Вы тут

У Сенненскім раёне з'явілася паслуга "Суразмоўнік на гадзіну"


Ідэя прыйшла з гарадскога пасёлка Багушэўск ад супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян. «У будні ўнукі ў школе, дарослыя дзеці на працы — пенсіянеры дома адны сядзяць. Пачынаюць лісты пісаць ва ўсе ўстановы, бо няма чым заняцца. Трэба ім кампанію скласці, каб не адчувалі сябе пакінутымі», — тлумачаць работнікі аддзялення.

Як пажылым не даюць засумаваць на пенсіі? На адзін дзень карэспандэнты «Звязды» далучыліся да «суразмоўнікаў» і пагасцілі ў мясцовых старых.
28-54

 Антаніна Глебаўна нават на пенсіі сочыць за дзейнасцю лясгаса, дзе некалі працавала

 

Два спецыялісты на ўвесь раён

Будынак, дзе месціцца аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых, некалі быў маёмасцю ЖКГ. Цяпер тут распачалі рамонт: зрабілі невялікую кухню, павесілі паліцы, якія ўжо запоўнены ручнымі вырабамі багушэўскіх бабуль.

— Але ж не ўсе могуць прыйсці да нас, — кажа загадчыца аддзялення Галіна АВЕРЧАНКА. — Адным здароўе не дазваляе, іншыя жывуць у аддаленых населеных пунктах. Вось мы і вырашылі самі да іх выязджаць. Думалі ахапіць толькі Багушэўск, але ў выніку працуем на ўвесь раён.

У аддзялення ёсць нават свой службовы транспарт — сінія «жыгулі». Машына — з ліку спісанай тэхнікі, дасталася ад абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў.

Пра старых, якім не хапае стасункаў, даведваюцца па-рознаму. Дзесьці самі грамадзяне ці іх суседзі патэлефануюць, дзесьці сацыяльныя работнікі падкажуць. Спецыялісты таксама звязваюцца з раённымі бальніцамі, сельсаветамі, вясковымі старэйшынамі, каб тыя падказалі, каму патрэбны «свабодныя вушы». Паслуга бясплатная.

— На ўсіх, вядома, нас не хопіць. У аддзяленні ўсяго два чалавекі: загадчыца і я, — далучаецца да размовы Любоў ТРУБЕКА. — Таму падключаем валанцёраў з ліку пажылых. Цікавімся, хто чым жыве, і зводзім людзей з падобнымі інтарэсамі. Хоць паслуга і называецца «суразмоўнік на гадзіну», але гэта не значыць, што наш візіт мусіць доўжыцца менавіта столькі. У кагосьці і на некалькі гадзін можам затрымацца, а іншым і 15 хвілін дастаткова: чалавек стамляецца гаварыць.

«Усё ёсць... Здароўя няма»

Едзем да першай кліенткі. 88-гадовая Дар'я Ягораўна Казімірава жыве разам з дачкой. Дачка ўжо сама пенсіянерка, але пакуль працуе. Вось і сёння жанчына пакінула на стале абед для маці, укруціўшы ў світар, каб не астыў, і пабегла па справах. А Дар'я Ягораўна засталася дома: старая нядаўна перанесла інсульт, таму на вуліцу амаль не выходзіць.

Пенсіянерка, заўважыўшы нас, усхвалявалася, ажно сэрца прыхапіла: столькі гасцей у хаце! І, як сапраўдная гаспадыня, пачала нас частаваць.

— Вазьміце на стале грушы, цэлая куча там, — паказвае Ягораўна ў бок кухні. — Гэта ж не куплёнае, сваё.

Пенсіянерка пераехала ў Багушэўск з іншай вёскі. Сумуе па сваёй хаце, хоць і няма сіл яе даглядаць. «І цяпер хачу туды з'ездзіць, — дзеліцца старая. — А дачка кажа: «Мама, там усяго два чалавекі». А тут у мяне ўвогуле знаёмых няма».

Жанчына выхавала траіх дзяцей: дзвюх дачок і сына. Усім дала адукацыю: для пенсіянеркі, якая сама адвучыцца не змагла, гэта было вельмі важна.

— Цяпер аднаго народзяць і войкаюць: няма чым карміць. Як няма чым? Рукі ёсць, ногі ёсць. Ідзі зарабі! — абураецца Дар'я Ягораўна.

Сама старая ў свой час, як яна кажа, была «дурная на працу». Колькі гадоў у калгасе прарабіла за «палачкі». Грошай не было, таму заробак збожжам выдавалі або бульбай. «А потым я ў іншы перавялася. Там сапраўдныя капейкі атрымлівала, ужо паліто змагла купіць», — узгадвае бабуля.

Ад радасці, што знайшла новых суразмоўнікаў, пенсіянерка выдала нам ледзь не ўсю сваю біяграфію. На цяперашняе жыццё Дар'я Ягораўна не скардзіцца. «Нам бы толькі пажыць, — уздыхае яна. — Усё ёсць... Здароўя няма».
28-53

 На далонях Дар'я Ягораўна трымае частку сваёй біяграфіі.

 

Крыжаванкі пад лупай

— А што вы не спяваеце? — сустракае нас ў парозе наступнай хаты Антаніна Глебаўна Галісянкова. — Давайце, пачынайце, а я буду падцягваць.

Даведаўшыся, што мы без музыкі, бабуля нават крыху засмуцілася. Супрацоўнікі аддзялення паабяцалі, што наступным разам абавязкова прыхопяць з сабой баян (тым больш музычны візіт паслуга таксама прадугледжвае).

Антаніна Глебаўна жыве замкнёна. З хаты выходзіць, толькі калі трэба ў краму. А пра жыццё суседзяў яна і седзячы на канапе даведацца можа.

— Мой агляд — тры акны! — смяецца пенсіянерка.

— А да сябровак не ходзіце?

— Сяброўкі ўжо ўсе на могілках. Цяпер во (паказвае на тэлевізар) — адна скрыня.

На століку ля тэлевізара — стос часопісаў з крыжаванкамі. І лупа. Старая кажа, што зяць не тыя часопісы прывёз, з дробным шрыфтам, вось і даводзіцца пад павелічальным шклом словы расчытваць. Работнікам аддзялення Антаніна Глебаўна прапанавала пагартаць фотаальбомы: раптам каго знаёмага на здымках убачаць?

— Вось унук мой з дзяўчынай. Прыгожая пара была б. Я яе ўжо за радню лічыла, а яны разбегліся... — перабірае фотаздымкі. — А гэта я і мае аднагодкі ў шосты клас ідзём. Глядзіце, якія пераросткі былі (падлеткі на здымку сапраўды хутчэй падобны да студэнтаў. — Аўт.)!

Некалі пенсіянерка працавала ў тутэйшым лясгасе. Узгадвае, што ў тыя гады гаспадаркай можна было ганарыцца. Лясгас быў на першым месцы ў рэспубліцы. У адміністрацыйным будынку душы стаялі, аўтаматы з газіраванай вадой. І безадходная вытворчасць была наладжана. Непатрэбныя галінкі драбнілі ў муку і дабаўлялі ў камбікорм... А цяпер, перажывае старая, ніводнага спецыяліста не засталося. Крыўдуе, што лясгас не клапоціцца пра сваіх былых работнікаў. Калі хадзіла дровы прасіць — не далі. Толькі за свае грошы, сказалі, купляйце.

— Дзякуй, што прыехалі. Але ж навін ніякіх не прывезлі, — ужо развітваючыся, робіць нам заўвагу Антаніна Глебаўна. Запэўніваем, што ўлічым усе пажаданні.

Замест Дома культуры — крама

Наш апошні прыпынак — суседняя вёска Цыпкі. Раней тут знаходзілася будаўнічая арганізацыя. Працы хапала, таму і людзей шмат было. А як прадпрыемства закрылася, усе паз'язджалі ў Оршу ці Віцебск.

— Вунь былы інтэрнат для работнікаў. А праз дарогу — завод закінуты, — паказвае тое, што засталося ад некалі прывабнага мястэчка, Любоў Емяльянаўна.

У Цыпках запланаваны калектыўны прыём. Валанцёры вязуць канцэрт мясцовым пенсіянерам. Праўда, праблема ўзнікла: дзе сабрацца? Дома культуры ў Цыпках няма. Адзінае памяшканне, прыдатнае для канцэрта, — вясковая крама. Гледачы ўжо падцягнуліся. Бабкі (дзядоў у такім узросце адзінкі) размясціліся ўздоўж прылаўкаў.

Пасля песень і баек, што прывёз клуб «Спявай, душа», людзі не разыходзяцца. Абступаюць работнікаў аддзялення і дзеляцца праблемамі. Больш за ўсё вяскоўцаў хвалюе закрыццё фельчарска-акушэрскага пункта, якое здарылася літаральна тыдзень таму.

— У ФАПе хлопец малады працаваў, на размеркаванне прыехаў. Некалькі месяцаў пабыў, і яго ў армію забралі. А ФАП закрылі. Што нам цяпер рабіць? — скардзяцца месцічы.

Любоў Емяльянаўна ўсё запісвае: «Будзем разбірацца».

...Па дарозе ў аддзяленне Галіна Анатольеўна заўважае, што паслуга «суразмоўнік на гадзіну» дазваляе пенсіянерам не толькі выказацца пра тое, што іх хвалюе, але і атрымаць рэальную дапамогу. «Спрацоўваем, як служба хуткага рэагавання, — кажа яна. — Мы падказваем пажылым, куды звярнуцца са сваёй праблемай, як правільна аформіць неабходныя паперы, каб пытанне разгледзелі. Або самі спрабуем дастукацца да ўлады: нам дзесьці гэта лягчэй зрабіць, чым простаму чалавеку».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Сенненскі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.