Вы тут

Драўляная міска


Напярэдадні дня народзінаў мама перадала нам з мужам новы двухспальны плюшавы плед. На заўтра з самага ранку патэлефанавала і запыталася, як нам пад ім спалася. Я шчыра прызналася, што мы вырашылі яго прадаць... Ну не аматары мы плюшу з кветкамі, і нічога з гэтым не зробіш. Па голасе пачула, што мама засмуцілася. У выніку — я таксама, паўдня хадзіла сама не свая. За абедам падзялілася сваімі перажываннямі з сяброўкай. Аказалася, я такая не адна...

«Мая мама таксама пастаянна перадае ўнуку розныя старамодныя абноўкі. Толькі і паспяваю перадорваць ды раздаваць. Але ж я, у адрозненне ад цябе, не расказваю ёй пра гэта. Наадварот, нахвальваю тыя падарункі, кажу, што ўсё носім. Пры гэтым для пераканаўчасці прыдумляю на хаду, з чым спалучаю тую ці іншую рэч. І ты, — раіць, — гэтак жа рабі. Сказала б: «Ой, як нам цёпла спаць пад тваім плюшавым пледам». Толькі ўяві, як бы яна ўзрадавалася!» — «А калі мама прыедзе і запытаецца, дзе ён?» — «Ну скажы, што ў шафе. Альбо ў кватэры стала цёпла, дык адвезлі да сяброў, бо ў іх вялікі дом, там месца больш». — «Гэта ж хлусня» — «Дык «во благо» ж».

Я тады быццам бы пагадзілася з ёй. Уявіла, што кажу маці, як нам цёпла, як яна радуецца і... у думках ужо набывае на апошнія грошы новае пакрывала (ну, ці нешта іншае, «плюшавае»), каб зноў нас «парадаваць».

І што зноў давядзецца хлусіць? «Дык «во благо» ж!» І тут лаўлю сябе на думцы, што па-беларуску «блага» — гэта «дрэнна». Уяўляю сябе на месцы сваёй маці, сваіх будучых дзяцей... І пасля гэтага я буду іх вучыць, што хлусіць нельга?!

dryla2

Адзін чалавек на старасці гадоў пераехаў жыць да сына. Дзядуля быў вельмі слабенькі, у яго дрыжалі рукі і затуманьваўся зрок. За сталом ежа пастаянна вывальвалася з лыжкі на падлогу, а калі ён спрабаваў узяць шклянку, малако пралівалася на абрус. Тады сын і яго маладая жонка выдзелілі дзядулю месца за печкай, куды падавалі яму ежу. Адтуль стары сумна глядзеў на сямейнікаў, якія збіраліся за агульным сталом, і вочы яго рабіліся вільготнымі. Аднойчы ён не змог утрымаць талерку і тая разбілася. Маладая гаспадыня пачала сварыцца на старога. А той толькі цяжка ўздыхнуў. Тады сын з нявесткай купілі дзядулю драўляную — самую танную з тых, што знайшлі, — міску. Цяпер ён павінен быў есці з яе.

Аднойчы, калі маладыя бацькі сядзелі за сталом, у пакой увайшоў іх пяцігадовы сын з кавалкам дрэва ў руках. «Што ты будзеш рабіць з гэтым паленам?» — запытаўся бацька. «Драўляныя міскі, — адказаў малы. — Адну — для цябе, другую — для мамы, каб, калі я вырасту, вам было з чаго есці».

Тым жа вечарам сын беражліва ўзяў бацьку пад руку і праводзіў да стала. А нявестка села побач, каб дапамагчы свёкру есці больш ахайна, выціраючы яго мокры падбародак ручніком. Да канца сваіх дзён дзядуля займаў сваё месца за агульным сталом, і больш ніколі ні ў сына, ні ў яго жонкі не выклікалі абурэння ні разлітае малако, ні запэцканы абрус...

Недарма ж мудрацы раяць: «Не выхоўвай дзяцей, усё роўна яны будуць падобныя на цябе. Выхоўвай сябе».

...Каб цалкам развеяць свае перажыванні, я не прыдумала нічога лепшага, як патэлефанаваць маці і шчыра запытацца: «Што ты выбіраеш — горкую праўду ці салодкую хлусню?» Яна выбрала праўду... А той плюшавы плед мы ўсё ж такі вырашылі падарыць бабулі мужа, чым супакоілі і парадавалі маму. Вова кажа, што і бабуля абрадуецца!

Надзея ДРЫЛА

Фо­та Надзеі БУЖАН

 

Іншыя матэрыялы рубрыкі

Усё не так, як здаецца

Закон кокана

Не страціць СЯБЕ

«Я ж твая мама…»

Нам усім патрэбна герань

Лужына страху

Рукацца душамі

Бачыць галоўнае

Бег за шчасцем

Вучымся… падаць

Цаніце тое, што заслужылі

Не стамляйцеся здзіўляць

 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.