Вы тут

Ці стануць пад'езды прасторай, свабоднай ад рэкламы?


За 6 месяцаў гэтага года беларускі рэкламны рынак прадэманстраваў па паказчыках даходнасці адмоўны рост. Прадпрыемствы выдаткавалі на рэкламу за паўгоддзе крыху больш за 1 трлн рублёў, што склала ў супастаўных цэнах толькі 86%. Гэта адбылося ўпершыню з 2009 года. «Характэрна, што «праселі» не толькі вонкавая рэклама і рэклама на тэлебачанні, але і рынак інтэрнэт-рэкламы, які ў апошнія гады развіваўся найбольш імкліва. Пра гэта паведаміла журналістам намеснік міністра гандлю Ірына НАРКЕВІЧ.

Рэкламныя бюджэты вытворцаў айчынных прадуктаў харчавання скараціліся ў супастаўных цэнах на 9%, вытворцаў адзення — на 16%, рознічнага гандлю — на 17%, а вытворцаў скургалантарэйных вырабаў і абутку — удвая. Рэклама айчынных вытворцаў на тэлебачанні скарацілася на 65%.

— У такой сітуацыі прыняцце захадаў, якія абмяжоўваюць размяшчэнне рэкламы і пазбаўляюць магчымасці зарабіць, можа здацца не зусім своечасовым. Тым не менш Міністэрства гандлю будзе ўзмацняць кантроль за дакладнасцю рэкламы, — падкрэсліла Ірына Наркевіч. — У першую чаргу гэта тычыцца інфармацыі аб кошце і ўласцівасцях тавараў і паслуг.

У прыватнасці, яна згадала факты, калі падчас маштабных распродажаў гандаль, у тым ліку інтэрнэт-крамы, указваюць завышаны працэнт зніжкі. Пры гэтым намеснік міністра звярнула ўвагу на тое, што міністэрства мае намер дзейнічаць акуратна і падыходзіць да вырашэння пытанняў аб адказнасці ўзважана: «Стаўка будзе зроблена на павышэнне прававой адукаванасці зацікаўленых асоб. Цяпер самае галоўнае для бізнесу — стабільнасць, каб устаноўленыя «правілы гульні» былі празрыстыя і ўсім зразумелыя».

Ірына Наркевіч нагадала, што ў краіне даўно дзейнічае забарона на рэкламу рэцэптурных лекавых сродкаў. Але пасля таго, як быў уведзены жорсткі кантроль за рэцэптурным водпускам лекаў у аптэках, гэтыя прэпараты пачалі прапаноўваць набываць праз інтэрнэт.

«Таму Мінгандлю разам з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам па падатках і зборах сталі адсочваць такія выпадкі і прыцягваць парушальнікаў да адказнасці. Але мы зразумелі, што адказнасць за гэтую рэкламу недастатковая, і ініцыявалі ўнясенне паправак аб павелічэнні штрафаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях», — распавяла Ірына Наркевіч.

Таксама Міністэрства гандлю выступае за абмежаванне рэкламы ў паштовых скрынях. Па словах Ірыны Наркевіч, у іх ведамства паступае досыць шмат скаргаў на назойлівую рэкламу і прапановы забараніць распаўсюджванне рэкламных улётак у жылых дамах. Людзі таксама выказваюць незадаволенасць з нагоды таго, што друкаваная прадукцыя часта проста раскідана ў пад'ездзе і такое смецце ніхто не прыбірае.

— Разам з тым гэтае пытанне неадназначнае, бо частка людзей згодная атрымліваць рэкламу. Напрыклад, іх цікавяць зніжкі ў найбліжэйшай краме. Чаму мы павінны пазбаўляць іх такой магчымасці? Пры ўвядзенні нейкай абмежавальнай нормы трэба ўлічваць усе меркаванні, — адзначыла намеснік міністра. — Зараз міністэрства сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі прапрацоўвае розныя варыянты.

А пакуль што незадаволеныя могуць звяртацца ў суд, каб разабрацца з кампаніяй, якая назойліва рэкламуе свае паслугі. Але ж ці гэта выйсце?

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.