Вы тут

Працуйце на сябе, а імя і вопыт... можна арандаваць!


Для таго, каб стаць бізнесменам, аднаго толькі жадання недастаткова. Перад чалавекам непазбежна паўстане шэраг пытанняў. З чаго пачаць? Куды пайсці па кансультацыю? Дзе ўзяць грошы і колькі іх спатрэбіцца для сваёй справы?

25-6

Ільготныя крэдыты і іншае

Сёлета на Віцебшчыне распачалі сваю справу больш за 200 беспрацоўных. Цікава, што яны пачалі займацца і новымі відамі паслуг.

— Напрыклад, прапануюць чыстку і прыборку вытворчых і жылых памяшканняў і транспарту, прыбіранне будынкаў пасля будаўніцтва. Сярод новых кірункаў дзейнасці — чыстка дываноў, дывановых пакрыццяў, мяккай мэблі, драпіровак, фіранак... Атрыманую субсідыю пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці беспрацоўныя выкарысталі на набыццё інструментаў, абсталявання і матэрыялаў, — распавядае Ірына МАТВЕЕВА, намеснік старшыні камітэта па працы і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

Кансультуюць беспрацоўных і аказваюць ім метадалагічную дапамогу бясплатна. У прыватнасці, дапамогуць і бізнес-план скласці.

А калі чалавек працуе, але хоча пачаць уласную справу, куды ісці па кансультацыю? Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу аказвае паслугі ў якасці цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Тут пра нюансы бізнесу даходліва распавядуць, як той казаў, і піянеру, і пенсіянеру.

— Нашаму прадпрыемству ў 2007 годзе Міністэрствам эканомікі прысвоены статус базавага (абласнога) цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Аказваем грамадзянам дапамогу ў падрыхтоўцы бізнес-планаў. А бізнесменаў запрашаем браць удзел у канферэнцыях і форумах, выставах і кірмашах, — тлумачыць дырэктар цэнтра Ірына МАКАРАНКА.

Супрацоўнікі цэнтра ў ліку іншага правялі маштабнае маркетынгавае даследаванне патэнцыялу глыбінкі, каб выявіць свабодныя рыначныя нішы. Ажыццяўляюць і даследаванні пераваг пакупнікоў у дачыненні да розных відаў прадукцыі. Праводзяць аналіз канкурэнтных пераваг тавараў, паслуг і іншае.

У краіне ўжо трэці дзясятак гадоў дзейнічае Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. І там рады падтрымаць ініцыятыўных людзей.

— Фонд пачаў работу са студзеня 1992 года. І, зразумела, за столькі часу назапасіў багаты вопыт аказання падтрымкі суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці. Ім прадастаўляюцца пазыкі. Займаемся і фінансавай арэндай маёмасці (лізінг). Многіх дзелавых людзей цікавіць магчымасць гарантый па льготных крэдытах. Усяго мы фінансавалі больш за 1200 прадпрымальніцкіх праектаў. Яны накіраваны на стварэнне і развіццё вытворчасці, арганізацыю выпуску прадукцыі на экспарт, а таксама на замяшчэнне імпартнай прадукцыі. Спрыялі ўкараненню новых тэхналогій. Абавязковай умовай атрымання пазыковых грашовых сродкаў і маёмасці на ўмовах фінансавай арэнды з'яўляецца стварэнне новых працоўных месцаў, — адзначыў генеральны дырэктар фонду Дзмітрый ЯЎМЕНЧЫК.

Разводзіцеся? Найміце пасярэдніка

Для людзей, далёкіх ад бізнесу, словы: «франчайзінг» і «франшыза», верагодна, асацыююцца з медыцынскім тэрмінам? У нашай краіне тая ж франшыза ў параўнанні з суседнімі краінамі — «немаўля».

— Калі папросту, франчайзінг — гэта арэнда чужога імя і чужога вопыту. Прадпрымальніку не трэба эксперыментаваць, думаць, ці будуць запатрабаваныя, напрыклад, яго крама, паслугі. Замест гэтага ён знаходзіць паспяховы прыклад і ўбудоўваецца ў «сетку», якая добра сябе зарэкамендавала, — расказвае Вольга ЛЯВОНЦЬЕВА, старшыня асацыяцыі «Белфранчайзінг». — Дарэчы, і «Макдональдс» у топавым спісе ўсім вядомых франшыз. Ёсць для нас і вельмі дзіўныя. Сярод іх такія паслугі, як навядзенне парадку на месцах злачынстваў, пасярэдніцтва ў працэсе разводу... Дзейнічаюць і цэнтры дапамогі ў атрыманні амерыканскіх віз, і музеі шакаладу. Распаўсюджаны бізнес па аздараўленні і доглядзе... Наконт цаны: франшызу можна купіць і за пару тысяч долараў, і за некалькі мільёнаў. Пакупнікамі штомесяц робяцца пералічэнні ў памеры некалькіх працэнтаў. У нас у краіне найбольш запатрабаваныя франшызы датычацца тавараў для дзяцей і моладзі, фастфуду або закусачных з нізкім чэкам. Запатрабавана і тое, што звязана са здаровым ладам жыцця, — працягвае эксперт.

Франшыза зручная для дзелавых людзей тым, што акрамя імя, гарантуецца падтрымка і дапамога ў выпраўленні памылак, кансультацыі ў самых разнастайных пытаннях. Усё: ад дзеянняў персаналу, які рыхтуецца ў «галаўным офісе», да выгляду памяшкання прапісана ў адпаведных рэкамендацыях: ажно да ўказання часу для выцірання ўваходных дзвярэй.

Усё больш з'яўляецца франшыз, народжаных у нашай краіне. Беларусы прадаюць землякам і іншаземцам свой досвед! Чым не падстава для гонару?

— Бадай, «Мілавіца» — самы вядомы беларускі брэнд. У Расіі ў яе ўжо больш за 200 аб'ектаў... Нядаўна ў расійскім горадзе Чабаксары адбылося ўрачыстае адкрыццё першай франчайзінгавай крамы беларускага брэнда NAVY (стыльнае адзенне). Набірае абароты і айчынная сетка пунктаў па продажы «кавы з сабой», — удакладняе суразмоўца.

Віцебскіх франшыз пакуль што няма. Дарэчы, цяперашні банкрут — прадпрыемства лёгкай прамысловасці «КІМ» — спрабавала стаць франшызай. Але ж гэты від бізнесу — не вырашэнне праблемы, а распаўсюджванне поспеху.

Ці ёсць прыбытак?

Вольга Лявонцьева патлумачыла, што прадпрымальнік, які вырашыў пачаць свой бізнес, купіўшы прыдатную франшызу, у першую чаргу зніжае ўласныя рызыкі. Вядома, што з 10 адкрытых новых бізнесаў 8 зачыняецца ў першы год. А пры выкарыстанні франчайзінгу рызыка няўдачы зніжаецца ў 10 разоў! Сакрэт поспеху тлумачыцца проста. Па-першае, франчайзі (той, хто купіў франшызу) пачынае свой бізнес па ўжо правераных тэхналогіях, пад вядомым імем і рэпутацыяй. А па-другое, бізнес працуе з падтрымкай і пад кантролем франчайзера (прадаўца франшызы). Апошні таксама, як і франчайзі, зацікаўлены ў паспяховай працы ўсіх пунктаў сеткі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?