Вы тут

«Не трэба, не варта наракаць»


Сёння Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 85 гадоў... І ўжо больш як 30 яго няма з намі... І амаль столькі ж — 30 гадоў — яму было адведзена на свядомае віраванне «сярод сабе падобных» — на актыўную творчую дзейнасць, каб данесці чытачу свае думкі, сваё разуменне навакольнага свету праз друкаванае слова.

26-34

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» з 2012 года ажыццяўляе выданне Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах (на падыходзе ўжо 11-ты том). Аматары творчасці пісьменніка атрымалі магчымасць азнаёміцца з паэзіяй, апавяданнямі, аповесцямі і раманамі, падрыхтаванымі на падставе рукапісаў і машынапісаў — г. зн. без цэнзарскіх і рэдактарскіх правак, зробленых падчас прыжыццёвых публікацый.

Можа ўзнікнуць пытанне: чаму ж Уладзімір Караткевіч не пісаў «у стол», а згаджаўся на выданне сваіх твораў у змененым выглядзе? Адказы могуць быць самымі рознымі, але перадусім пісьменнік, мабыць, разумеў, што яго творы вельмі патрэбны цяпер (тады, у 1950—1980-я гады), яны павінны працаваць на выхаванне Чалавека разняволенага, пазбаўленага ад паціны ранейшых падманных уяўленняў; гуманнага, сапраўднага Грамадзяніна, не скіраванага ў жыццёвых памкненнях толькі на сябе.

Творчае жыццё Караткевіча — гэта змаганне за свае творы, за сваё права на ўласнае бачанне гісторыі і сучаснасці. Таму ўсё прыжыццёва апублікаванае — пэўным чынам кампраміснае, тое, што аўтар здолеў абараніць. А на гэта выдаткоўваліся вельмі патрэбныя для напісання новых твораў высілкі, узнікалі зразумелыя для такіх выпадкаў творчыя крызісы і зрывы, а ў выніку — скарачалася і так кароткае чалавечае жыццё. Але і было спадзяванне, што ўрэшце ўсё напісанае дойдзе да чытача без змен. Невыпадкова ж Караткевіч пакідаў такія, напрыклад, заўвагі на палях: «Ай, ды рабіце вы, што хочаце!!!!» (выпадковага ў асоб накшталт Караткевіча не бывае).

Ці шмат іх было, гэтых змен? Адносна кожнага твора іх трэба разглядаць асобна. Скажам толькі пра некаторыя, кранаючыся твораў розных жанраў.

Напрыклад, хрэстаматыйнага верша «Багдановічу», які заканчваецца наступнай страфой:

Смела крочу цяпер у пяскі я

Перад светлай заветнай гарой,

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ. —

і на заканчэнне гэтага ж верша, апублікаванага ў 2-м томе:

Смела крочу цяпер у пяскі я

Перад светлай Сінайскай гарой,

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ.

Не загіне ні слова, ні справа,

Калі здолеў хоць нешта сказаць:

Вашай сілы і вашае славы

«Не разбіць,

Не спыніць,

Не стрымаць!»

Праўка «Сінайскай» на недарэчнае «заветнай» разбурае разуменне першага радка (чаму ж тут аўтар выкарыстоўвае «пяскі»?), нівелюе менавіта хрысціянскае светабачанне аўтара і ў выніку далучэнне Багдановіча да ліку тых, хто застанецца ў памяці чалавецтва. А ліквідаваная страфа — узор арыгінальна знітаванай з ідэйным зместам і са структурай верша цытаты з «Пагоні» Багдановіча, узор канцэптуальна важнай думкі пра неўміручасць усяго народа, які нарадзіў такога сына.

Вось пачатак шырокавядомай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», якая друкавалася пры жыцці Караткевіча: «Я стары, я нават вельмі стары чалавек...» — і пачатак гэтага ж твора ў 4-м томе: «Я стары, я нават вельмі стары чалавек, а ў чалавека розум расце да хмар, пакуль сам ён расце ў зямлю...» Такое філасофскае асэнсаванне пражытых чалавекам у «нашай зямной юдолі» гадоў — сапраўдная залацінка!

Вось перад намі раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» (6-ы том) — шматпакутны твор, які асобнай кнігай выйшаў праз дваццаць гадоў пасля напісання пад назвай «Нельга забыць». Дзённікі Караткевіча пацвярджаюць, што ён да канца змагаўся за сваю назву («Увесь дзень вычытваў «Леаніды», — піша ён). Хадзіла погаласка, што назву нават звязвалі з імем кіраўніка СССР генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева, таму выключалася любая магчымасць вяртання да загалоўка, у якім кампрэсіўна выяўлена аўтарская інтэнцыя: Леаніды вернуцца да Зямлі толькі тады, калі знікне варожасць, калі перастане ліцца кроў і не будуць гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі.

Вось вялікія тамы (7-ы і 8-ы) з раманам «Каласы пад сярпом тваім». Аб'ём твора несупастаўны з тымі тэкстамі, якія былі апублікаваны ў 1960-я гады і цяпер вывучаюцца ў школе.

Вось развагі Караткевіча з кнігі «Зямля пад белымі крыламі» (будучы 12-ы том), якія адсутнічаюць ва ўсіх выданнях: «Лес, што закрывае далягляд, абмяжоўвае кругазор, — чужы стэпавіку. Бязмежная роўнядзь, далягляд, стэп — вось ягоная стыхія. Тут яму шырака, вольна, люба, ёсць дзе размахнуцца, ёсць куды кінуць позірк. Беларус адчувае сябе на бясконцай раўніне пуста, гола і нібы сіратліва. Ён прывык быць закрытым, хаця з аднаго боку, зялёнай або нават сіняй ад далечы лясной сцяной. Любіць далі, але тыя, што адкрываюцца з узгорка, з высокага берага ракі або хаця з вышкі ляснога даглядчыка. У яго характары менш размаху, шырыні, зухаватасці, але затое паглыбленая ўвага да самых нязначных дробязяў у коле ўсяго жывога. Назіральнасць, мройлівасць, прыроджаны рамантызм нараджаюць у яго характары пэўную «фантастычнасць», ці што, і спакойную храбрасць». Ці ж не варты апублікавання такі погляд Караткевіча на беларуса і яго характар? Асабліва з улікам кантэксту, з якога ўзяты прыведзены фрагмент.

Вось захопленае слова пісьменніка пра Рыгора Шырму ў эсэ «Наш дзядзька Рыгор» (у прыжыццёвай публікацыі нават назва была знятая): «Ён грамадзянін. Калі б ні прыйшоў да яго — ён заўсёды паможа. Ніколі ён не абмяжоўваўся адной музыкай» — і той жа абзац, які будзе змешчаны ў 13-м томе: «Ён грамадзянін. Калі б ні прыйшоў да яго — ён заўсёды паможа. Першы, напрыклад, падпішацца пад лістом аб зберажэнні гістарычнага цэнтра Мінска. Бо ніколі ён не абмяжоўваўся адной музыкай». Важнасць ліквідаванай інфармацыі для публіцыстычнага твора відавочная: аўтар пацвярджае грамадзянскую пазіцыю Рыгора Шырмы, прычым выяўленую праз учынак, які і сёння заслугоўвае ўхвалення.

Прыклады можна доўжыць... А як было аўтару бачыць, што з яго твораў робяць падфарбаваныя малюнкі тагачаснай рэчаіснасці? Але, відаць, Караткевіч вымушаны быў зжывацца з гэтым, і што яму гэта каштавала, мы даведаемся, хутчэй за ўсё, яшчэ няхутка. І новае прачытанне яго твораў новымі пакаленнямі беларусаў яшчэ наперадзе, і навуковае асэнсаванне іх з пункту гледжання еўрапейскага і сусветнага літаратурнага кантэксту чакае сваіх даследчыкаў.

Безумоўна, Караткевіч мог бы стаць класікам суседніх літаратур — той жа рускай ці той жа ўкраінскай. Але ён свядома церабіў сваю беларускую сцежку, спадзяваўся на нас, яго супляменнікаў, верыў: «Як сканаю — душа застанецца».

Глыбокая і шырокая душа Караткевіча штостаронкава пазірае на нас «вачыма празарліўца» з нядаўна апублікаванага дзённіка 1965—1966 гадоў. «Не трэба, не варта наракаць» — кажа ён сам сабе і адначасова нам, бо пісаў не толькі для сябе, але і для нашчадкаў. «Не трэба, не варта наракаць» — паўторым за Караткевічам і будзем сумленна і годна рабіць сваю працу кожны на адведзеным яму лёсам месцы, бо мы народжаны тут і любім «гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай нам не дадзена, ды й непатрэбна».

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.