Вы тут

Мажлівы мазурык


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» — гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну, а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Жмак — няпэўная колькасць чаго-небудзь (сена, саломы). Жмак — гэта больш за жменю, але менш за ахапак.

Мазурык (размоўнае слова) — злодзей, махляр, ашуканец. Слова сустракаецца ў творах Івана Навуменкі.

Козыт — лёгкае раздражненне ад дотыку да скуры. Хлопчык смяяўся ад бацькавага козыту.

Пукаты — з круглява выгнутымі бакамі, паверхняй. Пукатая бочка, пукатае дно.

Мажлівы — такі, які можа адбыцца, дапушчальны. Адзіны мажлівы заезд на азёры — праз вёску.

Норт — круты паварот ракі з хуткім цячэннем. Гэтае слова ўжывае Якуб Колас у апавяданні «Малады дубок».

За вушка ды на сонейка — выкрыць некага, расправіцца з кім-небудзь, прыцягнуць да адказнасці. Беларусы яшчэ скажуць: вывесці на чыстую ваду, вывесці на белы свет, рускія — «вывернуть наизнанку».

Па самыя вушы — вельмі моцна, наскрозь (намокнуць, выпацкацца, закахацца). Беларускі аналаг — да ніткі, да касцей, з галавой, да вар'яцтва. Рускі сінонім — «без памяти». Фразеалагізм можа як варыянт ужывацца без слова «самыя» — у значэнні вельмі шмат, без меры.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.