Вы тут

Як у глыбінцы змагаюцца са злачыннасцю


«Цёмныя справы» робяцца цішком ды не пры сведках. І калі раптам яны становяцца здабыткам грамадскасці, чалавек гатовы скрозь зямлю праваліцца... У Дамамерыцкім сельсавеце Клімавіцкага раёна такі спосаб вядзення барацьбы з законанепаслухмянымі грамадзянамі, як змяшчэнне іх фота на «дошцы ганьбы», зарэкамендаваў сябе як найбольш эфектыўны. А мясцовы савет грамадскага пункта аховы правапарадку па выніках года прызнаны адным з найлепшых у вобласці. І ў гэтым не апошняя заслуга ўчастковага.
25-5

Участ­ко­вы ін­спек­тар Ва­дзім Па­на­сен­ка і стар­шы­ня Да­ма­ме­рыц­ка­га сель­ска­га Са­ве­та дэ­пу­та­таў Аляк­сандр За­стрэ­лаў.

 

Пра такіх, як Вадзім Панасенка, кажуць: малады і перспектыўны. Зусім нядаўна ён атрымаў званне лейтэнанта і з малодшага ўчастковага інспектара міліцыі «вырас» у паўнавартаснага ўчастковага. Яго тэрыторыя — увесь Дамамерыцкі сельсавет плюс некалькі вёсак, якія знаходзяцца непадалёку ад Клімавіч. Абавязкаў шмат, але галоўнае — прафілактыка. Нельга, каб справа даходзіла да злачынства.

— Калі прыйшоў на ўчастак, першай справай пазнаёміўся са старшынямі сельскага Савета і калгаса, дырэктарамі школ (на ўчастку іх дзве), кіраўнікамі розных арганізацый. У нашай рабоце вельмі важна ведаць кожнага асабіста і ўзаемадзейнічаць, тады і працаваць прасцей, — кажа ён. — Які сэнс у саветах грамадскага пункта аховы правапарадку, калі няма ўзаемадапамогі? Вось у школе звярнулі ўвагу на дзяцей з так званай групы рызыкі — я адразу ж з імі пазнаёміўся, пагутарыў. Трэба ведаць, адкуль што можна чакаць.

Абавязкаў у інспектара шмат. Трэба кантраляваць асоб, якія стаяць на ўліку, выхоўваць тых, што спатыкнуўся, прымаць меры да парушальнікаў, займацца прафілактыкай... Але ж Вадзім Панасенка спраўляецца, і за гады працы ў прафесіі не расчараваўся. Нават сястра ўзяла з яго прыклад — цяпер працуе следчай.

— Праца ў мяне нялёгкая, прыходзіцца і рызыкаваць, і ў засадах сядзець, — кажа суразмоўца. — На вёсцы хапае ахвотнікаў падзарабіць на самагонаварэнні. Аднойчы за адным такім домам дзве гадзіны сачылі, затое вывелі парушальнікаў на чыстую ваду.

Вельмі гарачымі бываюць сямейныя скандалы. Некаторыя раз'юшаныя асобы нават з нажом на міліцыянера кідаюцца. «Даводзіцца падыход шукаць, каб чалавек спачатку супакоіўся», — кажа інспектар.

Ёсць на ўчастку сям'я, ад якой пакутуюць усе ў акрузе. У дом не зайсці — бруд, смурод... Але ж людзі маюць псіхічныя захворванні — як на іх паўплываеш? Для іх кантроль нават на карысць, бо самастойна яны не ў стане нават дровы на зіму нарыхтаваць. Перыядычна, пакуль яны на лячэнні, камунальныя службы стараюцца крыху навесці каля дома парадак. Потым усё зноў паўтараецца. П'янкі, міліцыя, бальніца...

— Лягчэй за ўсё дамовіцца з падлеткамі, — кажа Вадзім Панасенка. — Быў у мяне адзін такі задзіра, на дыскатэках ад яго паратунку не было. Два гады з ім змагаўся — цяпер зусім іншы чалавек стаў, у міліцыю збіраецца ісці працаваць. Я яго некалькі разоў з сабой браў, каб паглядзеў, з чым давядзецца сутыкацца.

— На плячах участковага ўся прафілактыка, — дадае старшыня Дамамерыцкага сельскага Савета, а па сумяшчальніцтве і савета грамадскага пункта аховы правапарадку Аляксандр Застрэлаў. — 15-20 гадоў таму было прасцей, цяпер моладзь больш «прасунутая», іх цяжэй чымсьці напалохаць, яны добра падкаваныя — інтэрнэт дапамагае.

Савет грамадскага пункта аховы правапарадку, на думку старшыні, — гэта вельмі добры спосаб прафілактыкі. Калі, вядома, працаваць сумленна. Тут з пастаяннымі «кліентамі» не вельмі цырымоняцца: вешаюць фота на «дошку ганьбы» і гэта добра спрацоўвае. Слава пра «героя» хутка распаўсюджваецца па акрузе, і ён потым просіць, каб фота знялі. Абяцае выправіцца.

На пасяджэнні савета трапляюць не толькі злосныя парушальнікі закона. Тут і сямейныя скандалісты, і тыя, хто парушае правілы дарожнага руху, і дармаеды... Для некаторых дастаткова адной сустрэчы, іншыя трапляюць на прафілактычныя гутаркі па некалькі разоў. Ёсць, праўда, «кліенты» па 5-6 разоў судзімыя — такіх ніякімі дошкамі не праняць. Але ж і на іх знаходзіцца ўправа.

Старшыня сельскага Савета лічыць, што яму з участковым пашанцавала. Кожную раніцу ўжо на тэлефоннай сувязі. Пры такім кантролі нечаканасці амаль што выключаны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.