Вы тут

Бязмежныя далягляды


Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай былі ўсталяваны ў 1992 годзе. Але за такі невялікі, як падаецца, адрэзак часу развіццё стасункаў з Кітаем стала прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: краіны рэгулярна абменьваюцца візітамі на вышэйшым узроўні, ажыццяўляюць актыўны міжпарламенцкі дыялог, дынамічна развіваць міжведамасныя кантакты. Кітай — пяты па значнасці міжнародны гандлёвы партнёр Беларусі па-за краінамі СНД.

Культурны абмен паміж нашымі народамі пачаўся значна раней. Праз мастацкі пераклад, спасціжэнне шматвекавой мудрасці і асаблівасцей светабачання. Літаратура — гэта адлюстраванне ментальнасці этнасу, уяўленняў пра светабудову і лад жыцця. Да таго ж знаёмства з творамі замежнага аўтара стымулюе цікавасць да яго радзімы, вытокаў. «Круглы стол» «Кітайская літаратура ў Беларусі», які прайшоў у Выдавецкім доме «Звязда», якраз і быў прысвечаны самым актуальным пытанням беларуска-кітайскага культурнага ўзаемадзеяння, традыцыям і спецыфіцы перакладу літаратурных твораў, праблеме фарміравання перакладчыцкіх школ. Вялікае значэнне ў гутарцы надавалася і кітайскай маўленчай практыцы, падрыхтоўцы перакладчыцкіх кадраў у беларускіх ВНУ, «кітайскай» тэме ў СМІ, выданням кітайскіх аўтараў на беларускай мове.

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч адзначыў вялікую цікавасць і адкрытасць да ўзаемадзеяння з кітайскім бокам, расказаў пра ўпэўненыя крокі па рэалізацыі культурнага супрацоўніцтва: «Сёлета Кітайская Народная Рэспубліка стала ганаровым госцем ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі, 45 кітайскіх выдаўцоў прадставілі больш за 5 тысяч кніг, падпісана дамова аб выданні ўзаемных перакладаў літаратурных твораў Кітая і Беларусі ў 2015—2020-х гг. На дадзены момант ужо пабачылі свет аўтарская анталогія Міколы Мятліцкага «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая», анталогія кітайскай літаратуры ХХ стагоддзя на беларускай мове «Стагоддзе на знаёмства», чатыры кнігі серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая»: пераклады паэзіі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Цына. Зараз да друку падрыхтаваны зборнік паэзіі Лі Хэ ў перакладах Алены Раманоўскай, Леаніда Дранько-Майсюка, Таццяны Сівец, Юліі Алейчанка. Прычым Алена Раманоўская перакладала свайго любімага паэта непасрэдна з арыгінала, а для астатніх паэтаў-перакладчыкаў зрабіла падрабязныя падрадкоўнікі з грунтоўнымі каментарыямі, што тлумачаць гістарычныя і міфалагічныя рэаліі кітайскага народа. Нечаканай радаснай навіной для нас стала знаходка ў хатнім архіве родных Анэлі Тулупавай рукапісу кнігі перакладаў кітайскай паэткі ХІІ стагоддзя Лі Цынджаа, здзейсных самой Анэляй Іванаўнай, а таксама Вольгай Іпатавай, Нінай Загорскай, Яўгеніяй Янішчыц. Таму вырашылі зрабіць зборнік перакладаў Лі Цынджао яшчэ адной кнігай серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая». У планах — перакласці сучаснага аўтара Ван Го Джы. Спадзяёмся, што ў дамове з аўтарскімі правамі нам дапаможа Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ».

Важнасць універсітэцкіх асяродкаў у справе сучаснай культурнай камунікацыі падкрэсліў літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ Мікалай Хмяльніцкі: «Беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі маюць даўнюю гісторыю. Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя беларускія чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з перакладамі твораў «Даа з гор Лаа» і «Гульня мячом у падводным царстве» на старонках газеты «Наша Ніва». Далей былі пераклады Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Брыля, Васіля Віткі, Янкі Сіпакова, Рыгора Барадуліна і іншых мастакоў слова. Паступова знаёміліся беларусы і з дасягненнямі сусветнай сіналогіі — працамі В. Аляксеева, М. Конрада, Б. Васільева, А. Штукіна. Да нядаўняга часу ў Беларусі працавалі два Рэспубліканскія інстытуты імя Канфуцыя (пра БДУ і МДЛУ). Не так даўно Беларусь улілася і ў сетку спецыялізаваных Інстытутаў Канфуцыя — у 2013 г. адчыніў дзверы Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ з красамоўным дэвізам: «Веды, назапашаныя стагоддзямі, даступныя кожнаму». Філалагічны факультэт БДУ — таксама своесаблівы асяродак творчай моладзі, якая імкнецца спазнаваць свет, знаёміцца з прадстаўнікамі іншых народаў. Навучэнцы і выпускнікі спецыяльнасці «Усходняя філалогія» маюць магчымасць пабываць на стажыроўках у Кітаі, бо без жывой камунікацыі вывучэнне мовы не можа быць максімальна эфектыўным. Універсітэцкія цэнтры ва ўсе часы гуртавалі вакол сябе творчую і навуковую эліту. Нам неабходна наладжваць больш трывалыя кантакты з універсітэтамі Пекіна, Шанхая і іншых культурных цэнтраў».

Пра дзейнасць перакладчыцкага гуртка пры кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ распавяла выкладчыца Ганна Холева: «Аснову нашага гуртка склалі навучэнцы трэцяга і чацвёртага курсаў. Сваю дзейнасць мы пачалі з паэзіі і адабралі каля дваццаці вершаў вядомага кітайскага паэта Сюй Чжымо. Для таго, каб дапамагаць студэнтам з перакладамі ў рэжыме анлайн і пастаянна быць з імі на сувязі, мы стварылі суполку ў вядомай сацыянальнай сетцы (vk.com/club104594804). Усе пераклады мы размяшчаем у гэтай суполцы, такім чынам, удзельнікі могуць абмяркоўваць цяжкасці, знаёміцца з перакладамі сваіх аднадумцаў. На сёння перакладзена каля дваццаці вершаў, некаторыя хутка пабачаць свет у часопісе «Маладосць». Мы ўпэўнены, што гэта толькі пачатак, і будзем рабіць усё, каб перакладчыцкая дзейнасць гуртка пашыралася».

Да таго ж намаганнямі Ганны Холевай і Дар’і Нечыпарук (таксама выкладае ў БДУ) створана суполка «Беларускіх кітаязнаўцаў і перакладчыкаў» на сайце Yiyanwang (дамен сайта www.cctss.org), які з’яўляецца праектам Міністэрства культуры КНР і аб’ядноўвае вялікую каманду кітаязнаўцаў і перакладчыкаў розных краін. «Мы размяшчаем інфармацыю, якая мае сувязь з літаратурнымі і культурнымі адносінамі нашай краіны і Кітая. Асвятляем дасягненні маладых перакладчыкаў, навіны, культурныя і літаратурныя мерапрыемствы. Такім чынам, мы маем магчымасць данесці інфармацыю пра нас да шырокага кола карыстальнікаў усяго свету і разам з тым лёгка атрымаць неабходную і цікавую інфармацыю», — канстатуе Дар’я Барысаўна.

Сапраўдным падарункам для ўсіх аматараў кітайскай мовы, а таксама для кітайскіх слухачоў, якія цікавяцца беларускай культурай, стала падзея стварэнне кітайскага вяшчання на Беларускім радыё. У многім гэта адбылося дзякуючы літаратурным сувязям галоўнага дырэктара замежнага вяшчання Беларускага радыё Навума Гальпяровіча — вядомага паэта і перакладчыка, якому ў свой час пашчасціла пазнаёміцца ў Пекіне з Гаа Манам — верным сябрам нашай літаратуры, які перакладаў вершы Максіма Танка. Дапамагаў у арганізацыі вяшчання і выкладчык БДУ, мастак і паэт Лі Цзо.

Мастацкі пераклад — галоўны пасярэднік паміж дзвюма сістэмамі мыслення, светабачання. Лепш за ўсё асаблівасці ментальнасці, нюансы псіхалогіі можна зразумець праз твор мастацтва. Да таго ж нельга забывацца і на асветную, адукацыйную, выхаваўчую функцыі перакладаў з іншых моў. Мастацкія пераклады — яшчэ і крыніца ўзбагачэння нацыянальнай літаратуры: на ўзроўні тэм, ідэй, вобразаў, фармальных і стылёвых пошукаў. Аказваюць яны станоўчы ўплыў, безумоўна, і на фарміраванне літаратурнай мовы. Вельмі складана перакладаць сапраўдную паэзію, бо, па словах Алеся Разанава, «трэба перакладаць не словы і не строфы, а тое, што «перакладаюць» яны, вершы, — сэнс, гукасэнс, духасэнс». Гэтую думку пацвярджае перакладчыца Алена Раманоўская: «Кітайская паэзія мае шмат асаблівасцей, якія надаюць ёй надзвычайную выразнасць і якія вельмі цяжка (а часам і зусім немагчыма) перадаць сродкамі еўрапейскіх моў. Перш за ўсё, гэта выразнасць іерагліфічнай пісьмовасці. Іерогліфы складаюцца з графем, якія, у сваю чаргу, маюць уласнае значэнне. Дзякуючы гэтаму існуе такі прыём, як выкарыстанне аднолькавых графем (так званыя графічныя рыфмы), што дазваляе чытачу з першага погляду здагадацца пра тэматыку верша. Па-другое, гэта насычанасць кітайскіх вершаў алюзіямі, схаванымі цытатамі (у адрозненні ад еўрапейскай паэзіі: чым болей цытат з папярэдніх твораў ужываў аўтар, тым вышэйшую адзнаку атрымліваў такі верш)».

Але няпроста перакладаць і сур’ёзную прозу. Не страціць нацыянальны каларыт, але і пэўным чынам адаптаваць для замежнага чытача. Студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Усходняя філалогія» філфака БДУ Алена Сцяпашкіна адчула гэта падчас працы над перакладам навел аднаго з найзнакаміцейшых пісьменнікаў традыцыйнага Кітая Пу Сунліна: «Для мяне паўстала складаная задача — зрабіць навелы зразумелымі для беларускага чытача і ў той жа час захаваць у іх кітайскую аснову, кітайскі дух. Хацелася б, каб беларус, чытаючы навелы Пу Сунліна, лёгка ўспрымаў мову, спецыфічныя выразы, але ў той жа час адчуваў, што гэта менавіта кітайская проза. Гэтая «кітайскасць» выяўляецца найчасцей у эпітэтах і параўнаннях, характэрных для іх культуры, але крыху дзіўных для нашай».

Падсумаваў сказанае ўсімі ўдзельнікамі «круглага стала» літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька: «Вельмі добра, што ўжо ёсць падрыхтаваныя на філфаку БДУ знаўцы кітайскай мовы, літаратуры і культуры. З іх дапамогай мы можам узняцца на новую ступень якасці перакладаў кітайскай мастацкай літаратуры. Хай сабе спачатку пры дапамозе падрадкоўнікаў, а там дойдзе справа і да перакладаў з арыгінала. Першыя з іх ужо ёсць. Перастварэнні з ужо зробленых перакладаў вершаў на рускай мове, якія ў нас доўгі час рабіліся, прыводзяць да павелічэння страт у змесце, скажэнняў, узрастае колькасць дададзенага ад сябе. Але ўсё ж трэба скарыстаць і тое, што было ўжо зроблена менавіта такім чынам. Вельмі добра, што адшукаўся падрыхтаваны яшчэ ў 1993 годзе, але не выдадзены, пераклад вершаў, Лі Цыньчжаа. Яго пажадана выдаць ці ў тым выглядзе, як ён быў складзены, ці з далучэннем новых перакладаў. Пераклад, зроблены паэтам, нягледзячы на ўсе перашкоды, перадае дух мастацкага твора, даносіць яго эстэтычныя вартасці. Хацелася б таксама больш рабіць і «ў другі бок», прапагандаваць беларускую мастацкую літаратуру ў Кітаі, дапамагаць у працы кітайскім перакладчыкам. Многа значаць пры гэтым асабістыя кантакты, узаемная зацікаўленаць».

Дапоўніў думку аб неабходнасці двухбаковага ўзаемадзеяння і Навум Гальпяровіч: «Думаю, што нашы стасункі трэба актыўна развіваць. Хацелася, каб і нашая літаратура часцей перакладалася на кітайскую мову. Таму трэба не толькі прапагандаваць лепшыя творы айчыннай літаратуры, а больш прыцягваць увагу нашых спецыялістаў, якія ведаюць кітайскую мову, ствараць падрадкоўнікі для прафесійных перакладчыкаў. Сумесныя стасункі прынясуць, безумоўна, вялікую карысць і для беларускай літаратуры, бо ў нашых пісьменнікаў, як класікаў, так і сучаснікаў, ёсць нямала твораў, з якімі было б варта пазнаёміць кітайскага чытача».

Бясконцая працавітасць, уменне выжываць у любых умовах, мяккі гумар — тое, што звязвае беларускі і кітайскі народы. А яшчэ, у добрым сэнсе гэтага слова, памяркоўнасць. Кітайская прымаўка сцвярджае: «Зрабі крок назад — і перад табой адкрыюцца бязмежныя далягляды». Ці не падобна гэта да беларускай мудрай звычкі не падпадаць пад уладу эмоцый і спакойна ацэньваць сітуацыю? Нават лёс кітайскіх і беларускіх класікаў вельмі падобны. Напрыклад, акалічнасці жыцця паэта Ай Цына, якія пачынаў свой творчы шлях у сярэдзіне ХХ стагоддзя, блізкія да адпаведных нашых рэпрэсіраваных творцаў… Вось і «круглы стол» «Кітайская літаратура ў Беларусі», засведчыўшы блізкасць двух народаў, абазначыў важныя праблемы культурнага ўзаемадзеяння, якія патрабуюць усебаковага разгляду і вырашэння. Аб’ядноўваючы сілы ўніверсітэцкіх цэнтраў, СМІ, кнігавыдання, гэта цалкам можна зрабіць. Сумесныя культурныя мерапрыемствы, конкурсы перакладчыкаў, анлайн-канферэнцыі з кітайскімі калегамі, творчыя камандзіроўкі і стажыроўкі за мяжой — вось ясна акрэсленыя задачы, вырашаць якія мусяць усе неабыякавыя да кітайскай культуры.

Юлія АЛЕЙЧАНКА

"Літаратура і мастацтва" №47 (4847), 27 лістапада 2015 г.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.