Вы тут

Па-за межамі пясочніцы


Музыкант, аўтар, выканаўца, пераплётчык, каліграф, вышывальшчыца, гістарычны рэканструктар, мадэль, гісторык, рэлігіязнаўца. Страшна падумаць — усё гэта адзін чалавек. І зусім ужо неверагодна, што чалавек гэты, да ўсяго пералічанага, яшчэ і мама. Больш за тое: сваіх дзяцей яна робіць актыўнымі ўдзельнікамі творчага жыцця і падарожжаў у часе. Імя гэтай дзівоснай жанчыны — Кацярына Ваданосава.

Цікавая іх з мужам, Сяргеем Бураком, гісторыя знаёмства. На той час Кацярына ўжо спявала ў гурце «Аltа Mеntе». «Сябар-аднакурснік прывёў Сяргея на рэпетыцыю, калі ад нас сышоў папярэдні гітарыст. Маўляў, нічога так хлопец грае, паглядзіце на яго — раптам падыдзе...» Сёння яны гадуюць чатырохгадовую Стэфанію і паўтарагадовага Януша. На прыкладзе гэтай сям'і можна абвергнуць Талстога з яго сцвярджэннем, што ўсе шчаслівыя сем'і шчаслівыя аднолькава.

[caption id="attachment_111845" align="alignnone" width="600"]26-29 Стэ­фа­нія і Януш «фо­та­ма­дэ­ляць» услед за ма­май...[/caption]

[caption id="attachment_111843" align="alignnone" width="600"]26-28 ...і ра­зам з ёю.[/caption]

— Кацярына, пра сваю дзейнасць вы самі сказалі так: «Ствараю музыку, граю, спяваю. Працую рукамі ды сэрцам ва ўласнай майстэрні. Фотамадэлю перыядычна. Гадую дзяцей». І дзеці тут на апошнім месцы. У жыцці так, відавочна, не атрымліваецца...

Кацярына: — Проста заняткі размешчаны па ўзрастанні значнасці!.. Калі сур'ёзна, нельга сказаць, што дзеці — гэта ружовае свята. Так, узнікаюць праблемы, часу становіцца меней: я ўжо не належу сабе ў той ступені, у якой хацелася б. Але любыя бацькі пагодзяцца — яно таго варта.

— Возьмем адцягнены прыклад: маладая актрыса вагаецца — абраць кар'еру, што пачала ўдала складвацца, ці завесці дзяцей, якіх таксама хочацца. Што б вы ёй параілі?

К: — Ёй, пэўна, трэба паглядзець на сваё атачэнне. Калі ёсць надзейны муж, блізкія людзі, якія дапамогуць, то няма і праблем. І ўсё ж, калі чалавек задумваецца: «Ой, што мне рабіць? Ці не рана заводзіць дзяцей?» — пэўна, сапраўды ранавата. Што тычыцца мяне, некалькі месяцаў пасля нараджэння Стэфы я не ведала, як мне жыць, што рабіць, і часам здавалася, што асабістае жыццё скончана. Але ўсё залежыць ад светаўспрымання, ад міру з сабой і асяроддзем. Вядома, нечым даводзіцца ахвяраваць. Але ахвярнасць — не тое слова: дзеці даюць табе значна больш, чым ты — ім.

[caption id="attachment_111846" align="alignnone" width="602"]26-30 Ка­лі не ле­на­вац­ца і не ба­яц­ца, з ма­лень­кі­мі дзець­мі мож­на пе­ра­не­сці­ся на­ват у Ся­рэд­ня­веч­ча.[/caption]

— Як жа вы змагаліся з дэпрэсіўным станам?

К: — Ды ніяк. Само мінула. Гэта натуральная з'ява. Вось, напрыклад, і цяпер: восень, цемра, няма настрою, праз што пакутуе муж, якому я ўчыняю разносы. Але гэта пройдзе, калі, вядома, не культываваць у сабе прагу пакутніцтва, як той Том Соер, які жадаў памерці пад вокнамі каханай, і яму гэта страшна падабалася. Наўрад ці нашы прабабулі і прадзядулі раздумвалі, якое ў іх цяжкае жыццё. Часу не было. Гэта, хутчэй, праблема сучаснага грамадства, якое сядзіць і займаецца самарэфлексіяй.

Займайцеся справай — і не будзе тужлівых роздумаў. Я сабе гэта кажу кожны дзень.

Сяргей: — І мне таксама кажа.

[caption id="attachment_111847" align="alignnone" width="600"]26-27 Сяр­гей Бу­рак: «Не раз ба­чыў лю­дзей, якія ў са­ма­лё­тах ля­та­лі з не­маў­ля­та­мі.
Га­ла­ву яшчэ не тры­мае, а ўжо па­да­рож­нік...»[/caption]

— Гэтак жа ў нашых продкаў былі папулярнымі шматдзетныя сем'і...

К: — У маёй прабабулі было 14 дзяцей. Але я зусім не зайздрошчу гэтай няшчаснай жанчыне, якая прахварэла ўсё жыццё і не бачыла нічога, акрамя сваёй хаты ды дзяцей. Пакуль у мяне не нарадзіўся Янік, я думала, што ўсё жыццё прасяджу ў дэкрэце, буду нараджаць, пакуль стане сіл, і ствару ідылію ў асобе дваццаці чалавек сям'і... Але, як ні горка, мы мусім арыентавацца не толькі на свае жаданні, але і на інтарэсы дзяцей, на матэрыяльны бок пытання. Няцяжка нарадзіць, і нават выхаваць няцяжка — цяжка кожнаму дзіцяці даць трывалы задатак на далейшае жыццё. І калі кожны з іх запытае: «Мама, а дзе я буду жыць?» — ты мусіш даць годны адказ.

— Стэрэатыпная роля мужчыны ў сям'і — здабытчык, які раніцай пайшоў, увечары вярнуўся, паглыбіўся ў сябе і адпачывае. У вас, Сяргей, да працы дабаўляецца яшчэ і музыка. Не так шмату часу, здавалася б, застаецца на сям'ю. Цікава, якую ролю адыгрываеце вы ў выхаванні дзяцей?

К: — Лепш я адкажу на гэтае пытанне. Мне вельмі пашанцавала. Не ведаю іншых мужчын, якія б столькі ўвагі надавалі не толькі выхаванню, але і ўзаемаадносінам з дзецьмі. Сяргей прыходзіць з працы — і я смела магу зачыніцца ў пакоі і заняцца сваімі справамі. Ніякага падзелу абавязкаў не існуе. У каго ёсць час — той і гуляе з дзецьмі, мяняе памперсы, гатуе. Як і ў кожнай сям'і, у нас здараюцца канфлікты, але датычна дзяцей папракнуць мужа няма ў чым. Ён проста ўзорны тата.

(«Ён святы!» — чуецца голас цешчы з іншага пакоя.)

26-37

[caption id="attachment_111849" align="alignnone" width="600"]26-36 Ка­ця­ры­на Ва­да­но­са­ва ча­сам па­каз­вае тэх­на­ло­гію кні­га­ства­рэн­ня та­го ста­год­дзя, яко­му пры­све­ча­ны фес­ты­валь.[/caption]

— Калі бацькі — музыканты, можна чакаць, што і дзеці пачнуць захапляцца музыкай...

С: — Будзем спадзявацца.

К: — Музычнай школы ім не абмінуць, але ў межах агульнаэстэтычнага развіцця. Пакуль мне здаецца, што для Стэфаніі музыка вялікага значэння не мае. Чаго не скажаш пра Яна. Яшчэ немаўлём ён чуў мелодыю — і адразу змяняўся ў твары, у паводзінах. Калі схільнасць пацвердзіцца, мы, вядома ж, зробім для яго ўхіл на музычную адукацыю.

Стэфанія ходзіць у тэатральную студыю, і кажуць, у яе вельмі добра атрымліваецца.

Так ці іначай, яны самі вырашаць, што ім трэба. Дзеці не такія дурныя, як некаторыя думаюць.

— Дарэчы, бачыла адзін фотасэт з удзелам Стэфаніі...

К: — Яе вельмі любяць фатографы. Калі прыходзіш на здымкі з дзіцем, думаеш, будзе замінаць, а потым ты стаіш недзе ўбаку, а здымаюць яго. Калі такое здарылася ўпершыню, я непакоілася: «Ай, Божачкі, Стэфачка бедненькая будзе плакаць, баяцца». А Стэфачка дала мне фору. Я была вельмі ўражана, калі ёй казалі: «Складзі вось так ручкі, сядзь вось так...» — і яна слухалася. Каб жа так было дома!..

3

— Кацярына, вы беларускамоўная. Цікава, якое значэнне надаяце мове ў выхаванні дзяцей?

К: — Гэтае пытанне балючае. Я хацела выхаваць дзяцей у межах білінгвізму, аддаць Стэфачку ў беларускамоўны садок ці хоць бы групу. У нашым раёне знайшоўся толькі адзін садок з адной такой групай. І там мне сказалі: «Ну, у нас иногда дети учат белорусские слова... Если вы выступите инициатором и уговорите родителей, мы вам устроим белорусскоязычную группу». Зразумела, у той час, калі не было такой «канцэнтрацыі» беларускамоўных людзей, мне гэта было не па сілах. І ўзнікла праблема: ці маё дзіця будзе парыяй, ці мы пераходзім на рускую мову. Зараз мне збольшага даводзіцца гаварыць са Стэфай па-руску. Бо па-беларуску яе не разумеюць. І што б там ні казалі, быццам дзецям усё роўна... Не, яны бываюць вельмі жорсткія і могуць адштурхнуць ад сябе дзіця, якое звяртаецца да іх на незразумелай мове. Беларускія кнігі, канцэрты, музеі — так і мірымся з сітуацыяй.

— Што датычыцца вашага захаплення «хэнд-мэйдам»: калі з'явіліся дзеці, не прыйшло жаданне рабіць лялькі, цацкі, дзіцячую вопратку?..

К: — Не, але адчулася невымоўная прага да творчасці. Зрэшты, такое часта бывае: ці не кожная другая мама ў дэкрэце займаецца пэўным відам рамесніцтва.

2

— Вы ўдзельнічаеце ў гістарычных фестывалях...

К: — Так, але ў асноўным у якасці музыкантаў. Перыядычна запрашаюць правесці майстар-класы па пераплётнай справе: мне вельмі падабаецца ўзнаўленне гістарычных тэхнік і тэхналогій стварэння кніг. Часам раблю паказальныя выступленні — узнаўляю тэхналогію кнігастварэння таго стагоддзя, якому прысвечаны фестываль.

— А як часта вы выбіраецеся куды-небудзь усе разам?

К: — Вельмі часта! Пагуляць, выехаць па справах у горад, да сяброў на вяселле — толькі з дзецьмі. Цяпер, калі ў нас з'явілася машына, праблем увогуле няма. А вось раней... Калі едзеш на грамадскім транспарце на той жа гістарычны фестываль у Мір, у спёку +30 — і аўтобус зламаўся... Вось гэта быў квэст, на які яшчэ раз рашыцца вельмі цяжка.

4

— Калі пастаянна разам — не стамляецеся?

К: — Не. І я зусім не крыўлю душой: калі іду куды-небудзь адна, пастаянна думаю: «А як там мае дзеці?». І мне заўсёды падаецца, што яны сядзяць ды плачуць: «Дзе наша мама?». Здараецца раз на паўгода, калі з малымі застаецца мая мама, а мы з мужам ідзём адрывацца... Але я, відаць, не зусім люблю рабіць гэта ў той ступені, як прынята цяпер. І ніколі не любіла.

— Значыць, у вас схільнасць да сямейнага жыцця?..

К: — Проста не люблю забавы, папулярныя ў сучаснай моладзі. Напрыклад, ніколі ў жыцці не хадзіла на дыскатэку. Мне гэта нецікава. Я магу схадзіць на выставу, у музей, зноў жа наведаць фестываль — усё гэта магчыма рабіць з дзецьмі. Разам мы былі на канцэртах, а адзін я нават вяла з дзіцём на руках. Адыграць канцэрт за два тыдні перад родамі — гэта я таксама магу.

1

— Самая экстрэмальная сітуацыя, якая здарылася ў вас разам з дзецьмі...

К: — Якраз падарожжа ў Мір. Мне вельмі хацелася трапіць на гістарычны фестываль, «выгуляць» новую сукенку, і я сказала: «Усё, муж, мы едзем». З малой Стэфкай на руках падаліся на аўтавакзал. Квіткоў на аўтобус ужо не было, узялі на рэйс праз пару гадзін. Спёка. Аўтобус зламаўся, нас не хочуць везці далей — але давезлі. Стэфка крычыць. Пайшлі з ёй у кавярню, каб накарміць супам. Потым дачка ўдарылася галавой. Пасля мы сталі шукаць, як з'ехаць з гэтага Міра, бо заначаваць не рашыліся — удзельнікі жылі ў рэаліях ХІІІ стагоддзя, без усякіх там тэхналогій і памперсаў. Там, дарэчы, Стэфка ад іх і адвучылася.

Але і тут усе квіткі раскуплены. На нейкай папутцы, з кучай народу, седзячы адно ў аднаго на галовах, мы даехалі да электрычкі ў Стоўбцах. Потым, на электрычцы, дабраліся дадому — апоўначы...

— Пасля такога, пэўна, ужо нікуды не хацелася выязджаць.

К: — Як сказаў мой муж, «Каця, у цябе шыла ў адным месцы, прычым скіраванае ў бок навакольных». Так што я не толькі сябе пастаянна кудысьці ганяю, але і іншых.

— А вам з такой актыўнай жонкай цяжка не бывае?

С: — Заўжды. Дужа цяжка. Каця ставіць для сябе высокую планку і для астатніх не нізкую, тым больш для мяне. І я пастаянна «касячу». І няспынна ідзе праца над памылкамі.

5

— З першага погляду на вашую сям'ю можна сказаць, што Кацярына — лідар...

С: — Так! «Стары падабцаснік схапіўся за сэрца, але строгі погляд жонкі прымусіў яго пражыць яшчэ 20 гадоў» (смяюцца).

К: — Я кажу яму: «Давай, муж, будзь лідарам!». А ён адказвае: «Сям'я — справа сумесная». Сяргей у сваім юнацтве шмат у што нагуляўся. У тое, чаго мне не хапіла. Таму цяпер яму часта хочацца пасядзець спакойна, паглядзець кіношку, а я прачынаюся кожны ранак і думаю: «Так. Жыццё мінае. Трэба зрабіць тое, тое і тое. А то хутка нічога ўжо не зраблю!». Вядома, я бачу, што яго гэта напружвае. Але з кім ажаніўся...

С: — Чаму ж. Я не ў прэтэнзіі.

К: — Бачыце — поўная сямейная ідылія.

— Са з'яўленнем дзяцей ці з'явіліся ў вас сяброўкі — маладыя мамы?

К: — Зацыклівацца на прыгатаванні супу і распавядаць штодзень у адной і той жа пясочніцы адны і тыя ж рэчы... Мяне гэта стамляе. Не тое, каб я пазбягала жанчын, якім гэта цікава, але сама такой зрабіцца не хачу. Пры гэтым лічу: калі чалавек знаходзіць у гэтым шчасце — цудоўна! Але кожнаму сваё.

6

— Якая на сёння геаграфія сямейных падарожжаў?

К: — Па ўсёй Беларусі, пара разоў — Літва. Але гэта, вядома ж, не канец.

С: — Да трох гадоў чалавек успрымае столькі ж інфармацыі, колькі пасля цягам усяго жыцця. У Заходняй Еўропе я часта бачыў людзей, якія ў самалётах ляталі з немаўлятамі. Галаву яшчэ не трымае, а ўжо падарожнік.

К: — Можа падацца, што мы зусім вар'яты, цягнем дзяцей, куды не трэба. Безумоўна, калі ў мамы з татам ёсць галава на плячах, яны не возьмуць малога ў холад, у дождж, мароз... Але калі вы не баіцеся ўласных дзяцей, то і падарожжа з імі — не страшнае. Напрыклад, летась, калі Яну было ўсяго тры месяцы, мы ездзілі на чарговы гістарычны фестываль — і нічога. Дзеці вельмі ўражлівыя і пазітыўна ўспрымаюць свет. Не трэба думаць, што ім дастаткова ўласнай вуліцы і адной пясочніцы. Чым больш вы ім пакажаце, тым больш удзячныя яны будуць пасля.

Гутарыла Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.