Вы тут

Страхавы стаж, неабходны для пенсіі, будуць павялічваць


Пра магчымасць такой рэформы заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ. «Захады, якія прымаюцца ў рэспубліцы ў апошнія гады, накіраваны на фарміраванне разумення, што пенсія павінна зарабляцца, на стымуляванне работнікаў да легалізацыі працоўнай дзейнасці і сваіх прыбыткаў, — каментуе намеснік міністра. — На жаль, нашы грамадзяне, калі згаджаюцца на працу без афармлення адносін і атрыманне заробкаў у «канвертах», не задумваюцца пра тое, што іх чакае ў будучыні».

Правілы для тых, хто працуе дома...

Адзіная крыніца фінансавання пенсій — узносы наймальнікаў і работнікаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. На пенсіі ідзе каля 77 працэнтаў сродкаў пазабюджэтнага фонду сацабароны насельніцтва. За дзевяць месяцаў гэтага года на такія мэты было выдаткавана больш за 61 мільярд рублёў. Таму заканадаўства прадугледжвае, што ўмовы налічэння выплат са сродкаў сацыяльнага страхавання могуць уключаць патрабаванні аб мінімальным перыядзе платы ўзносаў да прызначэння выплат.

Для тых, хто ўладкаваны афіцыйна, павышэнне абавязковага стажу, на думку міністэрства, істотна нічога не зменіць. Неабходныя цяпер 15 гадоў стажу меншыя за перыяд працоўнай актыўнасці работніка. А сярэдні тэрмін атрымання пенсіі складае 21 год. У страхавы стаж залічваюцца перыяды працы ў Беларусі, а таксама на тэрыторыі СССР да 1 студзеня 1992 года.

Людзям, якія ўжо на пенсіі ці збіраюцца на яе ў найбліжэйшы час, турбавацца не варта. Пры разглядзе пытання аб праве на выплаты па ўзросце прымяняецца заканадаўства, што дзейнічае на дату прызначэння пенсіі.

Да асобных катэгорый грамадзян агульныя патрабаванні да стажу не прымяняюцца. Напрыклад, у дачыненні маці, што выхоўвалі дзіця-інваліда. Паводле заканадаўства, такія жанчыны, калі яны даглядалі малога з асаблівасцямі ў развіцці не менш за восем гадоў у перыяд да яго паўналецця, маюць права выйсці на пенсію па ўзросце ў 50 гадоў. Для гэтага стаж павінен складаць мінімум 20 гадоў, з іх не менш за пяць — з выплатай абавязковых страхавых узносаў у пазабюджэтны фонд сацабароны насельніцтва. У 20-гадовы стаж уключаюцца перыяды працы, навучання ва ўстановах адукацыі дзённай формы, знаходжання ў водпуску па доглядзе малых да трох гадоў, догляду дзіцяці-інваліда ці інваліда першай групы.

Валерый Кавалькоў нагадаў, што пенсія па ўзросце прызначаецца з дня звяртання па яе. Для вылічэння выплат бярэцца заробак работніка па звестках фонду сацабароны насельніцтва (сёлета заработная плата вылічаецца за апошнія 21 год запар стажу, у 2016-м — за 22 гады, у 2017-м — за 23). Тыя, хто мае права на розныя дзяржаўныя пенсіі (напрыклад, ваенную і па ўзросце), згодна з артыкулам 6 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні», можа атрымліваць толькі адну з іх на свой выбар.

... і за мяжой

Ці можа беларус, які працуе за мяжой, разлічваць на беларускую пенсію? Аказваецца, можа. Пры ўмове, што ён самастойна плаціць страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду і такім чынам фарміруе свае пенсійныя правы. Такая магчымасць прадастаўлена са жніўня 2006 года. Сёння сродкі на страхаванне ў Беларусі пералічваюць 714 суайчыннікаў, якія ўладкаваліся ў іншых краінах. Памер абавязковых узносаў — 29 працэнтаў ад прыбытку. Але калі ўзносы выплачваюцца з даходу, ніжэйшага за мінімальны заробак, стаж будзе скарэктаваны ў бок змяншэння.

Увогуле, права на пенсію ў Беларусі маюць грамадзяне, якія пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі. Падстаў, каб тыя, хто выехаў на ПМЖ у іншыя краіны, атрымлівалі ў перыяд часовага знаходжання ў рэспубліцы выплаты па ўзросце, няма.

Міжнародныя дагаворы ў галіне пенсійнага забеспячэння наша краіна мае амаль з усімі дзяржавамі, што раней уваходзілі ў СССР (за выключэннем Грузіі і Эстоніі). Кожны квартал за мяжу (у асноўным у Расію, Латвію і Літву) пераводзяцца выплаты амаль 5,3 тысячам атрымальнікаў на суму 11,5 мільярда рублёў. На месцы пенсія выдаецца ў нацыянальнай валюце краіны пражывання грамадзяніна.

Сёння вядзецца праца па заключэнні пенсійнага дагавора ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Разглядаюцца прапановы па падпісанні падобных дагавораў з Чэхіяй, Польшчай і Эстоніяй.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.