Вы тут

Міжнародныя арганізацыі ўхваляюць дзеянні Беларусі па прыёме мігрантаў


Новая рэдакцыя міграцыйнага заканадаўства нашай краіны прадугледжвае, што замежнікі, якія маюць статус бежанца, атрымаюць роўныя з грамадзянамі Беларусі правы на медыцынскае абслугоўванне. Акрамя гэтага, пэўным групам вымушаных мігрантаў у нашай краіне прасцей будзе рэалізаваць сваё права на працаўладкаванне. Пра іншыя асаблівасці праекта закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вымушанай міграцыі», супрацоўніцтва з міжнароднымі структурамі падчас падрыхтоўкі законапраекта, а таксама пра тое, ці ёсць выйсце з міграцыйнага крызісу, з якім сутыкнулася Заходняя Еўропа, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Наумовіч. 25-18 — Законапраект паступіў у вашу камісію летам гэтага года. У чым заключаюцца асноўныя новаўвядзенні? — Асноўная навацыя — укараненне адзінай працэдуры прыёму і разгляду хадайніцтва аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прыстанішча ў нашай краіне. Праект закона прадугледжвае прывядзенне некаторых прававых палажэнняў у адпаведнасць з Канвенцыяй 1951 года аб статусе бежанцаў, удзельніцай якой з'яўляецца і Рэспубліка Беларусь. У прыватнасці, прапануецца ўраўнаваць з грамадзянамі нашай краіны замежнікаў, якім прадастаўлены статус бежанца, у праве на медыцынскае абслугоўванне. Прадугледжаны таксама змены, накіраваныя на садзейнічанне рэалізацыі правоў на працаўладкаванне замежнікаў, якія хадайнічаюць аб абароне, і замежнікаў, якім прадастаўлена дадатковая абарона ў Рэспубліцы Беларусь. Удакладнены парадак уз'яднання з сям'ёй іншаземцаў, якім дадзены статус бежанца, дадатковая абарона або прыстанішча. — Якія змены былі ўнесены ў законапраект падчас яго абмеркавання? — Для нас было вельмі важна правесці шырокае абмеркаванне законапраекта з удзелам міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў навуковай супольнасці, грамадскіх арганізацый, каб паглядзець на праблематыку вымушанай міграцыі ў міжнародным кантэксце, абагуліць той вопыт у гэтай сферы, які ў нас ёсць, а таксама абмеркаваць магчымыя прапановы па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы прыёму і размяшчэння асоб, што шукаюць прыстанішча. У верасні гэтага года сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам быў арганізаваны «круглы стол» па пытаннях вымушанай міграцыі, шэраг іншых мерапрыемстваў. Такія абмеркаванні паказалі, што ўнесены ў Палату прадстаўнікоў законапраект падрыхтаваны на высокім прафесійным узроўні, адпавядае міжнародным абавязацельствам нашай краіны. Натуральна, няма мяжы дасканаласці. У прыватнасці, ёсць шэраг прапаноў, накіраваных на дадатковую абарону правоў дзяцей, што падпадаюць пад дзеянне законапраекта. Але канцэптуальных заўваг не паступіла, і мы плануем улічыць прапановы, якія паступілі падчас падрыхтоўкі законапраекта да другога чытання. — За гэты і мінулы год у нашу краіну прыбыло шмат бежанцаў. Ці даводзілася вам асабіста сустракацца з гэтымі людзьмі? Наколькі праект закона адпавядае іх патрэбам, жаданням? — Спачатку вызначымся з тэрмінамі. У Рэспубліцы Беларусь статус бежанца даецца замежнаму грамадзяніну з-за таго, што той можа стаць ахвярай пераследаванняў у сваёй дзяржаве па прыкмеце расы, веравызвання, грамадзянства, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або з-за палітычных перакананняў. З 1 студзеня мінулага года па 1 верасня гэтага статус бежанца ў нашай краіне атрымалі 38 чалавек, і сярод іх няма ніводнага грамадзяніна Украіны. У той жа час існуе паняцце дадатковай абароны. У нашай краіне яна прадастаўляецца ў тым ліку замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства, якія пры вяртанні ў сваю краіну могуць сутыкнуцца з пагрозай жыццю — па прычыне ўзброенага канфлікту. З першага студзеня мінулага года па першага верасня гэтага года дадатковую абарону ў Беларусі атрымалі 896 чалавек, з іх 809 грамадзян Украіны. Законапраект прадугледжвае больш поўную абарону правоў асоб, якія атрымалі статус бежанца або маюць патрэбу ў дадатковай абароне ў нашай краіне. Безумоўна, падчас сустрэч у сваёй выбарчай акрузе я сустракаўся з перасяленцамі з Украіны. Усе яны ўдзячны беларускай дзяржаве і людзям за дапамогу ў няпростай сітуацыі. У сувязі з гэтым неабходна падкрэсліць своечасовасць Указа Прэзідэнта ад 30 жніўня мінулага года №420 «Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». Указ прадугледжвае шэраг мер падтрымкі ў дачыненні да грамадзян Украіны, якія прыбываюць з Данецкай і Луганскай абласцей. Павінен таксама адзначыць, што прадстаўнікі міжнародных арганізацый, з якімі мне даводзілася размаўляць, вельмі высока ацэньваюць дзеянні беларускіх улад па прыёме на сваёй тэрыторыі перасяленцаў з Украіны. — У нашай краіне працуе прадстаўніцтва Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па справах бежанцаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (КВКБ ААН). Як ваша Камісія, другія распрацоўшчыкі праекта закона супрацоўнічаюць з гэтай арганізацыяй? — Асноўнай мэтай працы Кіраўніцтва вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў з'яўляецца здзяйсненне і каардынацыя міжнародных дзеянняў па забеспячэнні абароны бежанцаў ва ўсіх кутках свету. Таму натуральна, што для беларускіх органаў улады КВКБ ААН з'яўляецца асноўным міжнародным партнёрам пры вырашэнні пытанняў, звязаных з забеспячэннем правоў вымушаных мігрантаў. Мы вельмі ўдзячны прадстаўніцтву КВКБ ААН за значную экспертную дапамогу, якую атрымліваў і атрымлівае беларускі бок на працягу ўсяго перыяду працы над законапраектам. Пры гэтым такое супрацоўніцтва пачалося з самай першай стадыі падрыхтоўкі законапраекта — задоўга да яго паступлення ў парламент. Многія прапановы КВКБ ААН былі ўлічаны ўжо тады, некаторыя застаюцца на парадку нашай працы да гэтага часу. — Сітуацыя з мігрантамі ў Заходняй Еўропе ўжо каторы месяц з'яўляецца балючай тэмай. На вашу думку, ці ёсць выйсце з яе — такое, якое будзе задавальняць і ўрады еўрапейскіх краін, і саміх бежанцаў? — Давайце паспрабуем разабрацца ў прычынах найбуйнейшага міграцыйнага крызісу ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. «Арабская вясна», якая прывяла да стварэння шматлікіх ачагоў нестабільнасці ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, войны ў Афганістане і Сірыі прымусілі сотні тысяч людзей шукаць прыстанішча ў Еўропе. Дадайце сюды людзей, якія імкнуцца трапіць у еўрапейскія краіны ў пошуках «лепшай долі». Мігранты, якія ўжо атрымалі ў Еўрапейскім саюзе легальны статус і ўжыліся ў новае асяроддзе, з'яўляюцца пунктамі прыцягнення для сваіх родзічаў і знаёмых. Менавіта таму сёння паток перасяленцаў дасягнуў сапраўды грандыёзных маштабаў. Гэта праблема не толькі павялічвае сацыяльную напружанасць у дзяржавах Еўропы, але і істотна абвастрае тыя супярэчнасці паміж асобнымі краінамі — членамі Еўрасаюза, якія былі дагэтуль. Злучаныя Штаты і іх еўрапейскія саюзнікі пасеялі вецер арабскіх рэвалюцый і цяпер пажынаюць міграцыйную буру. Справіцца з гэтай «бурай» можна толькі калектыўнымі намаганнямі. Неабходна перастаць нарэшце правакаваць рэгіянальныя канфлікты, пачаць рабіць канкрэтныя дзеянні для зніжэння эканамічнага разрыву паміж Поўначчу і Поўднем. — На гэтай сесіі праект закона будзе прымацца ў першым чытанні. Ці можна чакаць, што вясной ён будзе прыняты ў другім? Увогуле, гэта канчатковая рэдакцыя заканадаўства аб міграцыі ці праз некалькі гадоў узнікне неабходнасць у яго пераглядзе? — Так, мы, натуральна, хацелі б разгледзець законапраект у першым чытанні на асенняй сесіі. Калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падтрымаюць прапанову аб прыняцці праекта ў аўтарскай рэдакцыі, мы будзем імкнуцца, каб другое чытанне адбылося ўжо вясной. Што да магчымай карэкціроўкі ў будучыні, то адзначу, што любыя праваадносіны не стаяць на месцы: збіраецца вопыт прымянення, узнікаюць новыя ўмовы, змяняецца сітуацыя ў свеце — усё гэта патрабуе рэгулярнага перагляду існуючага заканадаўства, у тым ліку і ў сферы вымушанай міграцыі. Надзея ЮШКЕВІЧ yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Андрэй НАУМОВІЧ: «Міжнародныя арганізацыі высока ацэньваюць нашы дзеянні па прыёме вымушаных мігрантаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.