Вы тут

«Калі будзеш, татка, спаць, мецьмеш сумны вынік...»


Што было — было. Муж неяк з раніцы чухае патыліцу: «Дзіўна, — жонцы кажа, — прачнуўся, а цябе няма. Дзе ты была, дарагая?». Тая ў адказ: «А дзе ты прачнуўся, дарагі?». І сапраўды: калі ў парку на лавачцы (глянулі на верхні здымак?), то для другога чалавека там месца няма. Што ёсць? Як заўжды, у нашай пошце дзясяткі меркаванняў на тэму, што б гэта значыла?

26-20

Такім чынам, погляд першы — ад сужэнцаў Ніны ды Івана Астроўскіх з Мінска:

Усё на выгляд вельмі проста:

Хтось сярэдняга ўзросту,

Покуль сын ціхутка спіць,

Лёг на лаўку адпачыць.

Заканамернае пытанне: ад чаго?

І досыць нечаканы адказ:

У адзін з калядных дзён

Быў бацькоўскі марафон.

Старшы прапаршчык Алег

Толькі... восенню прыбег —

Дужа натаміўся:

Тут жа з ног зваліўся!

Піша так спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч. І, згадзіцеся, мае рацыю: калі ўлічыць, што ад Каляд да лістапада... дзевяць месяцаў, можна было натаміцца. І дзіцячы вазок — як вынік...

Прычым вынік цалкам заканамерны, ухвальны...

Сведчаннем таму ліст ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў. «Жонка надоечы адправіла мяне ў краму, — піша Валерый Мікалаевіч. — Узяў там што трэба, стаў у чаргу, каб разлічыцца. А касірка, гляджу, замест таго, каб працаваць, па мабільным гаворыць, кажа некаму: «Куртачка на вешалцы, шалічак завяжы... І доўга не гуляйце...». Потым, праз паўзу, дадае: «Дома ручкі памыць не забудзься. І пакармі дзіця... Чым-чым? Кашы звары...». Скончыла размову, тэлефон у кішэньку паклала і ўжо нам, пакупнікам, кажа: прабачце, толькі тыдзень як з дэкрэтнага на працу выйшла. Першы раз дзіця на бацьку пакінула... Вось і хвалююся».

Ёсць чаго, згадзіцеся! Бо жанкі — і насамрэч — пол зусім не слабы. Прынамсі пасля бяссоннай ночы (а колькі іх у нашых матуль?!) мала хто з так званых дужых мужчын мог бы даглядзець дзяцей, наварыць баршчу, штось памыць, прыбраць у кватэры і г.д. А жанкі могуць.

І каб толькі гэта! Баюць, мужык (і такіх незлічона!) зразумець не мог, куды яго жонка грошы дзявае? Досвед — рэч незаменная: развёўся ён, месяц пажыў. Стаў потым гадаць, адкуль яна іх брала...

Спытаеце, прычым тут хлопец са здымка? Чытайце (спадар Гаўрыш піша):

Пагадзіўся на дэкрэтны:

Тры гады! Во адпачну!..

Месяц вытрымаў канкрэтна

І ўжо выбіўся са сну.

Цяжка беднаму! Не толькі фізічна, як лічыць спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна, але і псіхалагічна. І тады, на гэтай глебе, чаго ні зробіш: нават сваю калыханку складзеш. Кшталту:

Ой люлі, люлі, люлю,

Спі, сынок... І я пасплю.

Тваёй мамы не відаць —

Пайшла ў краму

Штось купляць.

Возьме паліто сабе

І кашульку на цябе.

А мне піва не прыждаць...

Дзе ж там носіць тваю «маць»?

І гэта, як вы разумееце, яшчэ кветачкі. «Нехта з маладых бацькоў думае, што самы цяжкі час у выхаванні дзяцей, калі яны зусім малыя і спаць не даюць. Паверце мне як бацьку двух сыноў, — піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — што галоўныя праблемы яшчэ наперадзе:

Калі малыя па калясках

І ноччу трэба калыхаць,

Ёсць час, каб трохі адаспацца,

Калі ўдзень вязеш гуляць.

А потым дзеткі вырастаюць

(Як бачыш час той праміне!)

Тады каленцы выкідаюць, —

Каб і хацеў, дык не заснеш!

Што, канкрэтна, лічыць тымі самымі «каленцамі», — варыянтаў шмат. Ну ў прыватнасці — ад спадара Міколы Кісяля з Мінска:

На прагулку вывез Сашку, —

Два знаёмцы ў двары.

«Раздавілі» з імі пляшку

І паснулі без пары...

Гэты татка спіць — не чуе,

Як яго сынок гаруе.

Плача, трэба разумець! Бяда... І вялікая. Але ж — на думку спадарыні Гудачковай — іх абодвух можа напаткаць і большая:

Калі будзеш, татка, спаць,

Мецьмеш сумны вынік:

Могуць хлопчыка забраць...

Могуць і падкінуць.

Гэтым, на жаль, цяпер нікога не здзівіш.
І татку, пра якога піша спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна, яшчэ пашчасціла:

Малады і нежанаты,

Ясь прылёг на лаве...

Аказалася, што... тата

Ён на «самай справе»!

Мабыць, правілы маралі

Паступова згінулі:

Пакуль спаў, не абакралі,

А дзіця падкінулі.

Добра (на думку спадара Міколы Кісяля з Мінска), калі сваё, роднае:

Ясь забыўся, як калісьці

Падабалася Марына,

Як кахаліся на лісцях...

Потым знікла дзесь дзяўчына.

А цяпер прывезла... «факт» —

У калясцы — немаўлятка.

Татку з ног зваліў інфаркт.

Не чакаў такога татка!

Анекдот — пра такую ж неспадзяванку. Вечарам у цеснай кватэры бацька правярае, ці паснулі сынкі. Ціхенька просіць: «Ваня, падай вады». У адказ — цішыня. «Толя, падай вады». Ні гуку таксама. «Міша, можа, ты вады прынясеш?» Маўчок... Толькі ён да маці падсунуўся, — голас над вухам: «Татка, ты вады прасіў. На, папі».

Шчаслівы, трэба разумець, бацька: ёсць каму падаць... І будзе, бо як лічыць спадар Гарачоў:

На аналіз ДНК

Пробы не паслалі б,

Бо і ў бацькі,

і ў сынка

Сто працэнтаў алібі!

26-19

Што рэдкасць па сённяшнім часе: разбэшчаны свет (паводле спадарыні Ніны Бурко з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна). Яна, паглядзеўшы на здымак, піша:

Разгадаць

«красворд» Валодзі

У матывацыі

паводзін —

Многа розуму

не трэба:

Каб чарговы

свой «лявак»

Прыхаваць

ад разявак,

На прагулку

ён знарок

Прыкаціў з сабой

вазок...

Немаўлятка

мо й дарэчы,

Бо не скажа ж

пра сустрэчу?

Імідж прыстойнага чалавека губляць, падобна, не хочацца? Вось і прыдумляе татка розныя камбінацыі. Хоць, па вялікім рахунку, як лічыць спадарыня Бурко, гэта... марна, бо

Вёска бачыць,

Вёска чуе,

Вёска ведае ўсё:

Хто ў каго калі начуе,

І ў каго чыё дзіцё.

Але ж галоўнае, што ёсць яно, расце. А таму на адрас бацькі слушная парада ад спадара Гаўрыша:

Малайчына — маеш сына.

Час і хату будаваць...

Побач з ёю — сад раскінуць....

Толькі трэба меней спаць.

Да гэтага ж — меней спаць — заклікае і спадар Гарачоў:

І я «тут быў»...

І не разок!

На жаль, гады ўжо не тыя...

Гаркотна, што адзін вазок:

Не спіце ў шапку, маладыя!

Актуальны заклік. Але ж ці будзе ён пачуты (прынамсі мужчынамі)? Спадар Гаўрыш, напрыклад, сумняваецца. І не без падстаў: даведаўся, што сёлета куды раней, чым летась

...Ў спячку заляглі мядзведзі,

Кажаны і барсукі...

Набіваюцца ў суседзі

Ім, падобна, й мужыкі?

Прычым асобныя — як сведчыць здымак — ужо з пялюшак?

А зрэшты... Адны маладажоны, кажуць, сварыліся: муж даводзіў, што ён у сям'і галоўны, а жонка — што яна... Ледзь да разводу справа не дайшла. Дзякаваць Богу, дзіцятка ў сям'і з'явілася. І ўсё на свае месцы паставіла: яно галоўнае. Адкуль (ад спадара Гарачова):

Не бачу я дзіцяці твар

Ды й не хачу яго сурочыць...

Скажу адно: пакуль спіць Цар —

І варце можна звесці вочы.

Ёсць ад чаго (паводле спадарыні Раісы Васільевай з Гомеля):

Ясь круціўся, што ваўчок,

Каб заснуў яго сынок...

Храпу ўдвух затым задалі —

Ажно лісце пастрасалі!

А ў выніку малюнак атрымаўся...

Гляньце яшчэ раз і разам са спадарыняй Аленай Бажок з Бабруйска ўсклікніце:

Гэта што ж за ягамосці

Спяць у ціхай прыгажосці?

(Слоўка цікавае — ягамосць. Паводле слоўніка — незнаёмы мужчына. А яшчэ — форма звароту: тое ж, што пан ці васпан... Гучыць, згадзіцеся? І шкада, што рэдка!)

Але ж гэта так, лірычнае адступленне — перад такім жа лірычным (ад спадарыні Гудачковай):

Закалыхалі шаты

І немаўля, і тату...

А ўсё таму (ад спадарыні Бажок), што

Прыгажосць — гэта страшная сіла:

Абодвух асілкаў з ног паваліла!

Яна, згадзіцеся, і сапраўды — можа!

Вось на гэтай прыгожай ноце і завершым чарговы агляд. Што да папярэдняга (гл. «Звязда», 8 кастрычніка г.г.), то найперш трэба нагадаць здымак. На ім (хто не памятае) былі два мужыкі, якія ці то рукамі, ці то жыватамі націскалі на коўш экскаватара.

Паводле вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра ўбачанае напісалі спадарыні Бурко з Бярэзіншчыны, Бажок з Бабруйска, Гудачкова з Жыткавіч, Васільева з Гомеля, спадар Гаўрыш з Чавусаў, сужэнцы Астроўскія з Мінска...

Апроч гэтага,

Вось Міколу Кісяля

Я хваліў бы і хваліў,

Хоць не даў ён ні рубля

Ды і чаркі не наліў.

Крыўду тую я сцярплю,

Пагляджу наўкола —

Ды і зноўку пахвалю:

Маладзец, Мікола!

Напісаў гэта спадар Гарачоў з Іўеўшчыны. Спадар Кісель адказаў яму прозай: «Неяк на аўтобусе я падвозіў дэлегатаў з В'етнама і, вядома ж, спытаў, ці падабаецца ім у нас, ці палюбілі яны Беларусь? Тыя ў адказ дружна заківалі галовамі, разам адказалі: «Так», — піша спадар Мікола. — Тады я папытаўся, як будзе па-іхняму, па-в'етнамску «я люблю». Адказалі: «Іў, а калі моцна люблю, то іўеў». Дык вось якія людзі жывуць на Іўеўшчыне — вартыя самай моцнай любові!».

Дадам ад сябе, што не толькі там! Як сведчыць рэдакцыйная пошта, яны ў нас жывуць усюды! Вось толькі часам маўчаць і тым самым хаваюць сваю прыгажосць, свае таленты. Да болю шкада!

Пакуль жа... Пераможцам конкурсу на найлепшы подпіс да здымка пра мужыкоў з экскаватарам аб'яўляюцца сужэнцы Астроўскія з Мінска. Гэта значыць, што менавіта да іх цягам першага квартала наступнага года будзе бясплатна прыходзіць «Звязда» — любімая газета нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, найстарэйшая, адзіная са штодзённых беларускамоўная...

Хочаце, каб такая шаноўная, амаль стагадовая госця пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас? Тады выпісвайце! Або — іншы варыянт — уважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, прыдумвайце подпісы (можна — шмат, але не больш як па восем радкоў), дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на тое, каб выйграць падпіску, ёсць у кожнага.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору, і гэткае ж шчырае запрашэнне: «Пішыце!». Свет захаваўся, таму што смяяўся. І думаў.

Фо­та Ана­то­ля Кле­шчу­ка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.