Вы тут

Ты — маё «маё», або Чужым уваход забаронены!


Апошнім часам усё часцей прыходжу да высновы, што большая частка шлюбаў у нас пабудавана менавіта на дыктатуры. Прычым дыктатуры жаночай. Няважна, як яна праяўляецца: у выглядзе канкрэтных, яўных забарон і жыцця «па секундамеры» — з істэрычнымі допытамі, абнюхваннем кашуль і рэвізіяй кішэняў ці як вытанчаная гульня на нервах — з выдатна зрэжысіраванымі «сардэчнымі прыступамі» і «страчваннем прытомнасці»... Мэта адна — поўнае і канчатковае падпарадкаванне «свайго мужчыны». Крок улева, крок управа — расстрэл, падскок на месцы расцэньваецца як спроба адляцець... Часам, каб вывесці мужа на «чыстую ваду» і абвінаваціць ва ўсіх існуючых і неіснуючых грахах, жанчына так хітра расстаўляе сеткі, што ён, бедны, пападаецца на раз-два, не паспеўшы нават «нашкодзіць». Вось пасля гэтага і пачынаецца сапраўднае пекла.

28-19

Як гэта ні дзіўна, мужчыны ў большасці сваёй істоты наіўныя і даверлівыя і шчыра адгукаюцца на каварныя прапановы сваіх жанчын «паплакацца ў камізэльку» і «выкласці ўсё начыстую» — маўляў, «тады табе за гэта нічога не будзе». Мой асабісты жыццёвы вопыт падказвае, што ўсё адбываецца з дакладнасцю наадварот. Ні адзін дыктатар не даруе здрады: ён за гэта помсціць, прычым бязлітасна.

Зразумейце мяне правільна, я — не за мужчын, а супраць уласніцтва і замаху на асабістую прастору ўвогуле. У рэшце рэшт, муж — таксама чалавек і мае права на маленькі пакойчык з надпісам «іншым уваход забаронены». Людзі ўвогуле нараджаюцца свабоднымі і жывуць свабоднымі. Да шлюбу. Потым на іх надзяваюць нябачныя, але вельмі адчувальныя ланцугі, прыплятаючы сюды ні ў чым не вінаватага Гіменея. Я, безумоўна, за адказнасць. Але і за давер. Ну, нельга сілком прымусіць мужчыну сядзець каля вашых каструль і патэльняў ці назіраць, як вы накручваеце валасы на бігудзі... Лепш ён у гэты час «сходзіць» у інтэрнэт і перадасць прывітанне сябру. Ці аднакласніцы. Так-так, той загарэлай бландзінцы са здымка, які вы бачылі краем вока... Безумоўна, яму прыемна яе ўвага. Яна ж не бачыць ні яго лысіны, ні піўнога жывоціка, ні старых «трэнікаў». Яна арыентуецца толькі на фота (дзесяцігадовай даўнасці) на экране. І для яе ён ранейшы Пеця—Коля—Дзіма, гумарыст і завадатар, які выдатна гуляў у валейбол, выдумляў прыкольныя пародыі на аднакласнікаў і адным сваім позіркам прымушаў дзявочыя сэрцы біцца часцей... Дарэчы, вельмі верагодна, што і сама бландзінка важыць зусім не 53 кілаграмы, таму наўрад ці пажадае расчароўваць вашу каштоўную «палавіну» асабістай сустрэчай, а значыць, далей за бяскрыўдную перапіску справа не пойдзе. А калі нават яго аднакласніца і сапраўды ўся такая супермадэль... Што перашкаджае і вам заняцца сабой? Ну хоць бы перастаць паглынаць булачкі, седзячы перад тэлевізарам, і пачаць выконваць просценькія фізічныя практыкаванні?

Магчыма, наступная сентэнцыя вас не супакоіць, але людзі па натуры сваёй — істоты палігамныя. Прычым, і мужчыны, і жанчыны. Безумоўна, многім хацелася б, захоўваючы ўласную палігамнасць, бачыць у якасці спадарожніка жыцця толькі манагамны варыянт (інакш кажучы, аднажэнца, ды яшчэ і без «шкодных» думак). Але так не бывае. І калі аб усім гэтым пастаянна перажываць, можна проста звар'яцець.

Адна жанчына-псіхолаг некалі сказала: чым мацней нацягваць «ланцуг», на якім «навязаны» твой мужчына, тым далей ён адбяжыць, калі аднойчы вырвецца. Ад дыктату рана ці позна можна стаміцца. Прыкладаў, калі ўзорны бацька сямейства раптам з'язджае з катушак і пускаецца ва ўсе цяжкія, колькі заўгодна... Прывяду толькі адзін, але вельмі паказальны. Мая знаёмая па імені Тамара ў вольны час любіла пагартаць запісную кніжку мужа, спадзеючыся знайсці там кампрамат — у выглядзе незнаёмых жаночых імёнаў і нумароў тэлефонаў. Рабіла яна гэта віртуозна, звычайна падчас наведвання мужам прыбіральні ці ваннага пакоя, паколькі іншай магчымасці не было — кніжка заўсёды ляжала ў яго партфелі... І, як той казаў, «за што баролася, на тое і напаролася»: аднойчы, разгарнуўшы нататнік, убачыла незнаёмыя ініцыялы — С.Б., якія адразу ж падаліся падазронымі, а побач з імі нумар тэлефона. Ледзь дачакаўшыся, пакуль муж зноў скрыецца ў запаветнай кабінцы, Тамара кінулася да тэлефона, але па адзначаным нумары ніхто не адказаў. Упэўненая, што тэлефануе палюбоўніцы мужа, яна націскала і націскала на кнопкі, а ў адказ чула доўгія гудкі. Бліжэй да поўначы, даведзеная да адчаю сваімі ж хваравітымі фантазіямі і да глыбіні душы абураная тым, што нехта асмеліўся паквапіцца на яе «ўласнасць», Тамара вырашыла пайсці ў наступленне. Прыціснуўшы мужа да сценкі (у прамым і пераносным сэнсе), яна хіба што не абцугамі спрабавала выцягнуць з яго прызнанне. Муж не здаваўся, бажыўся, што не ўяўляе каму належаць гэтыя праклятыя «С.Б.». Праз некалькі гадзін допытаў ён не вытрымаў — выбег на балкон і скокнуў адтуль, дзякуй Богу, гэта быў першы паверх... Толькі раніцай, гадзін у дзевяць, Тамары, нарэшце, «пашанцавала» — на тым канцы проваду знялі трубку. Бадзёры жаночы голас паведаміў, што яна патэлефанавала ў службу быту (відавочна, гэта і азначала С.Б.). Інцыдэнт быў вычарпаны, а вось муж да Тамары вярнуўся не хутка...

Дарэчы, усё тая ж разумная жанчына-псіхолаг ні разу не задала свайму спадарожніку жыцця пытання «дзе ты быў?» (калі той дзесьці затрымліваўся), кіруючыся простым правілам: калі не хочаш пачуць хлусню — ні аб чым не пытайся. Самае цікавае, што менавіта муж першым пачынаў нервавацца праз яе «абыякавасць» і спяшаўся расказаць пра тое, як прайшоў дзень... Магчыма, пры гэтым крыху хлусіў. «Але ж, — гаварыла яна, — рабіў ён гэта, каб зберагчы МОЙ спакой і НАШЫ адносіны. У рэшце рэшт, усё астатняе не так ужо і важна».

Мудрасці гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць...

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.