мяркуючы па яе абыякавасці, так і будзе.

У суседнім Пелішчанскім сельсавеце, дзе хаты актыўна купляюцца, бо населеныя пункты недалёка ад Брэста, таксама ёсць так званыя «тупіковыя» домаўладанні. У аграгарадку Пелішча, дзе падведзены газ і водаправод, на цэнтральнай вуліцы стаіць дом, у якім таксама ўваліўся дах. Не магла не пацікавіцца ім у старшыні сельскага Савета Уладзіміра ТОЛАХА. «Там, вядома, ніхто не жыве, але зарэгістраваны два чалавекі, — расказаў старшыня. Бацька пасля адбыцця тэрміну пакарання вярнуўся ў вёску, працуе ў гаспадарцы, здымае кут. Сын наогул невядома дзе. Без згоды маладога старэйшы не можа распарадзіцца домам, каб і хацеў. Ёсць людзі, якія купілі б старую пабудову нават з-за ўчастка, але гэта зрабіць немагчыма». І напаўразбуранае жытло мусіць псаваць увесь знешні выгляд цэнтральнай вуліцы аграгарадка.

У астатніх населеных пунктах Пелішчанскага сельсавета работа па выкананні Указа №100 вядзецца згодна з планам.

У Рэчыцкім сельсавеце, адкуль была скарга, яна ўскладняецца некаторымі акалічнасцямі. Па-першае, у склад тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі ўваходзіць 30 населеных пунктаў, з якіх дзясятак — зусім малыя вёскі, якія фактычна выміраюць, хат-сірот з кожным годам становіцца болей. Зараз у сельсавецкіх спісах налічваецца 93 пустуючыя дамы. Шэсць чакаюць сваёй чаргі на знос. Па-другое, Рэчыца была першай вёскай у раёне, а можа, нават і ў вобласці, у якой скасавалі былы калгас. Зямлю ў асноўным раздалі фермерам, прыватным гаспадарам. Адным словам, гаспадаркі тут няма. Напрыклад, у Пружанскім раёне львіную долю работы па зносе жылля праводзяць сельгаспрадпрыемствы з наступным увядзеннем зямель у севазварот, альбо пасля разборкі забіраюць участкі для будаўніцтва жылля («Дзе дом стаяў, там рапс расце». «МС» ад 25 сакавіка г.г. — Аўт.).

25-2

Фо­та Ва­ле­рыя КА­РА­ЛЯ

 

Рэчыцкаму ж сельвыканкаму даводзіцца наймаць для гэтай работы самыя розныя арганізацыі. Апошнім часам і ў Антанах, і ў іншых вёсках працавалі работнікі райаддзела МНС. Яго начальнік Уладзімір ІВАНЮКОВІЧ расказаў карэспандэнту газеты, як праводзіцца знос дамоў:

— Гэта ж не значыць, што прыехалі, падпалілі з чатырох бакоў і стаялі-чакалі, пакуль дом згарыць. Пасля заключэння дагавора мы выязджаем на месца, аглядаем збудаванне, тэрыторыю, абавязкова прапануем насельніцтву прыдатную на паліва драўніну, а таксама цэглу, якая застаецца ад разбору печаў. Дом разбіраем, а трухлявыя, іншыя драўляныя рэшткі спальваем, захоўваючы ўсе меры бяспекі. Побач заўсёды знаходзіцца аўтацыстэрна з вадой.

Так было і на гэты раз, толькі, можа, паліць давялося крыху больш, бо ахвотных забраць драўніну не знайшлося. Праўда, з пенсіянеркай-суседкай адбылася не самая прыемная размова. Яе можна зразумець... Але ж вывозіць драўніну на палігон бытавых адходаў мы не маем права. Астаткі бітай цэглы і тое, што засталося на папялішчы, мы закапалі, тэрыторыю разраўнавалі, — патлумачыў Уладзімір Уладзіміравіч.

Сапраўды, калі не ведаеш, можна не здагадацца, што калісьці тут стаяў дом. Толькі збоку чарнее след ад вялікага вогнішча, які вясной схавае маладая расліннасць.

* * *

Праблемы з захаваннем заканадаўства як быццам і няма ў гэтай гісторыі. Але ж відавочныя праблемы сацыяльныя, нават этычныя. Калі старым людзям, якія пражылі век побач з суседзямі, цяжка ўспрыняць, усвядоміць, што будынак адыходзіць у нябыт з агнём. Тым больш знос ажыццяўляе пажарная служба. Але ж гэта, згадзіцеся, адзіная служба, якая можа правесці названую работу па ўсіх правілах бяспекі.

Ну а сацыяльны аспект вядомы: пусцеюць вёскі, былыя хаты нікому не патрэбны — нават на дровы. Як сказаў адзін пажылы месціч, хітравата ўсміхнуўшыся: у пушчы ніхто трухлявымі дровамі ў печы не паліць. А вось заяўнік Леанід Міранюк лічыць, што асобны «кантынгент» людзей быў бы рады і такому паліву. «Няхай бы сельсавет паклапаціўся дом разабраць і адвезці дровы ў Рэчыцу. Там ёсць жыхары, у якіх і палена дроў ніколі не было», — горача даводзіў ён. Аказалася, чуллівы вясковец клапоціцца пра мясцовых п'яніц і дармаедаў, якія сябе нарыхтоўкай дроў не абцяжарваюць. Яны ж не спяшаюцца наняць падводу ці трактар і прывезці на свой падворак бярвенне ад разбору. Дык чаму сельсавет павінен рабіць гэта за кошт падаткаплацельшчыкаў? Нічыйныя дамы, дарэчы, нярэдка гараць і па віне гэтых самых бамжоў ды іншых асацыяльных асоб. І тады сапраўды ўяўляюць небяспеку для суседніх будынкаў.

Ды нельга не пагадзіцца з адной з апошніх жыхарак Антаноў: нічога добрага няма ў тым, што гарыць дом, які некалі ўзводзілі з вялікімі цяжкасцямі, адмаўляючы сабе ў апошнім. І сёння гэта цалкам на сумленні спадчыннікаў дамоў, якія сталі нічыйнымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Камянецкі раён

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.